Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агенцтва фінансавых навін са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт агучыла цану, па якой нібыта Беларусь набывае нафту ў Вэнэсуэле. Згодна з паведамленьнем, выдаткі на закуп і транспартаваньне першых 80 тысяч тон нафты з Вэнэсуэлы склалі 656 даляраў за кожную тону, што ў 1,5 раза даражэй за расейскую нафту.

Ці можа быць у прынцыпе рэнтабэльнай дастаўка і перапрацоўка нафты з Вэнэсуэлы? Ці трэба разглядаць вэнэсуэльскі праект як цалкам палітычны?

Сэнсацыйную лічбу цаны ў 656 даляраў за тону вэнэсуэльскай нафты не пацьвердзілі ні ў Беларускай нафтавай кампаніі, якая займаецца гэтым праектам, ні ў Белстаце.

Зацікаўленыя бакі працягваюць настойваць: вэнэсуэльскі праект рэнтабэльны. Першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка апошнім часам некалькі разоў вяртаўся да тэмы трансатлянтычных паставак, зазначаючы, што нават з улікам высокіх транспартных выдаткаў гэтая нафта абыходзіцца краіне таньней, чым расейская:

«Калі, прыкладам, набываць сёньня расейскую нафту са 100-працэнтным мытам, то гэта будзеш мець страты пры цяперашняй каньюнктуры коштаў на нафту і нафтапрадукты — даляраў 120–130 у мінусе на тоне. А на вэнэсуэльскай нафце, якую мы прывезьлі, краіна зарабіла. Энную суму даляраў зарабілі, але гэта плюс, гэта ня мінус. То бок нам выгадней сёньня набываць вэнэсуэльскую нафту, чым з мытам расейскую».
Нам выгадней сёньня набываць вэнэсуэльскую нафту, чым з мытам расейскую.


Пазьней Сямашка ўдакладніў: яшчэ нядаўна выклікалі сьмех нават размовы пра беларускі сьлед у сыравінных праектах у Вэнэсуэле ці Іране. Але за два гады Беларусь ужо атрымала ў Вэнэсуэле 104 мільёны даляраў чыстага прыбытку. Сёлета, па яго словах, здабыча нафты там падвойваецца. У кастрычніку пачнуцца працы на радовішчы Джафэйр у Іране, якое павінна дадаць да гэтага яшчэ 1,5 мільёна тон нафты.

У амбасадзе Вэнэсуэлы ў Менску не ідуць далей за агульныя разважаньні. Амбасадар гэтай краіны Амэрыка Дыяс Нуньес сьцьвярджае, што на заведама нерэнтабэльныя пастаўкі ніхто б ніколі не пайшоў:

«Яшчэ летась узьнікала пытаньне: ці будуць пастаўкі вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь увогуле? Сёлета паўстае ўжо пытаньне іншае: ці рэнтабэльны гэты бізнэс? Адказ відавочны: калі б ён быў нерэнтабэльны, ніякіх паставак не было б. Але гэта таксама і жэст салідарнасьці, жэст падтрымкі беларускага народа. То бок гэты бізнэс, гэтыя адносіны — вельмі стабільныя і рэнтабэльныя. Бо ўжо ёсьць пляны на 2011 год, разьлічаныя на яшчэ большыя аб’ёмы — 10 мільёнаў тон нафты».

Большасьць экспэртаў перакананая, што пры цане нафты ў 656 даляраў за тону праект ня будзе рэнтабэльным.
Ужо ёсьць пляны на 2011 год, разьлічаныя на яшчэ большыя аб’ёмы — 10 мільёнаў тон нафты.


Аналітыкі бачаць у вэнэсуэльскім праекце і палітычны складнік. Экспэрт у энэргетычнай галіне Аляксандар Мех кажа, што эканамічнай лёгікі тут мінімум. Па-першае, самі па сабе танкерныя пастаўкі праз паўсьвету ніяк ня могуць быць таннымі. Па-другое, нафта да Беларусі ідзе праз тэрыторыю іншых краінаў, кожная зь якіх імкнецца на гэтым зарабіць. Па яго словах, уся гэтая непразрыстая схема распрацоўваецца з такім падтэкстам, каб улічыць інтарэсы непасрэдна Чавэса і Лукашэнкі. Спадар Мех зьвяртае ўвагу на тое, што нават тэхнічныя пытаньні пастаўкі вэнэсуэльскай нафты вырашаюцца на ўзроўні прэзыдэнтаў дзьвюх краінаў.

Маюць лягічны інтарэс да беларуска-вэнэсуэльскага нафтавага супрацоўніцтва і ў Расеі. Як выказаўся прэзыдэнт Фонду нацыянальнай энэргетычнай бясьпекі Канстанцін Сіманаў, досьвед супрацы Менску і Каракаса для Масквы вельмі паказальны: калі Лукашэнка купляе нафту за акіянам, значыць, у яго ёсьць грошы. Адпаведна, гульні ў бедных ужо не дапамогуць. Аналітык перакананы, што вэнэсуэльская нафта пры любым раскладзе будзе даражэйшая за расейскую, але лічыць, што Лукашэнка пайшоў на прынцып: «Калі ён назло матулі гатовы адмарозіць вушы ці купляць нафту ў каго заўгодна, толькі не ў Расеі, то трэба рабіць палітычныя высновы: наколькі надзейны партнэр Лукашэнка?»
XS
SM
MD
LG