Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Рапс важнейшы за Грунвальд

На грунвальдзкія ўгодкі выйшла нашая абласная газэта, але 600-годзьдзе для яе нішто ня значыць. На першай старонцы нагадваецца пра дату значна драбнейшую, някруглую гадавіну вызваленьня гораду ад немцаў. Каб не канфэрэнцыя навуковая з нагоды Грунвальдзкай бітвы, нататка пра якую на другой старонцы, орган абласной улады не заўважыў бы такой значнай падзеі эўрапейскага маштабу, побач з якой вызваленьне аднаго гораду — дробязь.

Пры гэтым газэта як галоўную навіну паведамляла аб тым, што ў нейкім калгасе пачалі жаць рапс.

А прыгожа было б, каб начальства раптам перамагло ці свой страх, ці кароткую памяць і павіншавала жыхароў Горадні менавіта з грунвальдзкай перамогай, у якой самі гарадзенцы бралі чынны ўдзел! Бо ў 1944-м не яны вызвалялі, а — іх, іхняя роля была пасыўнай, чаго ня скажаш аб бітве пад Грунвальдам. Напэўна, ідэалягічная мэта — каб гарадзенцы вечна камусьці дзякавалі, каб не адчувалі сябе ўпэўнена ў сваім горадзе, каб не маглі прызнацца самім сабе: мы былі сілай яшчэ шэсьцьсот гадоў таму! Зрэшты, начальства ў нас ўсё разумее, але як яму ўголас гаварыць пра такія рэчы, калі пятнаццаць гадоў таму рыцару беларускаму абвесьцілі анафэму, скінулі герб з Дому ўраду?! Таму рыцару коннаму, які пад Грунвальдам змагаўся. Забудзьцеся, гарадзенцы! Вашыя галовы не павінны памятаць далей 1944-га. Як у сапраўдных Іванаў бяспомных.

Карацей, нават у Горадні, адкуль харугвы рушылі калісьці пад Таненбэрг і Дуброўну, адзначаць гадавіну бітвы можна толькі неафіцыйна. Горадня была адным з асноўных гарадоў, дзе рыхтавалася грунвальдзкая перамога. Аднак рыцараў я бачыў у гэты сьвяточны час у нашым горадзе толькі двух. Прычым надвор’е здарылася такое гарачае, што адзін зь іх, стоячы на самым сонцапёку, выпусьціў раптоўна шчыт, а затым сарваў з галавы шлем, яму зрабілася млосна. Як нам вядома, шэсьцьсот гадоў таму таксама было горача, і нашым рыцарам было цяжка на Грунвальдзе ўжо нават з гэтай прычыны.

“Сэкс-шоў” насупраць Хрыста

У начальства заўжды ёсьць казённы адказ: вызваленьне Горадні яшчэ нехта памятае, яшчэ жывыя вызваленцы, гэта важней ад бог ведама якой бітвы, якой ніхто ня памятае, пагатоў, удзельнікаў не захавалася, ха-ха. Як дасьціпна! Але ж мы бачым на Грунвальдзкім полі на ўгодкі кіраўнікоў Польшчы, Літвы ды іншых краінаў. Няўжо мы разумнейшыя за іх? Няўжо яны гуляюцца ў рыцарскія спэктаклі там, бо няма чым заняцца сапраўдным — бітвай за ўраджай, аўральнай падрыхтоўкай да дажынак у Лідзе? Здаецца, у іх там таксама ўдзельнікаў не магло захавацца, сумны жарт, зрэшты, атрымаўся. Тлумачэньне, канечне, на паверхні: у іх захаваўся рыцарскі дух, яны яго стараюцца культываваць, а ў нас усё рыцарскае бязьлітасна нішчаць. Як не ўзгадаць, што пасьля забароны ў 1995-м герба “Пагоня”, адна гарадзенская газэта выйшла з загалоўкам “Рыцару ня месца сярод халопаў”? Трапна, што й казаць.

Усім вядома: начальства некалькі разоў на год рэгулярна адзначае розныя ваенныя даты, у Горадні ў ліпені — нават двойчы. Маўляў, каб умацаваць “патрыятычны настрой” перш за ўсё моладзі. Пасьля мітынгу абавязкова маршыруюць салдаты, каля вечнага агню гучаць халастыя залпы, затым — вялікі канцэрт “зорак эстрады” і начны фаервэрк. Як можа папса ўзмацніць патрыятычныя настроі — пытаньне даволі цьмянае. Пра апошні такі канцэрт паведамляе гарадзенская газэта. Загаловак — “Сэкс-шоў”, падзагаловак —“Дзяўчыны загаліліся і дырыжыравалі бізунамі”. Карэспандэнтка паведамляе: “Асабліва пашанцавала мужчынам: дзяўчыны раз-пораз загалялі розныя часткі цела, спрытна дырыжыравалі бізунамі, а потым і зусім разьдзеліся да сподняга”.

Вось такім “зоркам” даюць дабро гарадзенскія ўлады, якія нічога ня памятаюць пра беларускіх рыцараў і слаўную перамогу нашых продкаў пад Грунвальдам. Дарэчы кажучы, сцэна, на якой выступае папса і паказваюць гарадзенскай моладзі такія вось “сэкс-шоў”, знаходзіцца насупраць Катэдральнага касьцёлу, перад якім сагнуўся Хрыстос пад цяжарам крыжу.
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG