Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура ня здолела адправіць верніка ў войска


Д.Смык: "Я не адмаўляюся выканаць свой абавязак перад дзяржавай"

Д.Смык: "Я не адмаўляюся выканаць свой абавязак перад дзяржавай"

Калегія Гомельскага абласнога суду адхіліла пратэст пракуратуры на вырак суду Цэнтральнага раёну супраць верніка “Сьведкі Еговы” Дзьмітра Смыка.

31 траўня судзьдзя Цэнтральнага раёну Алена Цалкова прызнала верніка Смыка невінаватым ва ўхіленьні ад прызыву на вайсковую службу паводле артыкулу 435 Крымінальнага кодэксу – у дзеяньнях верніка ня мелася складу злачынства.

Абласная пракуратура не пагадзілася з выракам і вынесла пратэст, які сёньня й быў адхілены Гомельскі абласным судом.

Крымінальную справу супраць Дзьмітра Смыка ў Цэнтральным судзе Гомеля разглядалі двойчы. У лістападзе мінулага году старшыня гэтага суду Рыгор Дзьмітрэнка пакараў верніка за ўхіленьне ад прызыву на вайсковую службу штрафам 3,5 мільёна рублёў. Абласны суд пацьвердзіў пакараньне, але пазьней праз пратэст Вярхоўнага суду адмяніў штраф і накіраваў крымінальную справу супраць верніка на новы разгляд.

Пры паўторным разглядзе дзяржаўны абвінаваўца, пракурор Цэнтральнага раёну Ігар Купчын зноў запатрабаваў аштрафаваць верніка на такую ж буйную суму, як і першы раз.

Паводле пракурора, Дзьмітры Смык нібыта выбраў “зручную рэлігію”. З дзяцінства ён, маўляў, не выхоўваўся ў рэлігійнай сям’і – “прыйшла армія – прыйшла й рэлігія”.

“Мне цяжка сказаць, чым кіравалася пракуратура, апратэстоўваючы вырак суду. Рады, што прысуд набыў юрыдычную моц, бо разьбіральніцтва цягнулася з перапынкамі цэлы год. Я не адмаўляюся выканаць свой абавязак перад дзяржавай. Хачу толькі з рэлігійных перакананьняў прайсьці альтэрнатыўную службу, гарантаваную Канстытуцыяй”, – сказаў гомельскі вернік Дзьмітры Смык.
XS
SM
MD
LG