Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Паўночны аб’езд” руйнуе гістарычную частку Гомелю


Гомельскія грамадзкія актывісты пачалі зьбіраць подпісы гараджанаў пад зваротам да старшыняў аблвыканкаму й гарвыканкаму Аляксандра Якабсона й Віктара Піліпца ў зьвязку з будаўніцтвам аб’язной дарогі — так званага “Паўночнага аб’езду”.

У звароце сказана, што Гомелю сапраўды патрэбная разгрузка ад плыняў транзытнага аўтатранспарту. Аднак будаўніцтва аб’ездаў “не павінна суправаджацца яшчэ большымі экалягічнымі выдаткамі, паніжэньнем якасьці жыцьця жыхароў гораду, зьнішчэньнем гарадзкой прыродаахоўнай зоны”.

Будаўнічыя працы на абодвух берагах ракі Сож вядуць аб’яднаньне “Гомельпрамбуд”, “Будтрэст № 14”, РУП “Мастабуд” — высякаюцца зялёныя пасадкі блізу мікрараёну “Мельнікаў луг” і ў левабярэжнай частцы палаца-паркавага ансамбля Гомелю, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

У раёне Якубоўкі зьнішчаны археалягічныя помнікі — стаянкі каменнага й бронзавага веку, занесеныя ў рэспубліканскі рэестар.

“Разбурэньне гістарычнай ідэнтычнасьці гораду, — гаворыцца ў звароце, — можа нанесьці незваротную шкоду экалёгіі й якасьці жыцьця будучых пакаленьняў гамельчукоў. Гэта асабліва сумна, калі ўлічыць, што ў мінулым годзе цэнтар нашай вобласьці страціў статус самага “зялёнага” гораду Беларусі”.

Як мяркуе ініцыятар звароту, актывіст БХД Юры Клімовіч, на стадыі праектаваньня аб’езду не была зроблена сучасная экалягічная экспэртыза, якая б улічвала Эўрапейскую канвэнцыю аб ляндшафтах.

Падпісанты патрабуюць ад старшыняў абласнога й гарадзкога выканкамаў спыніць будаўніцтва аб’язной дарогі, спрыяць аб’ектыўнай ацэнцы згаданага праекту паводле ягонага ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, а таксама на падставе Орхускай канвэнцыі ААН, якую ратыфікавала Беларусь, правесьці грамадзкія слуханьні наконт будаўніцтва “Паўночнага аб’езду”, каб адшукаць альтэрнатыўны маршрут з найменшай шкодай для навакольля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG