Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны валютны фонд працягвае кансультацыі з уладамі Беларусі пра кірункі структурных рэформаў, якія могуць стаць падмуркам новай праграмы ў выпадку афіцыйнага запыту беларускага боку.

"Цяперашнія кансультацыі з уладамі пра магчымыя кірункі, тэрміны і аб'ёмы рэформаў — гэта напрацоўкі, якія неабходныя, калі беларускі бок афіцыйна зьвернецца да МВФ па новую праграму. Гэтая праца вельмі важная для посьпеху перамоваў", — сказала Інтэрфаксу сталы прадстаўнік МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна.

Афіцыйны Менск пакуль не рабіў афіцыйнага запыту наконт новай праграмы.

Адносна кансультацый Н.Калядзіна сказала, што МВФ хоча ведаць, "што ўлады хочуць зрабіць у наступным годзе і цягам бліжэйшых пяці гадоў". Апроч таго, МВФ прыслухоўваецца да плянаў Усясьветнага банку адносна структурных пераўтварэньняў у Беларусі.

Асноўнымі кірункамі, які абмяркоўваюцца, Н.Калядзіна назвала прыватызацыю, лібэралізацыю цэнаўтварэньня і рынкаў працы.

"Вельмі важным ёсьць стварэньне спэцыялізаванага фінансавага агенцтва для фінансаваньня дзяржпраграм — праца ў гэтым кірунку працягваецца", сказала Натальля Калядзіна.

Яна адзначыла, што падрыхтаваны праект дырэктывы прэзыдэнта аб лібэралізацыі эканомікі сьведчыць пра намер уладаў рабіць рэформы, але галоўным пытаньнем застаюцца іх мэханізмы, хуткасьць і глыбіня.
XS
SM
MD
LG