Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з арганізатараў акцыі супраць падвышэньня коштаў на паліва Канстанцін Міхайлаў атрымаў ліст ад Беларускага дзяржаўнага канцэрну па нафце і хіміі.

Першапачаткова ўдзельнікі акцыі "Стоп-бэнзін" аднесьлі зварот у адміністрацыю прэзыдэнта, адкуль яго пераслалі ў Саўмін, а Саўмін накіраваў яго ў канцэрн "Белнафтахім".

Аўтамабілісты патрабуюць перагледзець парадак фармаваньня цэнаў на паліва.

"Белнафтахім" піша, што рашэньні аб зьменах цэнаў на нафтапрадукты прымаюцца канцэрнам "Белнафтахім" у рамках заканадаўства. Канцэрн удзельнічае ў распрацоўцы і ажыцьцяўленьні дзяржаўнай палітыкі цэн на нафту і нафтапрадукты.

Таксама за канцэрнам замацавана права "сыходзячы з дзяржаўных інтарэсаў і сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне рэгуляваць цэны і надбаўкі на нафтапрадукты".

Згодна з заканадаўствам канцэрн "ажыцьцяўляе рэгуляваньне цэнаў на нафтапрадукты шляхам усталяваньня гранічных адпускных цэнаў".

"Юрыдычныя асобы, якія рэалізуюць нафтапрадукты на ўнутраным рынку могуць рабіць пакупнікам скідкі і рэалізоўваць нафтапрадукты па больш нізкіх цэнах. Цяпер цэны ў раздроб на нафтапрадукты, якія рэалізуюцца ў Беларусі ў сярэднім адпавядаюць узроўню цэнаў ва Ўкраіне, некалькі вышэй, чым у Расеі, і значна ніжэй, чым цэны ў прыбалтыйскім рэгіёне і краінах Эўропы", - гаворыцца ў лісьце.

Канцэрн нагадвае, што аб прычынах зьмены цэнаў апэратыўна паведамляецца на сайце.

Камэнтуючы гэты адказ "Белнафтахіму", адзін з арганізатараў акцыі Канстанцін Міхайлаў адзначыў, што у лісьце канцэрну няма адказаў на пастаўленыя аўтамабілістамі пытаньні.

"Пасьля такога ліста, звычайнай адпіскі, не застаецца іншага выйсьця як пісаць новыя лісты, праводзіць новыя акцыі. Цяпер мы пачалі рыхтаваць два лісты ў Прэзыдыюм Савета міністраў аб зьніжэньні цэнаў на паліва і з просьбай патлумачыць сытуацыю нармальнай чалавечай мовай".
XS
SM
MD
LG