Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас паездкі ў Гомельскую вобласьць Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг заяваў адносна беларуска-расейскіх стасункаў. Сярод іншага ён адзначыў, што Беларусь ня будзе адказваць брудам на інфармацыйны бруд, які вылівае Расея.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што расейскі ціск не спыняецца, і расейскае кіраўніцтва разьлічвае на тое, што Беларусь адпаведным чынам будзе на яго рэагаваць. Ён адзначыў, што расейскі бок чакае: маўляў, «мы ня вытрымаем гэтага ўдару і пачнём адказваць тым жа. Я катэгарычна супраць таго, каб мы тым жа адказвалі. Мы ня будзем адказваць брудам на бруд».

«Знойдзем мы і нафту, і прыродны газ, і знойдзем рынак для сваіх тавараў. Але калі мы хочам быць незалежнымі, сувэрэннымі, то ні я, ні вы, грамадзяне Беларусі, не павінны нахіляцца і станавіцца на калені.
Калі мы хочам быць незалежнымі, сувэрэннымі, то ні я, ні вы, грамадзяне Беларусі, не павінны нахіляцца і станавіцца на калені.
Схілімся, станем на калені, — не падымемся. Усё жыцьцё будуць патыкаць, як гэта заўсёды было. Таму я не магу сабе дазволіць стаць перад імі на калені альбо ілбом стукаць аб крамлёўскую сьцяну».

Паводле Лукашэнкі, «у нас зь імі» розныя падыходы і паняцьці. Яны ўсе — «багатыя і ўпакаваныя, супэрмільярдэры». «Я для іх чужы чалавек».

Кіраўнік Беларусі адзначыў, што антыбеларуская прапаганда, якая праводзіцца ў Расеі, дае адваротны эфэкт. «Аплёўваюць народ. Тое, што аплёўваюць мяне, гэта я перажыву, мне не прывыкаць. Крыўдна толькі, што мае калегі гэта робяць. Гэта арганізуюць ня СМІ, гэта замовы адтуль». Лукашэнка сказаў, што ведае, хто дае гэтыя каманды і хто кіруе гэтымі працэсамі.

Паводле Лукашэнкі, Мытны саюз Расеі не патрэбны:

«Нядаўна прэзыдэнт Расеі, выступаючы, гаварыў: першае ў іх — ЗША, Эўропа і УГА, другое ў іх — азіяцка-ціхаакіянскі рэгіён, а трэцяе-чацьвёртае — гэта суседзі па былым Савецкім Саюзе. Вось яна, уся палітыка. Але гэта не ўхваляецца расейцамі. Значыць, трэба на некага зваліць, знайсьці крайняга, вінаватага. І гэты бруд, які яны вылілі напярэдадні 5 ліпеня, да падпісаньня, быў разьлічаны на тое, што Лукашэнка не падпіша Мытны саюз. А мы не зьбіраемся нічога развальваць. Калі ім непатрэбны Мытны саюз, няхай развальваюць. Ён ім непатрэбны. Але ня мы таму будзем прычынай. У Мытным саюзе мы пакуль нічога ня страчваем і не набываем».
Прыйдзе іншая нафта ў гэтыя трубы і пойдзе ў Эўропу, Беларусь, Украіну.

Лукашэнка назваў абсурдным тое, што Расея не скасавала мыта на нафту і нафтапрадукты. Ён адзначыў, што вэнэсуэльская нафта рэнтабэльная і Беларусь атрымала шмат альтэрнатыўных прапаноў па нафце і газу.

«Яны крычаць, што ня будуць транспартаваць газ і нафту па нашай трубаправоднай сыстэме. Ды Бог зь імі. Прыйдзе іншая нафта ў гэтыя трубы і пойдзе ў Эўропу, Беларусь, Украіну. Прыйдзе газ у гэтыя трубы збоку і пойдзе ў Эўропу і Ўкраіну. Якія праблемы?»

Адносна ўдзелу ў праграме «Ўсходняе партнэрства» ён заявіў, што Расея больш баіцца страціць Беларусь, чым мы баімся страціць Расею. «З кім тады Расея застанецца?» — сказаў кіраўнік Беларусі. Распавядаючы пра сваю сустрэчу з прэзыдэнтам Грузіі падчас нефармальнага саміту СНД ва Ўкраіне, ён заявіў, што Беларусь не спрабуе стварыць з Грузіяй кааліцыю супраць нейкай краіны. Маўляў, «пыліць» і папракаць Беларусь у зьвязку з гэтай сустрэчай «асабліва ня трэба». Ініцыятарам сустрэчы быў Міхаіл Саакашвілі, які запрасіў А.Лукашэнку наведаць Грузію.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG