Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго цуду: Юля Лыскова


Юля Лыскова. Здымак Арцёма Канцавога.

Юля Лыскова. Здымак Арцёма Канцавога.

Мая памяць захавала нязвыклы абразок – яшчэ з падлеткавых часоў. У Менску на плошчы, якая тады называлася Цэнтральнай, я бачыў збой маладых людзей, што сьпявалі й танчылі ад захапленьня. Пасярод лета ўпярыў дождж, проста сьцяна дажду! Дзяўчаты і хлопцы паскідалі абутак ды кружылі басанож па калюгах у імправізаваным танцы...




Іх радасьць была такой адкрытай і пры тым інтымнай, што мне здавалася, быццам я падглядаю за імі. Адзін маладзён узяў дзяўчыну на рукі і гэтак круціўся па калюгах пад дзіўную музыку зьлівы... Іх постаці зьліваліся ў гэтай зьліве і было такое імгненьне, калі час спыніўся, перастаў нешта значыць – можа, хвіліна прайшла, а можа быць, усё жыцьцё.

Прынамсі, той патаемны і мройны вобраз танцаў у зьліву застаўся ў маёй памяці назаўжды. Болей нідзе нічога падобнага я ня бачыў, хіба што ў кіно. Цяпер вось думаю, што калі ў Менску ёсьць свой вобраз шчасьця, дык гэта ён. Настолькі ўсё было дарэчы і настолькі адпавядала адно аднаму – гэтыя сталінскія палацы, нябесная зьліва, агромністая плошча і басаногія пары зь іх нікім не санкцыянаваным танцам. Абсалютная, самадастатковая карцінка.

БОГ МЕНСКУ


Штосьці ўнутрана падобнае паўтарылася ў гэтым самым месцы, але зімою 1980-га, калі плошчу
У зашуганым савецкім горадзе любая несанкцыянаваная імправізацыя ўспрымалася як пратэст і падлягала рэпрэсіі.
перасякала калядная працэсія Беларускай Майстроўні. Таксама з танцамі й сьпевамі. Як на сёньняшні розум, дык зусім адчайны быў крок. Бо ў зашуганым савецкім Менску любая несанкцыянаваная імправізацыя ўспрымалася як пратэст і падлягала рэпрэсіі. Але нам было проста весела, эўфарыя шчасьця поўніла нашы сэрцы, мы ішлі з калядкамі ў дом, дзе жыў Караткевіч! А пасьля вярталіся адтуль з поўнымі мяхамі пачастункаў. І тут, на лаўках, на месцы сёньняшняга Палацу рэспублікі, раскладалі свае здабыткі. Аж пакуль не зьявілася міліцыя. Яны хацелі затрымаць каго-небудзь аднаго, але мы згадзіліся быць затрыманымі толькі ўсе разам. Міліцыянты адчапіліся...

Ізноў эўфарыя ўсеагульнага шчасьця – трывожнага, рызыкоўнага і зусім блізкага – паўтарылася на гэтай плошчы ў сакавіку 2006 году. Таксама зімою, таксама ў цемры, таксама ў мароз. У найноўшую гісторыю гэты эпізод увайшоў адным словам – Плошча.

Вы скажаце, нічога дзіўнага, што людзі прыйшлі з пратэстам менавіта сюды, бо тут месьціцца палац правіцеля. Але, па-першае, пратэст не нараджае эўфарыі шчасьця, яе нараджае пачуцьцё адзінства, прадчуваньне перамен, прага новае будучыні. Мне думаецца, што многія з тых тысячаў беларусаў, якія стаялі на плошчы ў сакавіку 2006-га, перажылі наймацнейшае ўзрушэньне ў жыцьці. Па-другое, ня людзі прыйшлі да правіцеля, а правіцель аблюбаваў гэтае месца. І тады, калі ў палацы сядзелі першыя асобы ЦК КПБ, і калі пасяліўся першы прэзыдэнт, і нават калі на гэтай самай плошчы паўстаў у выглядзе помніка Сталін.

Кажуць, што Бог і д’ябал звычайна пасяляюцца побач, а людзі ўсяляк імкнуцца падзяліць іх высокім плотам. Калі трымацца гэтае лёгікі, дык д’ябал у Менску жыве ўнізе – там, дзе станцыя мэтро “Няміга”. Там праз усю гісторыю дзеюцца няшчасьці і трагедыі. Ад самай першай летапіснай згадкі пра горад да масавае пагібелі моладзі ў навагоднім пажары 1946 году і да масавае пагібелі моладзі ў 1999-м. Адсюль на гары відзён "плот" з галоўных храмаў трох канфэсіяў – каталіцкай, праваслаўнай і ўніяцкай (Сьвятадухавай царквы сёньня няма, але яе зьбіраюцца адбудаваць на старых падмурках). Далей пляц Волі, за якім пачынаецца тэрыторыя Бога – Цэнтральная, або Кастрычніцкая плошча, або плошча Каліноўскага, або проста Плошча. Калі ўвесь горад уявіць сабе як храм, дык тут яго мэтафізычны алтар. Прычым алтар той рэлігіі, якой усе падпарадкоўваюцца незалежна ад канфэсіі і незалежна ад таго, вераць яны ці ня вераць.

Мапа дзейнасьці Майстроўні ў цэнтры Менску: A – першыя Каляды 1980 году; B – месца сходаў на філфаку БДУ да пачатку 1983 году; C – месца сходаў у Палацы прафсаюзаў з 1983 году; D – месца масавых сьвятаў у парку Купалы; E – пікет пратэсту 13 чэрвеня 1984 году.

Вось у гэтым месцы ў 1980 годзе і нарадзілася першае нефармальнае публічнае маладзёвае аб’яднаньне Беларуская Майстроўня. Спачатку яна зьбіралася за квартал адсюль, на філфаку БДУ, які цяпер стаў гістфакам БДУ. Потым перабралася ў Палац прафсаюзаў. Тут яна ладзіла свае сьвяты – тыя Каляды на плошчы, або Гуканьні вясны – ніжэй, у парку Янкі Купалы. Купальле 1984 году ў Купалаўскім парку ёй сьвяткаваць забаранілі, тады ж яе выгналі з Палацу прафсаюзаў, тады ж яна падзялілася на іншыя суполкі і перастала існаваць. А прычынай усяму быў першы ў найноўшай гісторыі пікет пратэсту, які перад тым усім майстроўцы зладзілі каля Кансэрваторыі – пікет супраць зносу будынку першага беларускага тэатру. Ізноў усё адбывалася на плошчы ці каля яе.

Магія месца і магія места, мабыць, сышліся на Цэнтральнай плошчы. Прынамсі, нідзе больш у Менску не адбывалася столькі здарэньняў, што так нагадвалі цуд.

І майстроўцы сёньня згадваюць кожны сваё, але зьвязанае з гэтым месцам. У кагосьці найперш усплываюць у памяці Каляды, у кагосьці зборкі ў Палацы прафсаюзаў. Юлі Лысковай згадваецца той пікет, пасьля якога Майстроўня як такая перастала існаваць. Але Юля і зьявілася там на самым прыканцы.

“РУЙНУЕЦЦА ПОМНІК ГІСТОРЫІ”


Юля ў майстроўскія часы.
Юля: "Я была апошні год. Прыйшла ўжо на гэты разьвітальны акорд. Калі руйнавалі тэатар.

Зусім ня памятаю, як я там апынулася. Памятаю, што прыйшла туды, прымчалася і памятаю, што там ужо малявалі, мусіць Костка, плякат: “Руйнуецца помнік гісторыі”. Я яшчэ падумала, што палова беларусаў ня ведае, што такое “руйнуецца”... І гэтая “баба” такая страшная была... Калі стары будынак руйнуецца, гэта страшна выглядае. Гэта б’е як па галаве, па целу твайму. А стаяць там зусім ня страшна было. І нас тады забралі. І міліцыянты нават ня ведалі, што з намі рабіць. Такога не было раней. Яны нас не прыніжалі, нічога. Яны нават дазволілі нам бацькам патэлефанаваць. Я патэлефанавала, сказала, што я ў пастарунку, не хвалюйцеся".

Былы будынак гарадзкога тэатру. Фота Зянона Пазьняка, 1969 год.

Дубавец: Міліцыянты ня ведалі, што рабіць, але, ня ведаючы, усіх забралі ў пастарунак. Натуральна, зрабілі тое, на што быў загад, прычым не ад міліцэйскага начальства, а ад тых, хто ведаў, што трэба рабіць. Ведалі ў ЦК КПБ. Там у тыя часы прымаліся такія рашэньні і даваліся такія загады.

Юля: "Там і сьмешнае было. Нас адпусьцілі, можа, а пятай, яшчэ транспарт не хадзіў. І ішоў дождж. Я думаю, як я дабяруся да свае Серабранкі? І што ты думаеш? Сюррэалістычны нейкі сюжэт. Ехала палівальная машына і палівала горад. І кіроўца мяне давёз да Серабранкі маёй. І я ў дождж зь міліцыі на палівачцы даехала да хаты...

АПРАЦОЎКА МЭТАЛУ ЦІСКАМ


Ой, мяне потым выклікалі, зрабілі сход нашай групы. “Які пазор для нашай навучальнай установы! Бо, можа вы, Лыскова, і ня ведаеце -- ад нацыяналізма да фашызма адзін шаг!” А я й ня ведала. "Парыцалі", "парыцалі" гэтак мяне, але потым неяк спусьцілі гэта. Можа, усё ж такі таму, што гэта была тэхнічная ўстанова, і нас такіх там, у політэхнічным інстытуце... Я там адна такая была. І яны таксама ня ведалі, што з гэтым рабіць. Асудзілі мяне, вымову далі нейкую камсамольскую. Тады непрыемна вельмі было. Цягалі па гэтых дэканатах, маглі выключыць. Як Ларысу Сімаковіч. Усіх маглі выключыць. Яны ня ведалі, куды павернецца, я думаю.

У нас быў дэкан, разумны і вельмі ўплывовы ў тэхнічным сьвеце. Сьцепаненка. Ён даўно ведаў майго бацьку і разумеў, што калі мяне адлічаць, бацька потым не падасьць яму рукі. Я ўпэўненая, што бацька хадзіў да дэкана, проста не сказаў мне пра гэта. І Сьцепаненка проста не захацеў марацца гэтым усім. Гэта быў Політэхнічны інстытут. Апрацоўка мэталаў ціскам".

Дубавец: Пікет 13 чэрвеня 1984 году, які стаў апошняй акцыяй Майстроўні, і сапраўды завяршыўся “апрацоўкай мэталу ціскам”. Майстроўня тады налічвала больш за сто вольных і міжвольных удзельнікаў, яна ўжо канчаткова сфармавала сваю ідэалёгію, свой “мэтал”, і была гатовая да выхаду з фальклёрнай у палітычную сфэру дзейнасьці. Рэакцыя ўладаў на пікет стала апошнім выпрабаваньнем майстроўцаў перад тым, як яны падзеляцца на дзясяткі розных суполак ды ініцыятываў.

Юля на Гуканьні вясны. Другая палова 1980-х. Вясна яшчэ не надышла, але яна ўжо зусім блізка.

Юля: "Не люблю высакапарных словаў, але можа гэта адзінае карыснае, што я толькі зрабіла для людзей. Дачок дзьвюх сваіх нарадзіла – Агату і Дануту, і за гэты будынак выйшла. Па высокім рахунку. Астатняе мы ўсё такое звычайнае робім".

Дубавец: Юля Лыскова толькі зьявілася ў Майстроўні -- і апынулася перад выбарам: чым далей займацца, да якой новай суполкі далучыцца?

Юля: "Міхал Анемпадыстаў прывёў мяне. І ў той жа час праз маці маю, якая ў Замежных мовах выкладала і працавала з жонкай Садоўскага. Мы пераехалі з Камароўкі ў Серабранку, і яны неяк пасябравалі, Садоўскія да нас прыходзілі ледзь ня кожны тыдзень, з бацькамі сябравалі. Мы дагэтуль у сям'і цытуем Садоўскага -- "адзін усё поле ня ўгноіш" -- гэта, я сьмяюся зараз, пераклад на беларускую расейскага "и один в поле воин"... І неяк так усё супала, і я пайшла ў Майстроўню. Але Міхал мяне прывёў, не Садоўскі. Гэнік кажа, што Садоўскі. Не.

Зь Міхалам мы вучыліся ў адной школе. Ён у паралельнай клясе быў. Ну, і неяк сябравалі. Ён такі творчы чалавек быў, іх там шмат такіх у клясе, хто пайшоў па творчай лініі. І мы жылі на Камароўцы побач. Сябравалі -- я не скажу сябравалі, але ў нас нейкае такое агульнае кола было знаёмых. Хведар Кашкурэвіч, Міхал...

ТРЫСТА СПАРТАНЦАЎ


Ён прывёў мяне, і я там неяк і засталася. Але ведаеш, я ўжо папала на гэты момант, калі “зубрам”, Вячорку і іншым, я думаю, гэтыя сьпевы ўжо нецікавыя былі. Адныя ўжо хацелі ў бой, а другія – яшчэ толькі сьпяваць пачалі".

Дубавец: Майстроўскі распадзел на тых, хто ірваўся ў бой, і тых, хто хацеў сьпяваць, па-свойму апісаў Гэнік Лойка.

Гэнік Лойка Аўтар: Арцём Канцавы
Гэнік: “Ня толькі нас разагналі, у нас унутры быў крызыс – што рабіць далей? Ці вось так сьпяваць, як дзяўчаткі любяць усякія сьпеўкі ды прыпеўкі? Ці -- як хлопцы. Івашкевіч кажа: давайце зробім ТБШ, Таварыства Беларускай Школы, і ўжо туды ўступяць толькі тыя, хто размаўляе па-беларуску. Ну, я стаў на бок дзяўчатак, сьпеўкі-прыпеўкі. Навошта так цьвёрда, так просталінейна, тут жа ўсё вельмі складана... Гэта я быў студэнтам яшчэ. Але цяпер, на старасьці гадоў, я стаў максымалістам. Юнацкім максымалістам (сьмяецца). Для мяне цяпер важна чорнае і белае, вось так падзяліць сьвет -- і ўсё. Пры ўсім тым, што ён разнастайны і рознакаляровы, я на старасьці гадоў хачу бачыць сьвет чорна-белым. Цяпер сустракаюся з Івашкевічам і кажу: чаму на Фронце кішыць расейская мова?! А ён кажа: ну, а як ты зробіш? Ну -- на, зрабі. Карацей, калі тады Івашкевіч быў такі радыкальны, дык цяпер ужо мне хочацца такога радыкалізму. Калі ты гаворыш па-беларуску, ты беларус, не гаворыш – не называйся беларусам. Мне кажуць: а хто ж тады застанецца? Ну, сапраўды. І ўсё роўна. І вось у Вінцука Вячоркі ў партыі была ідэя такая. Ён кажа: мы, як фен, распыляем дабро. А я кажу – не! Партыя павінна быць як вастрыё стралы. Трыста спартанцаў, і даволі будзе”.

“ДЗЯНЬНІЦА”


Дубавец: Напачатку 1980-х, калі Майстроўня дзялілася на розныя кірункі, Гэнік стаў на бок дзяўчатак і прыпевак. І такім чынам утварылася сьпеўная суполка “Дзяньніца”, якая праіснавала больш за дзесяць гадоў.



Юля: "Мне Майстроўня яшчэ дала “Дзяньніцу”. Бо потым мы дзесяць гадоў ці нават болей сьпявалі ў “Дзяньніцы”. Там, дзякуючы Сімаковіч Ларысе, сьпявалі ўсе. Яна даставала з усіх голас. І нават калі чалавек ня ўмеў сьпяваць, у ёй была і ёсьць гэтая цярплівасьць і далікатнасьць – яна ўсё адно даставала з чалавека голас, які спатрэбіцца для гэтай песьні.

“Дзяньніца” – гэта тое, што ты выходзіш на сцэну ці на рэпэтыцыі сьпяваеш, і адчуваеш нейкі такі ўздым псыхалягічны, эмацыянальны, што ты сьпяваеш сваю родную песьню з роднымі людзьмі... Атрымоўваецца такая гармонія ўсяго. Ні з чым не параўнаць. Дар жыцьця проста.

Ларыса ў нас напачатку была кіраўніцай. Потым Віялетка была Ефіменка.

Канечне, я памятаю, як мы “Дзяньніцай” езьдзілі, сьпявалі на першым зьезьдзе БНФ..."

“Дзяньніца” сьпявае на Вальным сойме беларускіх суполак у Вільні, 1987 год. Юля другая справа.

БЕЛАРУШЧЫНА ЎСЁ АДНО ЗЬ ВЁСКІ


Дубавец: Юля зусім гарадзкая дзяўчына, і калі задаесься пытаньнем, адкуль яе беларушчына, думаеш пра сям’ю, дзе маці – мовазнаўца, і куды прыходзяць па-сяброўску суседзі Садоўскія. Словам, такая інтэлігенцкая гісторыя. Але насамрэч усё не зусім так. Беларушчына, паводле Юлі, у яе ўсё ж зь вёскі. Хоць для нашага пакаленьне гэта і незвычайная сувязь.

Юля: "У мяне вельмі прагрэсіўная была маці. Яна была антыкамуністка ў душы.
У мяне вельмі прагрэсіўная была маці. Яна была антыкамуністка ў душы.
Бацька быў звычайным камуністам, без надрыву, на заводзе Вавілава працаваў інжынэрам. Тады ўсе былі камуністамі, амаль усе. А яна была прагрэсіўная. Мне бацькі ніколі не сказалі “не рабі гэтага”. Нават калі тады зь міліцыі прыехала.

Яны нейкія вось... Напрыклад, я вучылася, у мяне быў сябра, аднагрупнік мой. Ён мне неяк патэлефанаваў а трэцяй ночы, кажа: Юлька, я п’яны ўшчэнт, сяджу на Круглай плошчы на тратуары. Хэлп! Дапамажы. І я разбудзіла бацьку свайго, і мы селі й па яго паехалі... І я спадзяюся, што і я так магу і змагу.

Яны ўжо адразу пасьля вайны жылі ў Менску. Бацькі мае. Па матчынай лініі. А так яны з Магілёва самі. А бацькавы бацькі, яны яшчэ ў 19-м стагодзьдзі нарадзіліся, між іншым. Такія старыя былі, пражылі больш за дзевяноста гадоў. Яны нарадзіліся ў вёсцы Сялібе ў Менскай вобласьці і потым ужо жылі ў Менску ўвесь час. І перад вайной. І ў нас ніколі не было сваякоў на вёсцы.

Я працавала ў Акадэміі навук, там у нас усім сала прывозілі, тварог, яйкі. А я на крамным сядзела...

І мы езьдзілі малыя, як вёскі не было, бацька вельмі захапляецца рыбалкай, прыроду мае бацькі вельмі любілі беларускую. Мы кожнае лета езьдзілі, здымалі пакой у якой-небудзь бабулі. Усю Беларусь так праехалі, як малыя былі. Машыны не было, дык на цягніках, на аўтобусах цягалі гэта ўсё самі. На рэчкі езьдзілі, на азёры. Я думаю, -- адтуль.

Ад бацькоў, усё роўна, ад бацькі. Ад вёскі. І потым ад Майстроўні. Бо яно калі сядзела, дык неяк дасталася гэта. Можа, яно ў кожным беларусе сядзіць? Можа, трэба ўказ прэзыдэнта выдаць, каб у кожным горадзе зрабілі Майстроўню? Выцягваць зь беларусаў беларускае. Я жартую... Я ведаю, што гэта ня можа быць пад прымусам. Будуць людзі апантаныя, энтузіясты нейкія, але таксама павінна быць нейкая эканамічная падстава для гэтага. Краіна павінна любіць сваіх людзей, любіць беларусаў. І тады гэта будзе нармальна".

Майстроўня ладзіць Каляды ў беларускай клясе менскай СШ № 108, 29 сьнежня 1983 году. Верхні шэраг: Рыгор Панцялееў, Гэнік Лойка, Яўген Валасевіч, Алесь Костка. Ніжні шэраг: Вінцук і Арына Вячоркі, Віялета Ефіменка (Кавалёва), Люся Капітула, Алесь Істомін у масцы Каляднага дзеда, Алена Клімовіч, Аліна Садоўская (Барысевіч), дзяўчына-сакратарка БДТМІ, Марына Лычкоўская, Юля Лыскова з малодшым братам Антонам, Югася Касянюк (Волкава), Сяргей Запрудзкі.

МВФ


Дубавец: Пра эканамічную падставу Юля кажа ня проста так, ад галавы. Яна шмат гадоў працуе дарадцай у прадстаўніцтве Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі.

Юля: "Гэта прадстаўніцтва МВФ, яно з 1992 году, калі мы атрымалі незалежнасьць, і краіна ўступіла ў шмат якія міжнародныя арганізацыі. Ужо паасобку, а не як частка Савецкага Саюзу. І вось мы адны зь першых уступілі ў МВФ. У ліпені 1992 году. І з таго часу, з кастрычніка, у нас прадстаўніцтва ёсьць. Быў конкурс, і я падала на конкурс. Пачынала як сакратарка, а зараз я дарадца. У нас прадстаўнік ёсьць з Вашынгтону, і я яго дарадца.

Вось хто з нас быў напачатку 1990-х у Доме ўраду? Сьмешна, але я люблю сам гэты будынак. Гэта канец 1920-х – пачатак 1930-х гадоў. Калі абстрагавацца і Леніна прыбраць, то ён вельмі прыгожы, сам будынак. Ён такі стройны, узьнёслы. Я вось усё пытаюся, якога ён быў колеру арыгінальны. Можа хто ведае з нашых архітэктараў?

Звычайны чалавек, ён жыве зусім адарваны ад ураду. Ад таго, што робіць урад ці там нацыянальны банк.
Ва ўладзе ёсьць людзі зь дзяржаўным мэнталітэтам. Яны стратэгічна думаюць. Іх можна паважаць і трэба паважаць.
Ён гэта бачыць усё толькі па выніках. А там, між іншых трапляюцца людзі з абсалютна дзяржаўным складам розуму. Зь дзяржаўным мэнталітэтам. Як ёсьць акторы, мастакі, прыроджаныя бібліятэкары, а ёсьць людзі, у якіх дзяржаўны склад розуму. Яны стратэгічна думаюць. І яны ёсьць ва ўладзе. Іх можна паважаць і трэба паважаць".

Дубавец: Звычайна, калі заходзіць гутарка пра беларускіх урадоўцаў, даводзіцца чуць не ацэнку іх кваліфікацыі, а рэфлексіі, поўныя пэсымізму. Адкуль так шмат пэсымізму?

Юля: "Можа ў нас яго шмат, бо ў нас у параўнаньні зь іншымі было шмат надзеяў. Нам здавалася, што – заўтра, сёньня. Сумневаў не было. Але лёгка нічога не даецца, канечне.

Я нядаўна чытала Бураўкіна, здаецца, пра Быкава, што Быкаў ня верыў у беларускі народ. Такое нават чытаць страшна. Але я разумею, што ён меў на ўвазе. Калі мы былі б больш народам, усё было б значна лепей і інакш.

* * *


У Майстроўні было сьвежае паветра. Ларыса Сімаковіч, Вэрця, Таня Шчасная, Гэнік, мы не губляліся, мы ўсе гэтыя гады былі побач і мне цікавей за ўсё было чытаць, што яны сказалі. Ірэна Папурэнка, канечне, зьдзівіла. Убачыць яе і пачуць было вельмі прыемна. Віялетка. Усіх прыемна. Але цікавей за ўсё было чытаць тых, каго я ведаю.

Купальле. Вязынка, 1987 год. Юля першая зьлева.

Вось калі я сказала, што дзяржава павінна любіць сваіх, беларусаў... Я ня ведаю краіны сярод нармальных, дзе Ларыса Сімаковіч ужо не была б нацыянальным героем, зоркай, якой ганарацца. Яна б па ўсім сьвеце Беларусь праслаўляла, столькі іміджу станоўчага, які так патрэбны зараз, здабыла б, як цэлае міністэрства. Але ж і мастакоў любіць трэба, і бізнэсоўцаў, і вяскоўцаў, і настаўнікаў, і вучняў... Можа, людзі больш годнымі былі б.

Калі я працавала ў Акадэміі навук, у нас загадчык лябараторыі быў Ласкаўнёў. А я зусім маладая прыйшла. Ён казаў: Юля, запомні на ўсё жыцьцё, ёсьць такое паняцьце як памяць любові. Калі ты некага любіў ці кахаў, дык гэты чалавек на ўсё жыцьцё... Гэта тое, што майстроўцы кажуць, што ўсе свае. Мы неяк любілі адзін аднога, нам добра было. Гэта нікуды не дзяецца і ня дзенецца. Яно сядзіць у табе і ўсё".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG