Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінкульт спыніў працы на Барысаглебскай царкве


Купалы-цыбуліны на падворку Барысаглебскай царквы.

Купалы-цыбуліны на падворку Барысаглебскай царквы.

Тры тыдні таму прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці зьвярнуліся ў сродкі масавай інфармацыі, Беларускую Праваслаўную Царкву, Міністэрства культуры з пратэстам супраць усталяваньня купалоў-цыбулін на наваградзкай Барысаглебскай царкве, гатычным помніку, які зьяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю.

Міністэрства культуры даслала адказ тым, хто падпісаў зварот, і накіравала ў Наваградак прадпісаньне аб спыненьні ўсялякіх прац на аднаўленьні царквы.

У лісьце Міністэрства культуры, падпісаным намесьнікам міністра спадаром Курашам, паведамляецца: «Для прыняцьця канчатковага рашэньня ў адпаведнасьці з артыкулам 43 Закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны праваслаўнаму прыходу неабходна было прадставіць у Міністэрства культуры навукова-праектную дакумэнтацыю на аднаўленьне завяршэньня вежаў Барысаглебскай царквы, якія існавалі з 1875 да 1990 гадоў. У сувязі з тым, што работа ня выкананая, Мінкульт накіроўвае прадпісаньне…»

Тлумачыць галоўны спэцыяліст Міністэрства культуры:

Пакуль нават пра дазвол не ідзе гаворка. А толькі пра паданьне навукова-праектнай дакумэнтацыі.
«Прадпісаньне было аб спыненьні работ, што тычыцца Барысаглебскай царквы. Там праводзіліся работы без адпаведных заключэньняў і дазволаў Міністэрства культуры, таму адна з умоваў, якая пазначана ў прадпісаньні, — гэта падаць неабходную навукова-праектную дакумэнтацыю, якая будзе разгледжана. І ўжо пасьля гэтага, калі ўзгодніцца гэтая дакумэнтацыя, будзе прынята рашэньне аб гэтых працах. А пакуль нават пра дазвол не ідзе гаворка. А толькі пра паданьне навукова-праектнай дакумэнтацыі».

Старшыня Беларускага рэспубліканскага грамадзкага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, адзін з падпісантаў пратэсту супраць аднаўленьня купалоў-цыбулін, наконт адказу зь Мінкульту выказаў такое меркаваньне:

«Адкруцілі назад, але ж 29 ліпеня адбудзецца паседжаньне навукова-мэтадычнай рады.
Міністэрства культуры ў абыход рады ўзгадніла распрацоўку гэтых «цыбулін».
З гэтага адказу відаць, што гэтую праблему нарадзіла само Міністэрства культуры. Таму што ў абыход заканадаўства, якое прадугледжвае, што ўсе прапановы па помніках першай, другой і нулявой катэгорыі павінны праходзіць праз раду. Міністэрства культуры ў абыход рады ўзгадніла распрацоўку гэтых «цыбулін».

Такім чынам, праваслаўны прыход павінен падаць у Мінкульт навукова-праектную дакумэнтацыю, якая павінна быць ухваленая, і толькі потым атрымаць дазвол на ўзнаўленьне рэстаўрацыі. Але гэта зусім не азначае, што купалоў-цыбулін ня будзе. Задаю пытаньне рубам прадстаўніку Міністэрства культуры:

Карэспандэнтка: «Можна меркаваць, што там ня будзе цыбулін, а будуць шатры ці нешта яшчэ?»

«Пакуль нельга нічога канкрэтнага сказаць. І аб’ект другой катэгорыі, таму гэтая навукова-праектная дакумэнтацыя будзе разглядацца не Міністэрствам культуры, а навукова-мэтадычнай радай, і рада будзе прымаць рашэньне. У яе складзе — навукоўцы з Інстытуту гісторыі, Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру, архітэктары. Там у асноўным навукоўцы, а не чыноўнікі. Я лічу, прафэсійны склад».

Ну, а пакуль у Наваградку на аднаўленьні Барысаглебскай царквы ўсе працы спыненыя. Паседжаньне навукова-мэтадычнай рады адбудзецца 29 ліпеня.
XS
SM
MD
LG