Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік місіі ЗША пры АБСЭ Іэн Келі выступіў з заявай аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі перад Сталай радай АБСЭ ў Вене.

У заяве гаворыцца, што “ЗША адзначаюць з сур’ёзнай занепакоенасьцю, што працягваюцца ціск і запалохваньне, накіраваныя на незалежныя СМІ і палітычную апазыцыю ў Беларусі. Пасьля некаторага прыкметнага паляпшэньня ў канцы 2008 году мы з сумам адзначаем, што ў наступны пэрыяд мелі месца няспынныя парушэньні нормаў АБСЭ”.

Сярод падзеяў, якія выклікаюць найбольшую заклапочанасьць, названыя:

  • напад 8 ліпеня на актывіста "Маладой Беларусі" Артура Фінькевіча пасьля наведваньня ім амбасады ЗША; пры гэтым яму пырснулі ў твар невядомай вадкасьцю, зьбілі і павалілі на зямлю. У яго скралі ноўтбук, мабільны тэлефон, ключы, пашпарт – з-за крадзяжу пашпарта Фінькевіч ня здолеў прыехаць у ЗША па арганізаванай Дзярждэпартамэнтам ЗША праграме абмену;
  • 9 ліпеня сябар апазыцыйнай партыі Віктар Каваленка быў пасаджаны за краты разам са сваім братам, каб прадухіліць іх зьяўленьне на фэстывалі, які павінен быў адкрыць прэзыдэнт Лукашэнка;
  • наклады двух незалежных выданьняў (“Вольны горад” і “Наша Ніва”) былі заблякаваныя, верагодна, з-за публікацый артыкулаў пра расейскі дакумэнтальны фільм аб датычнасьці Аляксандра Лукашэнкі да зьнікненьня яго палітычных апанэнтаў;
  • міліцыя перашкодзіла 9 ліпеня сустрэчы двух лідэраў “неафіцыйнага” Саюзу палякаў Анжалікі Арэхвы і Андрэя Пачобута з камісарам ЭЗ ў пытаньнях пашырэньня і палітыкі суседзтва Штэфанам Фюле;
  • рэдактар вэб-сайту charter97.org была дапытаная ня менш як чатыры разы з сакавіка, у яе дома і ў офісе правялі ператрусы;
  • менская міліцыя правяла ператрус аўтамабіля актывіста Міхася Башуры і канфіскавала подпісы за наданьне вуліцам у Менску і ў Горадні імя Васіля Быкава;
  • да гэтага часу не скасаваны арт.193 КК, які прадугледжвае турэмнае зьняволеньне за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

“Гэтыя выпадкі зьяўляюцца толькі невялікай часткай шматлікіх фактаў, якія сьведчаць пра сыстэматычнае павелічэньне ціску і запалохваньня незалежных СМІ і палітычнай апазыцыі ў Беларусі. Мы працягваем заклікаць урад Беларусі перагледзець свае законы аб СМІ, свабодзе сходаў і асацыяцыяў, а таксама аб палітычных партыях, і іх рэалізацыю, у мэтах прывядзеньня ў адпаведнасьць з абавязаньнямі АБСЭ... у адпаведнасьці з нашымі абавязаньнямі перад АБСЭ мы гатовыя супрацоўнічаць з урадам Беларусі ў гэтай справе”, – гаворыцца ў заяве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG