Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці могуць Масква і Брусэль дамовіцца дзеля вырашэньня беларускага пытаньня?


Belarus - Valer Karbalevich, political analyst, 16Jan2007

Belarus - Valer Karbalevich, political analyst, 16Jan2007

Паводле часопісу "Newsweek", Расея і Эўразьвяз знайшлі паразуменьне ў пытаньні зыходу Аляксандра Лукашэнкі. Наколькі рэальныя такія высновы? У чым супадаюць і не супадаюць мэты Масквы і Брусэлю што да беларускага пытаньня? Ці ёсьць у той і ў другога мэханізмы ўплыву на сытуацыю ў Беларусі? Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі "БелаПАН" Аляксандар Класкоўскі зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Ці ёсьць палітычная воля?

Валер Карбалевіч: "Часопіс "Newsweek" прыходзіць да высновы, што Лукашэнка так "дастаў" Маскву і Брусэль, што яны нарэшце паразумеліся і вырашылі дамагчыся зыходу Лукашэнкі падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Наколькі рэальны такі сцэнар?"

Аляксандар Класкоўскі: "Думаю, нерэальны. Цэлы шэраг нашых рэсурсаў ухапіліся за гэтую публікацыю ў амэрыканскім часопісе і падалі яе як нейкую сур'ёзную паліталягічную канцэпцыю. А я зазірнуў у арыгінал. Там на гэтую тэму надрукавана паўтара абзаца. Прычым гэты аўтар піша на розныя тэмы, і адчуваецца, што ён ня надта абазнаны ў прадмеце. Напрыклад, ён згадвае, што паколькі беларусы глядзяць расейскія тэлеканалы, то фільм "Хросны бацька" моцна ўдарыў па іміджы Лукашэнкі.


Калі ж па сутнасьці — магчыма, прозьвішча Лукашэнкі неяк і фігуруе ў перамовах Брусэлю і Масквы, калі справа тычыцца канкрэтных пытаньняў. Напрыклад, пытаньня транзыту, газавых войнаў. Але ЭЗ і ЗША зьнялі з парадку дня пытаньне пра зьмену Лукашэнкі. І, дарэчы, ён сам некалькі разоў публічна дзякаваў Вашынгтону і Брусэлю за тое, што яны адкінулі гэтыя сцэнары. Пасьля 2006 году, калі "каляровая рэвалюцыя" не атрымалася, Захад перайшоў да прагматычных адносін зь Менскам. Асабліва гэты прагматызм узмацніўся пасьля расейска-грузінскай вайны 2008 году. Было вырашана браць Беларусь такую, як ёсьць, і пакрысе яе адаптаваць. Асобная тэма, што з гэтага атрымалася. Але сёньня ЭЗ больш схільны аддаваць Беларусь у сфэру ўплыву Масквы".

Кірыл Коктыш: "Гэта немагчыма зь дзьвюх прычын. Па-першае, Брусэль — слабы палітычны суб'ект. ЭЗ пакуль ня змог эфэктыўна праводзіць уласную зьнешнюю палітыку. Больш эфэктыўна вырашаць пытаньні наўпрост з асобнымі дзяржавамі Эўразьвязу, чым з ЭЗ у цэлым.

Па-другое, Расея пасьля 2004 году, то бок пасьля няўдалай спробы ўплываць на выбары ва Ўкраіне, а потым у Абхазіі, не імкнецца ўплываць на зьмену ўлады ў суседніх краінах. Яна выкарыстоўвае ў асноўным эканамічныя рычагі.

Максымум, на што гатовая Масква, гэта рэалізаваць той сцэнар, які яна скарыстала падчас выбараў ва Ўкраіне.
Максымум, на што гатовая Масква, гэта рэалізаваць той сцэнар, які яна скарыстала падчас выбараў ва Ўкраіне. Кіраўніцтва РФ дэманстравала, што не жадае мець справу зь Юшчанкам і будзе мець справу зь любой альтэрнатывай. І потым прадэманстравала гэта пры супрацоўніцтве зь Януковічам. Але трэба адзначыць, што расейская стратэгія адносна Беларусі не сфармаваная".

У чым супадаюць і не супадаюць мэты Масквы і Брусэлю?


Карбалевіч: "Абодва мае суразмоўцы адзначылі, што гэта немагчыма з прычыны адсутнасьці палітычнай волі і моцнай зацікаўленасьці з боку Расеі і ЭЗ у рэалізацыі такога сцэнару.

Але калі паглядзець на гэта зь іншага боку... Уявім, што такая палітычная воля зьявілася. І тут узьнікае іншая праблема. Расея і ЭЗ — супернікі за кантроль над гэтым рэгіёнам, у які ўваходзіць Беларусь. У чым супадаюць і не супадаюць мэты Масквы і Брусэлю ў беларускім пытаньні?"

Класкоўскі: "Што відавочна, і для Масквы, і для Брусэлю Лукашэнка — цяжкі, нязручны партнэр. І тэарэтычна РФ і ЭЗ зь вялікай палёгкай займелі б тут гнуткага, дамоваздольнага партнэра.

Але вось тут узьнікае праблема розных мэтаў. ЭЗ дамагаецца ўсталяваньня ў Беларусі дэмакратыі, рынкавай эканомікі. А ў Расеі мэты экспансіянісцкія. Масква ціснула, каб уцягнуць Беларусь у Мытны зьвяз, які зьяўляецца формай аднаўленьня расейскага кантролю над постсавецкай прасторай. РФ імкнецца забраць прывабныя актывы. Расеі патрэбен паслухмяны васал. А дэмакратыя Маскве "па барабану".

Але мэты РФ і ЭЗ супадаюць у тым, каб у Беларусі была стабільнасьць, існаваў нармальны транзыт. Але дзеля гэтага абодва бакі хутчэй схільныя дамаўляцца з тым лідэрам, які ёсьць і які хоць ня вельмі вытанчана, але моцна трымае ўладу ў руках".


Коктыш:
"Эканамічныя інтарэсы РФ і ЭЗ у беларускім пытаньні больш-менш супадаюць. Гэта найперш надзейны транзыт расейскіх энэрганосьбітаў у Эўропу празь Беларусь.

Беларускі рынак ня можа быць цікавым. А беларускія актывы маюць каштоўнасьць толькі пры наяўнасьці расейскага рынку збыту. ЭЗ беларуская прадукцыя (акрамя нафтапрадуктаў) непатрэбная.

Таму тэарэтычна знайсьці агульную мову ў беларускім пытаньні ЭЗ і РФ маглі б. Але Эўразьвяз сёньня перажывае цяжкія эканамічныя праблемы, таму мае рэпутацыю суб'екта, які ня здольны адказваць сам за сябе. І сытуацыя выглядае так: адзін суб'ект мае сур'ёзныя праблемы, другі — таксама, і вось яны разам бяруцца вырашаць нейкую вонкавую праблему. Гэта выглядае малаверагодна".

Ці ёсьць мэханізмы ўплыву на сытуацыю ў Беларусі?


Карбалевіч: "Давайце зробім яшчэ адно тэарэтычнае дапушчэньне: уявім, што РФ і ЭЗ дамовіліся, прынялі рашэньне дамагчыся адстаўкі Лукашэнкі. Але як гэта практычна ажыцьцявіць? Ці ёсьць у іх мэханізмы ўплыву на сытуацыю ў Беларусі?"

Нават калі РФ задумае некага прасунуць на пасаду прэзыдэнта, то зрабіць гэта праз дэмакратычныя мэханізмы цяжка. Бо тут выпаленае палітычнае поле. Бо беларускія ўлады гэтую фігуру закатаюць у асфальт.
Класкоўскі:
"Сапраўды, у іх вельмі мала вагароў. Масква сама спрыяла ўсталяваньню ў Беларусі жорсткага аўтарытарнага рэжыму, які цяпер цяжка неяк укусіць. Нават калі РФ задумае некага прасунуць на пасаду прэзыдэнта, то зрабіць гэта праз дэмакратычныя мэханізмы цяжка. Бо тут выпаленае палітычнае поле. Бо беларускія ўлады гэтую фігуру закатаюць у асфальт.

Можна абрынуць Беларусь эканамічна, калі перакрыць усе краны. Але атрымаць некантраляваную сытуацыю, хаос кшталту кіргіскага на заходняй мяжы Маскве не патрэбна.

А ў Брусэлю ўвогуле няма моцных ні пугі, ні перніка. Але рынкавыя рэформы ў Беларусі выгадныя і РФ, і ЭЗ. Бо яны спрыялі б прыходу сюды замежнага капіталу".

У Расеі ёсьць мэханізмы ўплыву на Беларусь
Коктыш:
"У Расеі ёсьць мэханізмы ўплыву на Беларусь. Найперш гэта расейскія датацыі беларускай эканоміцы ў выглядзе танных энэргарэсурсаў. Калі Расея запусьціць абходныя трубаправоды, то датацыі скароцяцца, беларускі бюджэт шмат страціць.

Што тычыцца эканамічнага хаосу ў Беларусі, то пры добрых стасунках з Украінай для Расеі гэта ня страшна. А для Беларусі аднаўляецца формула: кіраўнік Беларусі павінен найперш мець добрыя адносіны з Расеяй.

Таму РФ ня будзе выкарыстоўваць свае інструмэнты для зьмены ўлады. У ЭЗ такіх інструмэнтаў уплыву на Беларусь няма. Брусэль не гатовы замяніць Беларусі расейскія датацыі (5 млрд. дал. у год).
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG