Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ТО ДАЖДЖЫСТА...


...то сонечна. Цёпла і вельмі цёпла: 20 — 32 С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Аналітычны цэнтар "Стратэгія" і Нацыянальны камітэт Аб’яднаных дэмакратычных сілаў правядзе сэмінар "Сытуацыя ў мэдыяпрасторы Беларусі на парозе прэзыдэнцкай кампаніі: рэаліі і пэрспэктывы". Менск, гатэль "Эўропа", 11.00-14.00.

На стадыёне "Дынама" ў Менску адбудзецца першы футбольны матч 2-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі Эўропы УЭФА паміж менскім "Дынамамам" і "Калевам" (Сіламяэ, Эстонія). Пачатак а 19.00.

У філярмоніі ў Віцебску раздадуць узнагароды концурсу выканаўцаў эстраднай песьні "Віцебск 2010". Пачатак а 15.00.

ТАМ ДЗЕ НАС НЯМА:


Дэлегацыя Эўразьвязу пачынае двухдзённыя перамовы ў Баку аб падрыхтоўцы дамоваў аб асацыяцыі з Азэрбайджанам, Армэніяй і Грузіяй.

Міністар замежных справаў Эўразьвязу Кэтрын Эштан едзе ў Грузію, потым у Казахстан.

Амэрыканцы перадаюць іракійцам кантроль над сваёй апошняй турмой у Іраку.


ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1410 каля мясцовасьцяў Грунвальд і Танэнбэрг, у адной з найбольшых бітваў Сярэднявечча, аб’яднаныя войскі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага перамаглі рыцарства Эўропы, якое ваявала на баку Тэўтонскага Ордэну пад камандаваньнем магістра гэтага ордэну Ульрыха фон Юнгінгена. Некаторыя дасьледнікі ацэньваюць, што ў 20-тысячнай крыжацкай арміі саміх рыцараў-крыжакоў было ўсяго некалькі сотняў, а астатнюю сілу складалі наёмныя аддзелы і рыцары з усёй Эўропы. На крыжацкім баку ваявалі таксама палякі ды прусы і літоўцы з земляў, якія знаходзіліся ў саюзе з Тэўтонскім Ордэнам або пад яго панаваньнем. У бітве на польска-літоўскім баку прынялі між іншым удзел харугвы віленская, гарадзенская, лідзкая, смаленская, аршанская, амсьціслаўская, полацкая, віцебская, пінская, драгічынская, мельніцкая, навагрудзкая, берасьцейская і ваўкавыская.

У 1606 нарадзіўся выдатны нідэрляндзкі мастак Гармэнс ван Рэйн Рэмбрандт (пам. 1669).

У 1900 прыйшоў на сьвет Уладзімер Дубоўка – адзін з найбольшых беларускіх паэтаў ХХ стагодзьдзя (пам. 1976). Паходзіў Дубоўка зь вёскі Агароднікі на Пастаўшчыне і быў ці ня самым прыкметным завадатарам літаратурнага жыцьця ў савецкай Беларусі. Эстэтыку Дубоўка ставіў вышэй за ідэалёгію, таму ўжо ў 1931 годзе яго пакаралі пяцігадовай высылкай углыб Расеі. Пасьля гэтага быў новы арышт і новая высылка – на 10 гадоў. У адрозьненьне ад многіх іншых паэтаў, Дубоўка пазьбегнуў сьмяротнага пакараньня, але быў надламаны лягерным жыцьцём і ў Беларусь ужо не вярнуўся.

У 1904 памёр расейскі пісьменьнік Антон Чэхаў (нар. 1860).

У 2009 у Інгушэтыі знайшлі застрэленую журналістку Натальлю Эстэміраву, якую невядомыя выкралі папярэдняга дня зь яе дому ў Грозным у Чачні. Эстэмірава была палымяным абаронцам правоў чалавека ў Чачні і шмат пісала аб катаваньнях, выкраданьнях і забойствах у гэтай каўкаскай рэспубліцы.

МІНУС 365:

Год таму на сайце Свабоды: "Новы электронны слоўнік беларускай мовы".

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


"Калі вусны шапталі – ня трэба! –
дык у вачах сьвяцілася – любы, імкніся…
І ў вачах было вечна палкае мора і неба:
у нязьмерных глыбінях нязьмерныя высі.

А калі паспляталіся сьцені,
зоры ў небе і моры вянком завіліся.
Над зямлёю тады летуценьні жылі ў летуценьнях:
у нязьмерных глыбінях нязьмерныя высі.

І ў той час, што не знае падобных,
ў захапленьні і месяц на хмарах спыніўся.
Векавечныя тайны ў адзін зьнітаваліся подых:
у нязьмерных глыбінях нязмерныя высі.

А калі рассыпаліся зоры,
што зьвіваліся ў небе і моры калісьці,
даляведныя вочы праменілі шчасьце і гордасьць:
у нязьмерных глыбінях нязмерьныя высі."

Уладзімер Дубоўка
, "Калі вусны шапталі", 1926.
XS
SM
MD
LG