Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія турысты павалілі ў Літву


Паланга
Паланга
Жыхарам Беларусі, якія вырашылі адпачыць у Літве, чакаць візу даводзіцца каля месяца. Пра гэтую праблему піша сёньня ў газэце "Lietuvos rytas" Айда Мураўскайце.

Паланга і Ніда маглі б зарабіць на беларускіх турыстах, аднак грамадзяне Беларусі, якія б сёньня вырашылі правесьці адпачынак у Літве, маглі б атрымаць візы толькі ў другой палове жніўня.

Як падлічылі беларускія турыстычныя агенцтвы, колькасьць беларусаў, якія выяжджаюць у Літвы за апошні год павялічылася ўдвая.

МЗС Літвы таксама прызнае, што беларусаў стала прыяжджаць болей. Аднак міністэрства наракае, што нічога ня можа зрабіць: консульскія работнікі ледзь не пасьпяваюць задаволіць усіх ахвочых, а на павелічэньне штатаў няма сродкаў.

Паланга выцесьніла Турцыю

“Паланга сёлета ў беларусаў папулярная. Можа прадпрымальнікі зьнізілі цэны на паслугі? Апрача таго, падняліся цэны на пуцёўкі ў Турцыю. А Літва – цудоўная альтэрнатыва: параўнаўча танна, і сьпёка не такая страшная”, - кажа мэнэджэр менскага турагенцтва “Клюб аматараў падарожжаў” Маргарыта Гардзей.

Сёлета турысты, якія зьвярнуліся ў гэтае агенцтва па літоўскую візу, могуць выехаць у Літву ў найлепшым выпадку толькі ў сярэдзіне жніўня.

Жадаючых паехаць у Літву гэтым летам – удвая або нават утрая больш, чым летась. М.Гардзей упэўненая, што боязь крызісу, якая стрымлівала беларусаў у 2009 годзе, ужо сунялася.

Гэта пацьвярджае і мэнэджэр іншага беларускага агенцтва – “Саюз тур” Анастасія Нарановіч: “Паехаць у Літву хочуць шмат беларусаў – адныя па справах, другія – адпачыць на моры. Але цяпер жадаючых атрымаць візу мы рэгіструем толькі на канец жніўня”.

Паводле А.Нарановіч, нямала кліентаў, даведаўшыся, колькі давядзецца чакаць візу, адмовіліся ад плянаў адпачынку ў Літве.

Не хапае працаўнікоў і сродкаў


“З-за складанага эканамічнага становішча ў краіне амбасада Літвы ў Беларусі мае надзвычай абмежаваныя фінансавыя рэсурсы”, - так пракамэнтаваў сытуацыю аддзел друку і публічных зносінаў МЗС Літвы.

Маўляў, попыт на консульскія паслугі павялічваецца, а грошай не хапае. З-за гэтага няма за што наняць новых працаўнікоў, таму не хапае службоўцаў і таму выцягваюцца даўжэзныя чэргі ахвочых атрымаць шэнгенскую візу.

Сёлета ў чэрвені грамадзянам Беларусі выдадзена 10,6 тыс., летась у чэрвені – 8,2 тыс. візаў.

“Цяперашні калектыў амбасады, нават працуючы па-за працоўным часам і перавышаючы максымальныя нормы нагрузкі консульскай працы, фізычна ня ў стане апэратыўна абслужыць усіх, хто зьвярнуўся па візу, так, каб не стваралася чэргаў”, - тлумачаць прадстаўнікі літоўскага МЗС.

Дарэчы, ня лепшая сытуацыя і ў латыскім кансуляце ў Менску. Грамадзянам Беларусі, якія зарэгіструюцца сёньня, давядзецца чакаць пару тыдняў, каб атрымаць патрэбныя для візы дакумэнты, і яшчэ два тыдні заняло б само афармленьне візы.

* * *

Гасьцей зь Беларусі – усё болей


* У 2009 годзе, у параўнаньні з 2008-м, колькасьць замежнікаў, якія наведваюць Літву і застаюцца хаця б на адну ноч, зьменшылася на 16,8% (з 1,6 млн. у 2008 да 1,3 млн. у 2009).

* Бальшыня турыстаў у Літве ў 2009 годзе была зь Беларусі (18 %, або 247,3 тыс.), Расеі (14 %, або 189,4 тыс.), Латвіі (11 %, або 149,4 тыс.), Польшчы (11 %, або 141,5 тыс.).

* У 2009 годзе, у параўнаньні з 2008-м, колькасьць гасьцей зь Беларусі вырасла на 18,6%.

Крыніца: Дэпартамэнт статыстыкі Літвы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG