Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіча пад канвоем першы раз вазілі да дантыста


Мікалая Аўтуховіча могуць хутка адправіць у "Воўчыя норы" – ці пасьпеюць да таго часу дактары вылячыць вязьню зубы? Адвакаты Ўладзімера Асіпенкі і Міхаіла Казлова кажуць пра хуткае вызваленьне сваіх падабаронных. Андрэй Бандарэнка заканчвае выхад з галадоўкі.

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году.
Адвакат Павал Сапелка 16 ліпеня наведаў Мікалая Аўтуховіча ў сьледчым ізалятары. Вось што паведаміў адвакат карэспандэнту "Свабоды":

"Абвясьцілі, што 20-га ліпеня заканчваецца азнаямленьне з пратаколам судовага працэсу і гэта азначае, што потым у любы дзень яго могуць этапам адправіць у калёнію ў “Воўчыя норы”. Ці пасьпеюць да таго часу вылячыць яму зубы, невядома. Ён настойвае на лячэньні, але як яно будзе...Пачуваецца ён пакуль нармальна, калі не лічыць, што вельмі пакутуе ад сьпякоты".

Паводле Паўла Сапелкі на гэтым тыдні Мікалая Аўтуховіча пад канвоем у першы раз адвозілі да дантыстаў у клініку: вязьня аглядзелі і зрабілі яму здымак. Паслугі каштавалі 20 тысяч рублёў, якія Сапелка ўжо заплаціў. Адвакат сказаў, што на наступны тыдзень возьме яшчэ адзін талончык да дантыста для Аўтуховіча, але ці пасьпее ён ім скарыстацца – Павал Сапелка адказаць не змог. Пра тое, у якіх умовах Аўтуховіча вазілі да лекараў, адвакат нічога не паведаміў, спаслаўшыся на тое, што гэта таямніца.

Вязьні Ўладзімер Асіпенка і Міхаіл Казлоў, якія асуджаныя па адной справе з Мікалаем Аўтуховічам, неўзабаве выйдуць на волю па амністыі. Зьвесткі пра тое, што ў калёніі пад Івацэвічамі "Воўчыя норы" пачалі рыхтавацца да амністыі пацьвердзіла адвакат Асіпенкі Тамара Сідарэнка.

"Так, Асіпенка рыхтуецца выйсьці. Іх зьбіралі, тых, каго будуць выпускаць. Але дакладна калі – гэта залежыць ад адміністрацыі. Гэтыя зьвесткі я атрымала ад дачкі Асіпенкі Людмілы, якой ён даслаў ліст. Яна спадзяецца, што тата хутка будзе на волі".

Адвакат Сідарэнка ня выключыла, што пасьля выхаду на волю яе падабаронны накіруе наглядную скаргу на прысуд, зь якім ён дагэтуль быў нязгодны.

Амністыя можа дазволіць хутчэй выйсьці на волю з віцебскай калёніі "Віцьба-3" і былому міліцыянту Міхаілу Казлову, які паводле сьледзтва дапамагаў Аўтуховічу і Асіпенку. Гэта адбудзецца альбо ў пачатку жніўня, альбо нават раней, мяркуе адвакат Барыс Ляскоўскі:

"Ён падпадае пад артыкул аб скарачэньні тэрміну пакараньня на 1 год. У нас два варыянты. Калі да яго ужывуць амністыю зараз, да 8-га жніўня, то ён можа выйсьці ўмоўна-датэрмінова яшчэ раней. Калі ён усё ж гэты месяц адбудзе і амністыю ужывуць пасьля 8-га жніўня, то адразу пасьля ужываньня амністыі ён выходзіць на волю".

Актывіст АГП Андрэй Бандарэнка вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. У прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.
У параўнаньні з Асіпенкам і Казловым Андрэй Бандарэнка адбыцьцё свайго тэрміна зьняволеньня ў Бабруйскай калёніі толькі пачаў: з 6-ці год прадпрымальніку сядзець яшчэ пяць.

Нядаўна Андрэй Бандарэнка трымаў 20-дзённую галадоўку пратэсту супраць прысуду.

"Ён заканчвае выхад з галадоўкі, па зьвестках, адчувае сябе нармальна", -- паведамілі сваякі вязьня.
XS
SM
MD
LG