Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У арыштаваным "Вольным горадзе" шукаюць крамолу


Пракуратура Крычаўскага раёну абавязала раённы аддзел міліцыі правесьці дадатковае расьсьледаваньне па факце арышту накладу недзяржаўнай газэты "Вольны горад". Як сьцьвярджае рэдактар выданьня Сяргей Няроўны, так распарадзіўся пракурор раёну Ўладзімер Трывайла.

"Я сёньня тэлефанаваў яму, і ён прызнаў, што двое міліцыянтаў прыносілі арыштаваную газэту ў пракуратуру. Як ён сьцьвярджае, апячатаны пакунак з газэтамі ён суправадзіў допісам. Што ў ім напісана, ён не паведаміў. Ён даў зразумець: калі ў газэце міліцыянты ня знойдуць крамолы, то яе могуць вярнуць нам. Я, праўда, у гэтым сумняваюся.

Хто будзе праводзіць экспэртызу й колькі часу на гэта спатрэбіцца, невядома. Міліцыянты адназначна ня маюць такіх паўнамоцтваў. Я перакананы, што міліцыянтамі кіруюць спэцслужбы, якім дадзены загад не дапусьціць да чытачоў інфармацыі пра скандальную расейскую стужку "Хросны Бацька". Наклад нашага выданьня міліцыянты проста скралі. Парушэньняў заканадаўства з нашага боку не было. Міліцыянты арыштавалі 297 асобнікаў, але меркавалі, што іх будзе ў кур’ера болей. Цяпер ня ведаюць, што рабіць далей", паведаміў "Свабодзе" Сяргей Няроўны.

Як кажа спадар Няроўны, галоўнай тэмай арыштаванага нумару быў артыкул "НТВ зьнішчыла рэпутацыю прэзыдэнта Лукашэнкі" з камэнтаром Паўла Шарамета.

Кур’ера з 297 асобнікамі "Вольнага гораду" арыштавалі чацьвёра міліцыянтаў на крычаўскім аўтавакзале 9 ліпеня. Пазьней яго выпусьцілі, але газэты канфіскавалі. Выдаўцы пісьмова запатрабавалі ад пракурора і начальніка раённай міліцыі вярнуць арыштаваны наклад газэты.

Недзяржаўная газэта "Вольны горад" друкуецца ў Смаленску. Выданьне не зарэгістраванае. Паводле беларускага заканадаўства, у такім статусе газэта павінна выходзіць накладам, ня большым за 299 асобнікаў.
XS
SM
MD
LG