Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст апазыцыі зь Бешанковіцкага раёну, настаўнік нямецкай мовы Георгі Станкевіч атрымаў папярэджаньне, што на наступны навучальны год кантракт зь ім не працягнуць. Але ён кажа, што быў да гэтага гатовы яшчэ з часу мінулых мясцовых выбараў, у якіх наважыўся ўзяць удзел. Георгі Станкевіч браў удзел у праекце "Барды Свабоды".

Георгі Станкевіч распавёў, што пра непрацягненьне кантракту даведаўся не на працоўным месцы, а проста на бешанковіцкім кірмашы, дзе прадаваў вырашчаную на ўласным падворку бульбу:

"Вось стаю я і прадаю сваю бульбу. Падыходзіць дырэктарка школы: "Трэба падпісаць тут адну паперчыну". Давайце, кажу. Яна мне тыц пад нос: "Азнаёмцеся…" Ну, я і падпісаў. Дзякуй вам, кажу, вялікі. Людзі мне спачуваюць, шкадуюць, ай-яй-яй… А я кажу, што нічога такога страшнага не адбылося. Я быў да гэтага маральна і ўсяляк інакш гатовы".

Дырэктарка Пяцігарскай сярэдняй школы Тацяна Мікшэева патлумачыла, што кантракт са спадаром Станкевічам не працягнуў начальнік раённага аддзелу адукацыі Іван Жарабцоў.

Той, у сваю чаргу, пачаў абвяргаць зьвесткі пра звальненьне настаўніка:
Так што не перажывайце і не хвалюйцеся за майго сябра" ...

"Чаго гэта БНФ так забегаў? Ніхто нікога ня звольніў. Што за плёткі? Скончыўся кантракт, зь першага верасьня будзе новы. Я проста хачу папрасіць, каб ён перайшоў у новую школу. Школа будзе побач зь ягоным домам. А ён упіраецца. Не разумее трохі, калі зь ім па-чалавечы. Дык мы яго і прыцісьнем! Так што не перажывайце і не хвалюйцеся за майго сябра".

Спадар Станкевіч дужа зьдзівіўся, калі пачуў пра мажлівыя пэрспэктывы працаўладкаваньня. Па-першае, у вёсцы Старыя Ранчыцы, дзе ён жыве, увогуле няма школы — ні побач зь ягоным домам, ні дзе яшчэ. Па-другое, ніякіх прапаноў наконт новай працы не было ўвогуле. Адно, што ён мае, — гэта афіцыйную паперу пра непрацягненьне кантракту.

Актывіст кажа, што да магчымага звальненьня маральна падрыхтаваўся яшчэ ў часе мінулых мясцовых выбараў . Балятуючыся ў Бешанковіцкі райсавет, ён у першы раз адчуў неабыякавасьць да сваёй асобы з боку раённага кіраўніцтва яшчэ тады, калі выбарчая камісія забараніла трансьляваць ягоны зварот да выбарцаў празь мясцовае радыё.

У радыёвыступе настаўнік Пяцігарскай сярэдняй школы распавядаў пра рэаліі ўласнага жыцьця — да прыкладу, пра свой настаўніцкі заробак, які настолькі малы, што даводзіцца трымаць гаспадарку, каб неяк выжыць. Трансьляваць ягоную прамову дазволілі толькі пасьля ўмяшаньня Цэнтравыбаркаму.

Другім выпадкам ціску на актывіста стаўся судовы працэс за распаўсюд самвыдатаўскай газэты "Крывінка", якую Георгі Станкевіч выдае накладам 299 паасобнікаў за ўласныя сродкі. Суд вырашыў, што выдавец парушае парадак распаўсюду пэрыядычных выданьняў, і аштрафаваў яго на 700 тысяч рублёў.

Георгія Станкевіча, як ён кажа, не спалохала і гэта: менавіта ў "Крывінцы" ён зьбіраецца распавесьці землякам пра акалічнасьці свайго звальненьня:
Я вочы людзям адкрываю на тое, што ў раёне робіцца, а то яны думаюць, што ніхто нічога не заўважае ...

"Вось часу зьявіцца больш, калі з бульбай крыху разьбяруся. Дык я тады прайду па ўсіх інстанцыях, да старшыні аддзелу адукацыі зайду, да старшыні райвыканкаму. Зьбяру ўсю інфармацыю і ў "Крывінцы" буду друкаваць. У мяне ж сьпіс прафэсійных дасягненьняў нашмат большы, чымсьці пералік хібаў, якія мне прыпісваюць. Хібы — гэта ўдзел у выбарах і "Крывінка". Дык якія ж гэта хібы? Я вочы людзям адкрываю на тое, што ў раёне робіцца, а то яны думаюць, што ніхто нічога не заўважае. І людзі падыходзяць, пытаюцца, калі ўжо наступны нумар, і чытачоў маіх усё большае".

Настаўнік нямецкай мовы Георгі Станкевіч у 2006-м годзе быў другім у раённым конкурсе "Настаўнік году", у 2007-м яму ўручылі грамату за добрую працу, у 2008-м і 2009-м гадах кіраўніцтва адзначала ягоныя дасягненьні ў спартовым выхаваньні вучняў. І тым ня менш апошні кантракт зь ім заключылі ўсяго на год, тым часам як з астатнімі настаўнікамі — на пяць гадоў.

Актывіст разумеў, у чым разьлік кіраўніцтва. Але кажа, што ні тыя захады, ні цяперашнія наступствы яго не палохаюць:
з голаду я не памру, а змагацца буду да апошняга ...

"Такім чынам на мяне не накінуць аброць. Гэта жонка ў мяне ўсё дужа эмацыйна ўспрымае. Яна робіць санітаркай у шпіталі, аклад 300 рублёў. Сын у мяне ўжо вялікі, будзе вучыцца ў выпускной клясе. Ну, я трымаю кароў, буду болей бульбы сеяць ды жыць далей. Так што з голаду я не памру, а змагацца буду да апошняга".

Георгі Станкевіч, апрача іншага, піша вершы і песьні, ён браў удзел у праекце "Барды Свабоды". Цяпер, калі праца ў школе ня будзе адымаць час, ён мяркуе выкарыстоўваць свае літаратурныя здольнасьці яшчэ й дзеля супрацоўніцтва з незалежнымі выданьнямі.
XS
SM
MD
LG