Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На прэс-канфэрэнцыі ў Беларускай асацыяцыі журналістаў галоўны рэдактар «Нашай нівы» Андрэй Скурко расказаў пра сытуацыю вакол зьнікненьня часткі апошняга нумара.

Як піша інтэрнэт-газэта «Салідарнасьць», нумар газэты зьнік «недзе паміж друкарняй і «Белсаюздрукам»:

— На мінулым тыдні мы сутыкнуліся з новым відам цэнзуры — цэнзурай часоў «лібэралізацыі», калі частка накладу з матэрыялам пра фільм НТВ «Крёстный батька» была зьнятая з распаўсюду. Прычым, была вынята самая лёгкадаступная частка газэты, якая ішла праз кіёскі «Белсаюздруку».

Галоўны рэдактар выданьня Андрэй Скурко расказаў, што рэдакцыя зьвярталася ў абласныя «Белсаюздрукі», але атрымлівала там розныя адказы. Нехта казаў, што нумар паступіў у продаж, але чытачы знайсьці яго не змаглі, нехта казаў, што апошні нумар да іх не паступіў.

Пры гэтым Андрэй Скурко лічыць, што ў сытуацыі з затрыманьнем нумару «Белсаюздрук» выступіў толькі ў ролі выканаўца, а рашэньне прымалася на некалькі ўзроўняў вышэй.

Рэдакцыя скіравала зварот да «Белсаюздруку» з патрабаваньнем тлумачэньняў. Акрамя таго, рыхтуецца скарга ў пракуратуру і зварот у гаспадарчы суд, паколькі выданьне панесла даволі істотныя матэрыяльныя страты: у «Белсаюздрук» было накіравана 3485 асобнікаў — разам з ПДВ рэдакцыя губляе 4 мільёны рублёў.

Калі ж «Белсаюздрук» будзе рабіць выгляд, што нумар пайшоў у продаж, рэгіянальныя прадпрыемствы будуць вымушаныя пералічыць нам грошы за нумар.
— Наступны акт гэтага «марлізонскага балету» будзе тады, калі мы атрымаем пры канцы месяца ад «Белсаюздруку» лічбы сьпісаньня. Калі сьпісанне нумару ад 7 ліпеня будзе надзвычай вялікім, гэта будзе значыць, што «Белсаюздрук» негалосна расьпісваецца: нумар быў затрыманы. Калі ж сьпісаньне будзе звычайным і «Белсаюздрук» будзе рабіць выгляд, што нумар пайшоў у продаж, рэгіянальныя прадпрыемствы будуць вымушаныя пералічыць нам грошы за нумар. Гэта можа быць першым прыкладам дзяржаўнай датацыі незалежнай прэсы.

Разам з тым, Андрэй Скурко выказаў «Белсаюздруку» падзяку: калі ў час летніх адпачынкаў увага да прэсы традыцыйна падае, яны такім арыгінальным чынам прыцягнулі ўвагу да газэты «Наша ніва».


XS
SM
MD
LG