Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве стужкі на расейскім канале за месяц з рэзкай крытыкай Лукашэнкі – што стаіць за гэтым? На каго ў большай ступені яны разьлічаныя – на беларускага ці расейскага гледача? Ці можна чакаць наступных крокаў з боку Масквы? Гэтыя і іншыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць з Менску – галоўны рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько, з Масквы – аглядальнік газэты “Комерсантъ» Павал Шарамет. Вядзе перадачу Сяргей Навумчык.

Слухайце перадачу у эфіры ў нядзелю, а 18 па менскім часе. А зараз – фрагмэнт.


Дынько:
“Гэты фільм, мне здаецца, вельмі пэрсанальна "штурхае" Аляксандра Казуліна да кандыдаваньня на выбарах, да вяртаньня ў палітыку. І калі Казулін пад уплывам гэтага сыгналу прыме такое рашэньне, гэта будзе вызначальна для наступнай прэзыдэнцкай кампаніі. Мне здаецца, што, агулам беручы гэтыя два фільмы, яны моцна ўзбадзёрылі апазыцыю, палітычныя сілы. Бо яны пабачылі новае поле для дзеяньня.Яны атрымалі новыя надзеі. Гэта можа быць адзін з найважнейшых вынікаў гэтых двух паказаў”.

Шарамет: “ Зьяўленьне такіх фільмаў можна расцаніць яе падрыхтоўку грамадзкай думкі да нейкіх іншых крокаў у палітычнай плоскасьці ці ў эканамічнай. Спачатку людзям трэба патлумачыць, хто вораг, і чаму ён такі небясьпечны, каб потым людзі спакойна ўспрымалі нейкія крокі супраць ворага...Масква хоча аслабіць пазыцыі Лукашэнкі, каб можна было лёгка прымусіць яго да нейкіх крокаў...

Аднак я б ня стаў рабіць высновы, што ў Масквы ёсьць плян па зьмене палітычнага рэжыму ў Беларусі. Зусім магчыма, і мы такое назіралі шмат разоў, што гэта будзе кампанія ціску, якая мае на мэце не зрынаньне ўлады Лукашэнкі, а прымус да нейкіх дзеяньняў яго на пасадзе прэзыдэнта. Яго захоўваюць на пасадзе прэзыдэнта, яму не перашкаджаюць "трыюмфальна" перамагаць, але за гэта ён у межах Мытнага саюзу, палітычнага саюзу, адзінай палітычнай прасторы робіць асаступкі. Таму казаць, што мы бачым пачатак маштабнай апэрацыі Масквы ў Беларусі -- нельга.


Я абсалютна перакананы, што і Пуцін, а Мядзведзеў разумеюць: дэмакратычнымі спосабамі зьмяніць уладу ў Беларусі практычна немагчыма -- моцныя таталітарныя рэжымы не сыходзяць пад ціскам выбаршчыкаў. Пры гэтым ніхто ў Маскве ня думае прымяняць нейкія сілавыя мэтады ў адносінах да Беларусі. Гэта ня Грузія і не Кыргызстан, там сытуацыі пры Шэварнадзэ і пры Акіеве і Бакіеве ббылі гранічна нестабільныя, там дзяржавы можна было зваліць адным штуршком. Беларуская дзяржава адрозьніваецца ад Грузіі часоў Шэварнадзэ і Кіргізстану часоў Акаева і Баекіева тым, што яно маналітнае, моцнае, што абсалютна падаўлены электарат, раструшчаная, неактыўная апазыцыя. І калі ўнутры Беларусі ня ўзьнікне магутны рух вызваленьня -- канешне, Масква не пяройдзе гэтую мяжу (у арыгінала па-расейску -- "грань" -- С.Н.) . Калі ж у Беларусі пачнуцца нейкія акцыі пратэсты, альбо зьявяцца моцныя кандыдаты, якія перацягнуць на сябе значную частку электарату, дык канешне ж, Масква падыграе. Стоадсоткава падыграе! Прычым з тых размоў з экспэртамі, якая я вёў, Маскву цяпер, па вялікім рахунку, не хвалюе, гэта будзе празаходні кандыдат, альбо прарасейскі кандыдат. Галоўнае, каб гэта быў моцны кандыдат, бо ўсе разумеюць: наступны пасьля прэзыдэнта Лукашэнкі кіраўнік дзяржавы ўсё роўна будзе прамежкавай фігурай. Усё роўна гэта будзе чалавек, які нядоўга будзе ўтрымліваць уладу. І пасьля зьмены рэжыму адбудзецца пераканфігурацыя сілаў. І тады ўжо можна будзе больш адкрыта ўмешвацца на тым ці іншым баку і фінансава, і палітычна, і кадрава”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG