Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве стужкі на расейскім канале за месяц з рэзкай крытыкай Лукашэнкі – што стаіць за гэтым? На каго ў большай ступені яны разьлічаныя – на беларускага ці расейскага гледача? Ці можна чакаць наступных крокаў з боку Масквы?

Гэтыя і іншыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць: зь Менску – галоўны рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько, з Масквы – аглядальнік газэты “Комерсантъ» Павал Шарамет. Вядзе перадачу Сяргей Навумчык.

Шарамет: “ Зьяўленьне такіх фільмаў можна расцаніць як падрыхтоўку грамадзкай думкі да нейкіх іншых крокаў у палітычнай плоскасьці ці ў эканамічнай. Спачатку людзям трэба патлумачыць, хто вораг, і чаму ён такі небясьпечны, каб потым людзі спакойна ўспрымалі нейкія крокі супраць ворага...Масква хоча аслабіць пазыцыі Лукашэнкі, каб можна было лёгка прымусіць яго да нейкіх крокаў...

Аднак я б ня стаў рабіць высновы, што ў Масквы ёсьць плян па зьмене палітычнага рэжыму ў Беларусі. Зусім магчыма, і мы такое назіралі шмат разоў, што гэта будзе кампанія ціску, якая мае на мэце не зрынаньне ўлады Лукашэнкі, а прымус да нейкіх дзеяньняў яго на пасадзе прэзыдэнта. Яго захоўваюць на пасадзе прэзыдэнта, яму не перашкаджаюць "трыюмфальна" перамагаць, але за гэта ён у межах Мытнага саюзу, палітычнага саюзу, адзінай палітычнай прасторы робіць саступкі. Таму казаць, што мы бачым пачатак маштабнай апэрацыі Масквы ў Беларусі -- нельга.

Я абсалютна перакананы, што і Пуцін, і Мядзведзеў разумеюць: дэмакратычнымі спосабамі зьмяніць уладу ў Беларусі практычна немагчыма -- моцныя таталітарныя рэжымы не сыходзяць пад ціскам выбаршчыкаў. Пры гэтым ніхто ў Маскве ня думае прымяняць нейкія сілавыя мэтады ў адносінах да Беларусі. Гэта ня Грузія і не Кыргызстан, там сытуацыі пры Шэварнадзэ і пры Акаеве і Бакіеве былі гранічна нестабільныя, там дзяржавы можна было зваліць адным штуршком. Беларуская дзяржава адрозьніваецца ад Грузіі часоў Шэварнадзэ і Кіргізстану часоў Акаева і Бакіева тым, што яна маналітная, моцная, што абсалютна падаўлены электарат, раструшчаная, неактыўная апазыцыя. І калі ўнутры Беларусі ня ўзьнікне магутны рух вызваленьня -- канешне, Масква не пяройдзе гэтую мяжу. Калі ж у Беларусі пачнуцца нейкія акцыі пратэсту, альбо зьявяцца моцныя кандыдаты, якія перацягнуць на сябе значную частку электарату, дык канешне ж, Масква падыграе. Стоадсоткава падыграе! Прычым з тых размоў з экспэртамі, якія я вёў, Маскву цяпер, па вялікім рахунку, не хвалюе, будзе гэта празаходні кандыдат, альбо прарасейскі кандыдат. Галоўнае, каб гэта быў моцны кандыдат, бо ўсе разумеюць: наступны пасьля прэзыдэнта Лукашэнкі кіраўнік дзяржавы ўсё роўна будзе прамежкавай фігурай. Усё роўна гэта будзе чалавек, які нядоўга будзе ўтрымліваць уладу. І пасьля зьмены рэжыму адбудзецца пераканфігурацыя сілаў. І тады ўжо можна будзе больш адкрыта ўмешвацца на тым ці іншым баку і фінансава, і палітычна, і кадрава”.

Слухайце перадачу у эфіры ў нядзелю, а 18 па менскім часе. Цалкам тэкст на сайце Свабоды чытайце пазьней.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG