Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Саакашвілі: “Раптам ў Маскве выявілі, што ў 90-х людаеды разьвяліся ў Менску”


Першы канал Беларускага тэлебачаньня 15 ліпеня ў прайм-тайм паказаў 12-хвіліннае інтэрвію з прэзыдэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі. Большая частка пытаньняў была прысьвечаная праблемным тэмам у адносінах з трэцім бокам, Расеяй, -- як самой для Грузіі, гэтак і для Беларусі.

Яшчэ да выхаду ў эфір інтэрвію сьпікер Дзярждумы Расеі Барыс Грызлоў назваў гэты ўчынак афіцыйнага Менска несяброўскім у адносінах да Расеі.

Міхаіл Саакашвілі адразу заявіў, што ў Грузіі вялікія сымпатыі да беларускага народу, назваў Беларусь сапраўды эўрапеізаванай нацыяй, сяброўскай грузінам.

“Мы праходзілі праз розныя пэрыяды ў рамках СНД (цяпер мы ўжо не ў СНД), але атрымоўвалася так, што калі трэба было
Беларусь заўсёды нас падтрымлівала.
падтрымліваць адзін аднаго, Беларусь заўсёды нас падтрымлівала. Калі ў Расеі абвясьцілі эмбарга нашай прадукцыі, і я езьдзіў на саміт СНД ў Менск, то на саміце была нашая мінэральная вада, а на банкеце было нашае віно. У нас найбольш інтэнсіўныя авіязносіны менавіта зь Менскам, там самая простая працэдура і клімат у краіне, які прыцягвае”.

Гаворачы на тэму непрызнаньня Беларусьсю Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, Міхаіл Саакашвілі заявіў, што гэта пытаньне яго па-ранейшаму хвалюе:

“У свой час Расея моцна націскала на Беларусь у гэтым пытаньні, і я думаю, што працягвае націскаць, дамагаючыся прызнаньня
Я думаю, што Беларусь тут учыніць мудра.
акупаваных Расеяй нашых тэрыторыяў… Тут была група беларускіх дэпутатаў, зь беларускага парлямэнту, яны вельмі сур’ёзна да гэтага пытаньня падышлі. Яны сустракаліся зь уцекачамі, яны падзялілі іх гора, вывучылі сытуацыю, таму я думаю, што Беларусь тут учыніць мудра”.

Наконт складаных адносінаў з Расеяй Саакашвілі заявіў, што Грузія ўвесь час хоча ісьці насустрач, але Масква патрабуе новых і новых саступак. Саакашвілі абвінаваціў Расею ў імпэрскіх замашках:

“Думаю, што сытуацыя дастаткова знаёмая для ўсіх астатніх суседзяў Расеі, якая гатовая размаўляць са сваім суседам толькі шляхам ціску і шантажу, пагражаючы, што нам будзе горш”.

Расея гатовая размаўляць са сваім суседам толькі шляхам ціску і шантажу.
Саакашвілі назваў сябе магчыма апошнім лідэрам Грузіі, які можа вольна цытаваць Пушкіна, Ясеніна і Бродзкага, бо з-за цяперашняга адчужэньня новае кіраўніцтва Грузіі зусім ня будзе разумець Расею.

“Гэта палітыка, якая заводзіць у тупік. Я жадаю ім дабра, і думаю што дабро для іх у фармаваньні сучаснай Расеі, а не нейкай фэадальнай і сярэднявечнай Расеі, да чаго некаторыя Расею падштурхоўваюць і вядуць”.

Ключавым пытаньнем БТ да Саакашвілі сталі ягоныя адносіны да інфармацыйнага ціску з Масквы на Грузію і Беларусь. Паводле Саакашвілі, ён выпадкова бачыў, што расейскія каналы нядаўна паказалі пра Беларусь і яе лідэра:

“Калі сыплюцца ўсялякія абвінавачваньні, ледзьве не ў канібалізме абвінавачваюць беларускіх дзеячаў, і гэта робіцца з той краіны, дзе
Гэта мае пэўны прысмак прапагандысцкай вайны.
нядаўна забілі чалавека, якога я вельмі паважаў, Ганну Паліткоўскую, і забойцы ня знойдзеныя, а на Паўночным Каўказе дзясяткі тысяч людзей проста зьніклі… І раптам знайшлі, што ў 90-х гадах “людаеды” разьвяліся ў Менску – вядома ж гэта сумна. Гэта мае пэўны прысмак прапагандысцкай вайны”.

Саакашвілі меў на ўвазе абвінавачваньні на адрас А. Лукашэнкі, нядаўна агучаныя на канале НТВ, у тым што беларускі кіраўнік датычны да зьнікненьняў ягоных апанэнтаў.

Сёньня ў Тбілісі пад час сумеснай прэсавай канфэрэнцыі зь міністрам замежных спраў Францыі Бэрнарам Кушнерам, Міхаіл Саакашвілі таксама заявіў, што ўсе 6 краін-сябраў праграмы ЭЗ “ Усходняе партнэрства” гатовыя да стварэньня сумеснай агульнай плятформы, якая будзе дапамагаць ім ня толькі ў справе інтэграцыі з Эўропай, але і для супрацьстаяньня таму ціску і шантажу, які яны адчуваюць з боку Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG