Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 500 беларусаў бяруць удзел у сьвяткаваньні 600-годзьдзя перамогі пад Грунвальдам, якое 15—17 ліпеня праходзіць у Альштынскім ваяводзтве Польшчы.

Пра гэта паведаміў БелаПАН намесьнік старшыні нацыянальнага грамадзкага аргкамітэту па сьвяткаваньнію 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы, мастак Мікола Купава.

Паводле газэты "Туризм и отдых", шэраг турфірмаў і дабрачынны фонд "Краіна Замкаў" накіравалі на сьвята 219 беларускіх турыстаў. Яшчэ 194 сябры беларускіх рыцарскіх клюбаў на чале з кіраўніком менскага клюбу "Княжы Гуф" Фёдарам Міхеевым накіраваліся ў Польшчу пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры. Апроч таго самастойна на сьвята выехалі ўдзельнікі пяці рыцарскіх клюбаў і аматры гісторыі.

15 ліпеня ў Альштынскае ваяводзтва накіравалася дэлегацыя беларускай грамадзкасьці ў складзе якой сябры аргкамітэту, дзеячы навукі і культуры, журналісты. Паводле спадара Купавы, раней на сьвята выехалі ўдзельнікі мастацкіх калектываў і асобныя выканаўцы зь Беларусі. Беларуская дэлегацыя будзе браць удзел у сьвяце пад рэканструяванымі сьцягамі 30 беларускіх палкоў (харугваў), якія змагаліся 600 гадоў таму пад Грунвальдам. Усяго ў бітве брала ўдзел 50 польскіх харугваў і 40 харугваў ВКЛ.

Сёньня адбудзецца генэральная рэпэтыцыя бітвы, а ў суботу, 17 ліпеня - асноўная яе рэканструкцыя.
XS
SM
MD
LG