Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктара “Витебского курьера” забіраюць у войска


Віктар Рамнёў

Віктар Рамнёў

Віцебскія правабаронцы заяўляюць пра чарговага палітпрызыўніка, 22-гадовага Віктара Рамнёва, які вясною быў выключаны з ВНУ, і цяпер падлягае прызыву. Віктар працуе дырэктарам газэты «Віцебскі кур’ер», ён мяркуе, што яго «ізалююць» у войска, каб перашкодзіць распаўсюду незалежнай газэты.

Віктар Рамнёў, дырэктар недзяржаўнай газэты «Витебский курьер», учора ўвесь дзень правёў у ваенкамаце, а потым у міліцыі.

Ён прыйшоў паводле позвы, як усе, але далей увага да ягонай пэрсоны была надзвычайная — нават на мэдычную камісію давялося ісьці ў суправаджэньні невядомага ў цывільным, кажа Віктар Рамнёў:

«У кабінэт падпалкоўніка прыйшоў спадар у цывільным, і ён казаў, што са мной рабіць і куды весьці. Потым мы ўсе разам пайшлі да лекараў, да хірурга. У мяне рука зламаная і няправільна зраслася. Чалавек гэты загадаў, каб мне зрабілі новы здымак і новае апісаньне.
У кабінэт падпалкоўніка прыйшоў спадар у цывільным, і ён казаў, што са мной рабіць і куды весьці.
Мы паехалі ў паліклініку гэта рабіць, і невядомы чалавек увесь час быў з намі».

Віктар Рамнёў распавёў, што тэлефанаваў у Генэральную пракуратуру і ў Віцебскую міжгарнізонную пракуратуру — распавядаў, што ўказаньні вайскоўцам дае нейкі чалавек у цывільным. Урэшце, калі лекары прызналі, што прызыўніку патрэбна дадатковае абсьледаваньне ў шпіталі, хлопца «перадалі» міліцыянтам:

«Накіраваньне ў шпіталь мне не далі — сказалі, што мяне туды павязе міліцыя. Аддалі позву і накіраваньне, калі прыехалі міліцыянты. Да мяне тут жа падышлі двое ў форме і двое ў цывільным, сказалі, што я мушу паехаць зь імі. Спытаў, на якой падставе. Сказалі, што па даручэньні ваенкамату. Я патэлефанаваў 102, а там заявілі, што я п’яны. І што мушу ехаць зь міліцыянтамі».

Урэшце замест шпіталя Віктар Рамнёў апынуўся ў пастарунку. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што ён іх абражае, і завезьлі ў Чыгуначны райаддзел. Туды ж на просьбу затрыманага прыехаў і праваабаронца Павал Левінаў, і Віктара Рамнёва адпусьцілі дахаты. Трапіць у шпіталь да прызначанага часу ён не пасьпеў.

Павал Левінаў пэўны, што дырэктар недзяржаўнай газэты «можа стацца чарговым „палітпрызыўніком“:

«Ён зьяўляецца па позвах, здае аналізы, ходзіць да лекараў. Шмат прызыўнікоў цяпер прызываюцца, але ні да кога няма такой увагі з боку ваенкамату.
У прыватных гутарках супрацоўнікі кажуць, што ўвага да Віктара Рамнёва — толькі праз тое, што ён распаўсюджвае незалежныя сродкі масавай інфармацыі.
І ў прыватных гутарках супрацоўнікі кажуць, што ўвага да Віктара Рамнёва — толькі праз тое, што ён распаўсюджвае незалежныя сродкі масавай інфармацыі».

Такое сама меркаваньне і ў Віктара Рамнёва. Яго неаднойчы затрымлівалі падчас перавозкі газэты «Витебский курьер» з Расеі, дзе яна зарэгістраваная і друкуецца. Некалькі разоў быў канфіскаваны ўвесь наклад, а сума штрафаў, накладзеных рознымі судамі на Віктара Рамнёва нібыта за незаконны распаўсюд газэты, складае ўжо 108 базавых велічынь, або 3 мільёны 780 тысяч рублёў.

Перавозка, паводле беларускага заканадаўства, ужо лічыцца распаўсюдам, і прэтэнзіі да Віктара Рамнёва палягаюць у тым, што расейскае выданьне павінна мець для гэтага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь асобны дазвол. Па словах праваабаронцы Паўла Левінава, рэдакцыя зьвярталася ў Міністэрства інфармацыі, але такога дазволу не атрымала.
XS
SM
MD
LG