Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родныя Сяргея Каваленкі непакояцца за ягонае здароўе


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

Віцебскі апазыцыянэр, які сёмы дзень знаходзіцца пад арыштам, трымае галадоўку. Такім чынам ён пратэстуе супраць несправядлівых, на ягоную думку, затрыманьняў і прысудаў, якія лічыць помстай за палітычную актыўнасьць.

Сёньня сваякі патэлефанавалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, і дзяжурны запэўніў, што скаргаў на здароўе зьняволены не выказваў.

Родныя вырашылі зноў паспрабаваць перадаць Сяргею пітной вады: калі маці, Лідзія Каваленка, прынесла перадачу мінулым разам, яе не прынялі.

Сваякоў вельмі непакоіць стан ягонага здароўя, бо актывіст трапіў у ізалятар літаральна праз тры дні пасьля таго, як выпісаўся са шпіталю.

Лідзія Каваленка распавяла, што Сяргей хворы на хранічную вэгета-сасудзістую дыстанію, якая за апошні час прагрэсавала. І ў шпіталь мінулым разам яго завезла “Хуткая дапамога” пасьля таго, як ён страціў прытомнасьць. Маці хвалюецца, што такой сьпёкаю, да таго ж у галадоўцы, здароўе сына можа істотна пагоршыцца. Невядома, ці будзе Сяргей Каваленка працягваць галадоўку пасьля таго, як выйдзе з ізалятара часовага ўтрыманьня. Здарыцца гэты толькі 18-га ліпеня ў 21:30.

Жонка актывіста, Алена Каваленка, распавяла, што ўжо двойчы спрабавала замовіць паслугі адваката, які змог бы ўбачыцца са зьняволеным, распавесьці пра стан ягонага здароўя і, мажліва, скласьці скаргі на акалічнасьці затрыманьня. Аднак адвакаты адзін за адным адмаўляюцца займацца справамі апазыцыянэра: спачатку пагаджаюцца, а потым узгадваюць пра нейкія іншыя свае прафэсійныя абавязкі.

Нагадаем: паводле рашэньня Першамайскага РАУС актывіст быў зьмешчаны пад варту 9-га ліпеня на 10 сутак. Гэта дысцыплінарнае пакараньне за парушэньне рэжыму, бо Сяргей Каваленка пакараны абмежаваньнем волі на тры гады ўмоўна за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на гарадзкой ёлцы 7-га студзеня і за непадпарадкаваньне міліцыянтам падчас затрыманьня.

Парушэньнем рэжыму стала спазьненьне дахаты: згодна з правіламі адбыцьця ўмоўнага пакараньня, асуджаны мусіць вяртацца дахаты не пазьней як а 21-й гадзіне. Маці актывіста Лідзія Каваленка цьвердзіць, што парушэньне было справакавана: міліцыянты адсачылі вяртаньне Сяргея і проста не пускалі яго ў пад'езд, пакуль ня выйшаў кантрольны час.

Такім чынам, ужо пасьля крымінальнага абвінавачаньня за сьцяг на ёлцы Сяргея Каваленку яшчэ некалькі разоў затрымлівалі за адміністрацыйныя правапарушэньні. Тройчы, на ягоную думку, беспадстаўна і прэвэнтыўна: яго затрымлівалі нібыта за брыдкаслоўе ў грамадзкіх месцах напярэдадні буйнамаштабных сьвяткаваньняў — 9-га траўня, 3-га ліпеня і вось цяпер, напярэдадні адкрыцьця “Славянскага базару”. Актывіст мяркуе, што такім чынам міліцыянты “страхуюцца” ад магчымых ягоных акцый зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Сваякі непакояцца, што зафіксаваныя парушэньні могуць пацягнуць за сабой зьмену пакараньня для Сяргея Каваленкі: замест умоўнага яму могуць прысудзіць "хімію" ці нават турэмнае зьняволеньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG