Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне «Свабоды»: «Сёньня — 600-гадовы юбілей Грунвальдзкай бітвы. Якая, на вашу думку, значнасьць гэтай перамогі для Беларусі?» Адказвалі мінакі на магілёўскіх вуліцах.


Спадар: «Вызваленьне ад крыжакоў. Ад тэўтонскага ярма. Выжыла нацыя перадусім. Беларускі народ захаваў свой генафонд. Беларусь тады ўваходзіла ў Рэч Паспалітую».

Малады спадар: «Пад Грунвальд ішлі палкі з-пад Смаленску, Мсьціслава, адусюль, а вярталіся яны ўжо беларусамі. Ішлі яны туды як княскія палкі, а вярталіся — як адна дзяржава».

Спадар, госьць зь Вільні (літовец): «Мы былі Вялікім Княствам Літвы. Гэта былі тыя часы, калі мы пазнаёміліся як народы. І гэтае сяброўства праверанае часам, вякамі, і яно дагэтуль квітнее».

Малады спадар: «Гэтая перамога была дужа важная. Яна заявіла пра беларусаў як пра асобную нацыю, можна так сказаць. У той бітве шмат было харугваў беларускіх. Перамога гэтая ў далейшым больш будзе шанавацца. Такія даты павінны выклікаць грамадзкі інтарэс, быць тым, чым людзі могуць ганарыцца».

Спадар сталага веку: «Ай, гэтага я ня ведаю. Нешта ў школе пра гэта не праходзілі. Па тэлевізіі мала расказваць пра яе — хоць што гэта такое было й з кім ваявалі».

Малады спадар: «Беларусь, Русь адстаяла сваё права быць самастойнай нацыяй. Спынілі прасоўваньне каталіцызму на ўсход. Тэўтонскі ордэн быў разгромлены. Напэўна, гэта была першая бітва зь немцамі, груба кажучы».

Спадар: «Цалкам займелі сваю самастойнасьць. Дзяржава ўтварылася. Мы вырасьлі як нацыя. Як самастойны, асобны народ».

Малады спадар: «Ня ведаю, што вам адказаць. Можа, ёй асаблівае значэньне надаецца, але пра гэта асабліва не афішуюць. Калі б нешта было пра гэта ў сродках масавай інфармацыі, то тады б усе ведалі».

Юнак: «Мы абаранілі сваю радзіму. Тое ж было ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Калі б мы ня сталі на абарону сваёй радзімы, я не магу нават сабе ўявіць, што б было. Я ганаруся нашымі продкамі».

Юнак: «Усе згуртаваліся супраць аднаго нечага. Усе тады былі заадно. Рознагалосьсі адышлі на другі плян. Раней наагул сутнасьць людзкая была другой. Яны ў Бога больш верылі. Зараз людзі далёкія ад гэтага ўсяго».
XS
SM
MD
LG