Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сёньняшняга дня ў Беларусі падвышаныя кошты на шэраг харчовых тавараў. Гарэлка, малако, кефір, сьмятана і тварог, ялавічына падаражэлі на 3%, сьвініна — на 2%. Афіцыйнае тлумачэньне — патрэбныя дадатковыя фінансавыя сродкі, каб кампэнсаваць сельскай гаспадарцы выдаткі на вытворчасьць жывёлагадоўчай прадукцыі. Падаражэлі таксама хлеб і хлебабулачныя вырабы — у сярэднім на паўтара працэнта.

Як на гэтую навіну адрэагавалі пакупнікі.

У краме "Косама", што на бульвары Касманаўтаў у Берасьці, завезеная сёньня мясная і малочная прадукцыя выстаўленая на прылаўках з новымі цэнамі. Пра гэта кажа прадавачка крамы:

"Сёньня раніцай завезены тавар. Выстаўляем яго зараз па новых цэнах, якія падрасьлі на тры працэнты".

Праўда, ня ўсе пакупнікі ў краме заўважылі, што цэны вырасьлі. Кажа наведвальніца крамы:

"Я цяпер настолькі занятая, што нават не зьвярнула ўвагі на павышэньне. Але гэта абуральна, таму што падвышэньне — ня першае цягам гэтага году. Я часта спажываю малочныя прадукты, таму павышэньне цэнаў — гэта вельмі непрыемна. Падаецца, што ў гэтым годзе няма засухі, кармоў для жывёл хапае. Чаму ж зьяўляюцца прычыны для павышэньня цэнаў?"

У краме "Мэркурый" на вуліцы Машэрава пакупнікі не зьвярнулі ўвагі, што цэны падрасьлі. У асноўным яны даведваюцца пра павышэньне ўжо каля касы:

Спадарыня: "Я пакуль яшчэ не была каля касы. Але тое, што цэны падрасьлі, — гэта непрыемная навіна. Безумоўна, што гэта адбіваецца на кашальку. Але што ж зробіш?.."

Спадар: "Для мяне гэта неспадзявана. Я пакуль што ня ведаю нічога пра павышэньне коштаў".

Наведвальніца крамы "Пятроўскі" па вуліцы Карбышава таксама не заўважыла, што заплаціла за малочныя прадукты больш, чым учора:

"Вы ведаеце, я вельмі моцна сьпяшалася, таму нават і не зьвярнула ўвагі на тое, што цэны павялічыліся".

У мясным аддзеле гэтай крамы гандлююць у асноўным вырабамі зь мяса птушкі. Прывезены сёньня тавар быў яшчэ па ўчарашніх цэнах, кажа прадавачка. Але цэны тут павышаюцца і безь міністэрскіх пастановаў амаль кожны месяц:

"Сёньня нам прывезьлі тавар па тых жа самых цэнах, што і ўчора. Праўда, у нас цэны павялічваюцца напрыканцы кожнага месяца на 30—50 рублёў".

Эканаміст Міхал Залескі лічыць, што падаражэньне малочных прадуктаў стала найбольш адчувальным для малазабясьпечаных жыхароў Беларусі:

Міхась Залескі
"Есьць розныя групы людзей. Адным, як гаворыцца, дыямэнты дробныя па цане, а каму і кефір дарагі. Таму для групы людзей, якая спажывае малочныя прадукты — раней датаваныя, дарэчы, — падаражэньне будзе істотна адбівацца на бюджэце. Дакладна вядома, што найменш сацыяльна абароненыя беларусы трацяць на харчаваньне 85% сваіх грошай. Такіх у Беларусі зараз 15% ад агульнага насельніцтва.
XS
SM
MD
LG