Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтарынак абязьлюдзеў: сьпякота плюс кошты


Адмысловыя выданьні паведамляюць пра істотнае зьніжэньне коштаў і аб’ёмаў продажу на аўтарынках, што зьвязана нібыта зь вялікай колькасьцю завезеных аўтамабіляў. Наш карэспандэнт наведаў менскі аўтарынак «Малінаўка», дзе спраўдзіў гэтыя ды іншыя зьвесткі.

Аўтарынак «Малінаўка» за сталічнай кальцавой, насупраць мікрараёну Паўднёвы Захад. Гадзіна дня, сьпякота — плюс трыццаць. Над полем з аўтамабілямі, але амаль безь людзей гучаць рэклямныя аб’явы. Іду ўздоўж аўтамабіляў з цэньнікамі на пярэднім шкле. Закрэсьленых цэнаў з напісанымі новымі лічбамі нідзе ня бачу. Ці азначае гэта, што кошты трымаюцца, як той юнак на допыце? Вартаўнік «Аўтаподыюму» (гэтак называецца гандлёвая пляцоўка) тлумачыць, што сюды выстаўляюць аўтамабілі звычайна раз на тыдзень і, адпаведна, цэньнікі мяняюць не часьцей. За месяц кошты крыху ўпалі, але неістотна — толькі на некаторыя мадэлі на 5-10%. «Няма куды падаць ніжэй», — падводзіць рысу пад размоваю вартаўнік.

Іван схаваўся за «Маздай», якую днямі прыгнаў зь Нямеччыны.
Гандляроў на рынку — адзінкі. Івану за 60 гадоў, але яшчэ сам ганяе машыны зь Нямеччыны і сам прадае. Днямі прыгнаў «Мазду» 2002 году, падправіў і сёньня выставіў на пляцоўку. Просіць 5750 даляраў, але рэальна гатовы прадаць за 5500. Кажа, праз тыдзень-два перапіша цэньнік — зьменшыць на 100 даляраў, і гэтак далей. А ўвосень, паводле прагнозу Івана, кошты стабілізуюцца, бо падымецца попыт. Але пакуль — цішыня. З раніцы машыну агледзеў толькі адзін пакупнік. Пытаюся, а як з пакупнікамі ў суботу-нядзелю?

«Людзей больш, канечне. Рух усё ж ідзе. Зараз жа людзям выдаюць крэдыты, і хто ня мае магчымасьці набыць за свае грошы, ідзе ў банк і пад рабаўнічыя 24 працэнты купляе. Расплачваюцца і беларускімі рублямі, і далярамі, і эўра».

У суботу пагандляваць на аўтарынку — 50 тысяч, папярэджвае адміністрацыя.
Паводле Івана, сярэдні гандляр на «Малінаўцы» зарабляе за месяц 300-400 даляраў, тысячу «падымаюць» тыя, хто прадае дарагія машыны і мае вялікія абароты. Я выказаў сумнеў: няўжо за такія грошы людзі пагаджаюцца тут пячыся на сонцы ў летнюю сьпякоту ды мерзнуць зімой? Але Іван запярэчыў: абароты продажу падаюць, гандаль тут робіцца нявыгадным, людзі сыходзяць:

«Некаторыя людзі сыходзяць з рынку, шукаюць іншую працу, тое-сёе. І рынку гэтага хутка ня будзе, ён памрэ. Колькі мы плацім за арэнду? 100 тысяч за тыдзень. Гэта шмат. У той жа Літве 15 даляраў за тыдзень гандлю на рынку, і там жа іншыя магчымасьці зарабіць».

І ўсё ж свае прыбыткі Іван крыху прымяншае. Нездарма падчас фатаграфаваньня гандляр абачліва схаваўся за аўтамабілем.

Алег і Сьвятлана не знайшлі на рынку ў Малінаўцы «Мэрсэдэса»?
А вось і рэдкія пакупнікі. Маладая парачка: Алег і Сьвятлана. Алег шукае «Мэрсэдэс», але з «Малінаўкі» сыходзіць расчараваны: выбару няма, тое, што стаіць, усё перафарбаванае, значыць — адрамантаванае ламачча.

Пакупнік Алег: «Няма нябітых аўтамабіляў. Я не знайшоў».

Карэспандэнт: «У мяне было ўяўленьне, што панавезьлі аўтамабіляў, павінен быць вялікі выбар — але бачу іншае».

Пакупнік Алег: «Не, на выходныя машын вельмі шмат. І тут, і на рынку ў Ждановічах. І выбар значна большы. Але так, каб даверыцца і купіць — не. Баюся. Відаць, лепш паехаць у Эўропу і набыць ужыванае аўто там, прычым не на рынку ў такога ж перакупшчыка, а ў салёне».

Георгій зь Віцебску: «Цэны пачнуць расьці з будучага году».
Мой наступны суразмоўца, Георгій, які разам з жонкай вывучае кошты, шукае міні-вэн. Цікаўлюся ягоным прагнозам адносна коштаў: будуць яшчэ падаць ці спыняцца?

«Мяркую, што ўжо не. Адзінае, што, магчыма, летні сэзон спыніцца і кошты восеньню яшчэ крыху ўпадуць, але не нашмат. Праз год зноў даражэць будуць аўто ў сувязі з Мытным саюзам, таму нашмат кошты падаць ня будуць. Вось мы і думаем празь месяц-два ўсё ж купіць аўтамабіль, моцна не зацягваць з гэтай справай».

Ці змогуць аўтаўладальнікі абнаўляць свой аўтапарк праз 2-3 гады, як ужо стала нормай у Менску? Аляксандар нагледзеў на «Малінаўцы» «Фольксваген Пасат» 2001 году за 8770, але сумняецца. У яго такі ж аўтамабіль 1999 году. Каб яго прадаць хаця б за 6 тысяч, трэба вельмі пастарацца, альбо можна «скінуць» перакупшчыкам-каўказцам за 4 тысячы. Але дзе тады браць амаль 5 тысяч? «Давядзецца яшчэ год ці два зьбіраць», — кажа расчаравана Аляксандар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG