Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горад Мараўскі Крумлаў ня хоча аддаваць "Славянскай эпапэі"


Жыхары чэскага мястэчка Мараўскі Крумлаў учора выйшлі пратэставаць супраць плянаванага перавозу ў Прагу карцін “Славянскай эпапэі” Альфонса Мухі. Знакамітая сэрыя 20 палотнаў вялікага памеру знаходзілася ў крумлаўскім замку амаль пяцьдзесят гадоў – сюды творы патрапілі пасьля вайны і былі рэстаўраваныя намаганьнямі гараджан. Учора тэрмін "пазычаньня" твораў, дадзены Прагай Крумлаву, закончыўся.

Аўтар “Славянскай эпапэі” у сваёй працы адлюстраваў галоўныя, на яго думку, моманты чэскай і агульнай славянскай гісторыі. Так, адна з карцінаў прысьвечаная Грунвальдзкай бітве. Альфонс Муха , перадаючы свой дар народу, хацеў, каб для эпапэі Прага пабудавала спэцыяльны павільён. На тое, што гэта пажаданьне так і ня споўненае, спасылаюцца цяпер жыхары Мараўскага Крумлава. На іх баку і нашчадкі Мухі, у тым ліку ўнук Джон. Мясцовыя студэнты заявілі, што будуць бараніць карціны ад перавозу “уласнымі целамі”.
XS
SM
MD
LG