Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другая хваля эпідэміі СНІДу



Экспэрты аб’яднай праграмы ААН па барацьбе са СНІДам і ВІЧ (UNAIDS) лічаць, што цяпер у сьвеце назіраецца другая хваля эпідэміі гэтага захворваньня. З моманту адкрыцьця СНІДу ў 1980-я (першая хваля) ад хваробы памерлі 25 мільёнаў. Цяпер на СНІД хварэюць 33 мільёны чалавек. Належнае лекаваньне могуць атрымліваць 2 мільёны. Усю актуальную статыстыку і аналіз праблемы UNAIDS мае прадставіць у сваім штогадовым дакладзе сёлета ўвосень. Некаторыя зьвесткі будуць агучаныя ўжо на наступным тыдні цягам буйной міжнароднай навуковай канфэрэнцыі па праблемах СНІДу ў Вене. Адзін з асноўных акцэнтаў будзе рабіцца на сытуацыі ў Эўропе.

Паводле намесьніка генэральнага дырэктара UNAIDS Пола Дэ Лэй (Paul De Lay), калі першая эпідэмія ў асноўным закранула краіны Заходняй Эўропы, то цяпер яе ўсплёск прыпадае на краіны Ўсходняй Эўропы — такія, як Расея, Украіна, Беларусь, Грузія.

“За апошнія дзесяцігодзьдзі, з часу першай хвалі, у гэтым рэгіёне сфармавалася пакаленьне маладых людзей, якія “сядзяць на ігле”, якія нічога ня хочуць ведаць пра бясьпечны сэкс. Гэта ня можа не палохаць, як і тое, што трывожная дынаміка росту ВІЧ-інфікаваных (ад 2% да 30% у год) назіраецца сярод прадстаўнікоў "групы рызыкі" — гомасэксуалаў і бісэксуалаў”, кажа ў інтэрвію аўстрыйскаму тэлеканалу ORF Пол Дэ Лэй.

Згодна з афіцыйнай беларускай статыстыкай, каля 67% з амаль 11 тысяч ВІЧ-інфікаваных беларусаў складаюць маладыя людзі
Каля 67% ВІЧ-інфікаваных беларусаў — маладыя людзі ва ўзросьце ад 15 да 29 гадоў.
(пераважна мужчыны) ва ўзросьце ад 15 да 29 гадоў. Больш за палову зь іх заразіліся вірусам пры ўнутрывенным увядзеньні наркатычных рэчываў. Тысяча памерла. Дагэтуль лячэньне хворых на СНІД фінансавалася ў Беларусі за кошт грантаў Глябальнага фонду для барацьбы са СНІДам, тубэркулёзам і малярыяй, якія рэалізоўваліся праграмай ААН у супрацоўніцтве зь Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. Аднак гэтае фінансаваньне спыніцца ўжо да 2015 году, і Беларусь будзе вымушаная самастойна супрацьстаяць ВІЧ/СНІД. Пакуль жа дзяржава яшчэ не распрацавала дакумэнтаў, якія б рэглямэнтавалі гэты пераход, канстатуюць самі чыноўнікі.

ЗЬМЯНІЦь ПАВОДЗІНЫ


Як вынікае з апошніх дасьледаваньняў UNAIDS, асноўны рухавік барацьбы з інфэкцыяй — зьмены ў сэксуальных паводзінах моладзі.
UNAIDS: асноўны рухавік барацьбы зь інфэкцыяй — зьмены ў сэксуальных паводзінах моладзі.
Паводле Пола Дэ Лэй, дзякуючы адмысловым асьветніцкім праграмам — “Сэкс з прэзэрватывам”, “Замена іглаў”, а таксама працы з мужчынамі-гомасэксуаламі — вырасла колькасьць краін, дзе хвароба адступае. Гэта, у прыватнасьці, такія афрыканскія краіны, як Батсвана, Кенія, Намібія, Зымбабвэ. (Хоць на афрыканскім кантынэнце ў цэлым сытуацыя з хваробай па-ранейшаму застаецца крытычнай. Тут пражываюць дзьве траціны хворых на СНІД). Паводле падлікаў экспэртаў UNAIDS, на барацьбу са СНІДам штогод патрэбныя 18—20 мільярдаў даляраў. У пераліку на кожнага насельніка плянэты гэта ўсяго 3—4 даляры.

Тым часам комплексную нацыянальную стратэгію барацьбы са СНІДам агучыла гэтымі днямі і адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Барака Абамы.

Асноўная мэта праграмы — цягам бліжэйшых пяці гадоў скараціць колькасьць выпадкаў заражэньня СНІДам і хуткасьць распаўсюджваньня СНІДу адпаведна на 25% і 30%. Плянуецца таксама пашырыць маштабы прапагандысцкай дзейнасьці, у тым ліку і сярод ВІЧ-інфікаваных. Паводле міністра аховы здароўя і сацыяльнага забесьпячэньня ЗША Кэтлін Сыбэліюс, “ад пачатку 1990-х гадоў прагрэс у галіне прафіляктыкі СНІДу запаволіўся. Колькасьць выпадкаў, якія рэгіструюцца штогод, застаецца ў дыяпазоне 50—60 тысяч і практычна не мяняецца”. Цяпер у краіне налічваецца больш за мільён ВІЧ-інфікаваных. Штогод ад гэтай хваробы ў ЗША паміраюць 18 тысяч чалавек.

На ўзроўні спэцыялістаў, грамадзкіх дзеячаў і палітыкаў, якія шчыльна займаюцца праблемай ВІЧ/СНІД, стаўленьне да новай праграмы дваістае.

Паводле прэзыдэнта Фонду мэдычнай дапамогі хворым на СНІД (AIDS Healthcare Foundation) Майкла Ўайнстайна, “ва ўмовах эканамічнага крызісу нельга гаварыць пра нейкую новую стратэгію. Лячэньне гэтай хваробы робіцца ўсё менш даступным. Прыкладна 2,5 тысячы хворых, якія пражываюць у 12 штатах, чакаюць сваёй чаргі на мэдычную дапамогу”.

У сваю чаргу, Мітчэл Уорэн — прадстаўнік Глябальнага альянсу ў падтрымку прафіляктыкі СНІДу (Global Advocacy for AIDS Prevention) — мяркуе, што Белы дом упершыню прапанаваў праграму, якая забясьпечвае належнае кіраваньне працэсам і становіць сапраўдную, дэталёва пралічаную стратэгію на бліжэйшыя 30 гадоў. Паводле Ўорэна, адміністрацыя Абамы імкнецца да таго, каб ЗША па-ранейшаму адыгрывалі вядучую ролю ў барацьбе са СНІДам. Нягледзячы на цяперашнія эканамічныя праблемы, аб’ём фінансаваньня на рэалізацыю глябальнай ініцыятывы ў барацьбе з гэтым захворваньнем павялічыўся.

Адмаўленьне хваробы


Апошнім часам на тле супольнай заклапочанасьці маштабамі распаўсюджваньня небясьпечнай хваробы расьце колькасьць навукоўцаў-дысыдэнтаў, перакананых, што вірус СНІД — гэта праблема выдуманая. Такой думкі, напрыклад, прытрымліваецца прафэсар малекулярнай і клетачнай біялёгіі Каліфарнійскага ўнівэрсытэту, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Пітэр Дусбэрг. Адна з апошніх кніг
Нобэлеўскі ляўрэат Пітэр Дусбэрг: насамрэч СНІД — выдуманая праблема.
навукоўца так і называецца: “Выдуманы вірус СНІДу”. У ёй Дусбэрг піша, што СНІД супярэчыць усім законам, выведзеным для інфэкцыйных захворваньняў. Напрыклад, абсьледаваныя жонкі 15 тысяч ВІЧ-пазытыўных амэрыканцаў чамусьці не заразіліся вірусам, хоць надалей займаюцца сэксам са сваімі мужамі. Тым часам іншыя інфэкцыйныя хваробы кшталту грыпу або тубэркулёзу распаўсюджваюцца кантактным шляхам, прычым сярод усяго насельніцтва, незалежна ад полу і ўзросту. Што да ВІЧ-інфікаваных, то гэта пераважна мужчыны, наркаманы і гомасэксуалы ва ўзросьце ад 20 да 40 гадоў.

Паводле Дусбэрга, СНІД — гэта насамрэч новая эпідэмія вядомых старых хваробаў. Многія зь іх запускаюць мэханізм актывізацыі імунітэту і выпрацоўкі антыцелаў, што якраз і можа прывесьці да пазытыўнай рэакцыі тэсту на ВІЧ і даць падставу для фатальнага дыягназу.

Як лічыць другі апанэнт тэорыі СНІДу, вугорскі прафэсар Антал Мак, які цяпер кіруе клінікай інфэкцыйных захворваньняў у Дубаі, “няспыннае акцэнтаваньне невылечнасьці СНІДу мае на мэце выключна бізнэс-інтарэсы і атрыманьне грошай на дасьледаваньні. На гэтыя грошы, у прыватнасьці, распрацоўваюцца таксычныя прэпараты, якія забіваюць імунную сыстэму — і чалавек памірае ад розных пабочных узьдзеяньняў”. Напрыклад, такія высокатаксычныя прэпараты, як AZT, якія “забіваюць усе клеткі арганізму без разбору”. Дарэчы, аналяг гэтага прэпарату, якім лекуюць у постсавецкіх краінах, у тым ліку ва Ўкраіне, Беларусі, вырабляецца ў Расеі.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG