Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Be Free не знайшлося месца на Чарнігаўшчыне


Ukraine, Belarus - "Be Free", international music festival, Lviv, 09aug2008

Ukraine, Belarus - "Be Free", international music festival, Lviv, 09aug2008


Арганізатары традыцыйнага фэсту Be Free паведамляюць, што мэрыя ўкраінскага гораду Чарнігава, дзе плянавалася правесьці IV музычны фэстываль, не дае дазволу на яго правядзеньне. Атрымаўшы папярэднюю вусную згоду, арганізатары больш як месяц чакаюць афіцыйнай паперы з пацьвярджэньнем заяўкі.

Заплянаваны афіцыйны аргкамітэт з удзелам чарнігаўскіх уладаў быў адменены без тлумачэньняў. Зь нефармальных крыніцаў ініцыятары імпрэзы даведаліся, што чарнігаўскія ўлады знаходзяцца ў кантакце з афіцыйным беларускім бокам, які раіць не дазваляць фэст:

«Лёс міжнароднага фэстывалю, які праводзіцца на ўкраінскай тэрыторыі, дэ-факта знаходзіцца ў руках беларускіх уладаў, — гаворыцца ў заяве з гэтай нагоды. — Такая пазыцыя што да адмены свабоднай, адкрытай для ўсіх групаў насельніцтва культурнай акцыі, скіраванай на паляпшэньне кантактаў паміж Беларусьсю і Ўкраінай, зьдзіўляе».

У гэтай сытуацыі аргкамітэт вымушаны заявіць: 21-22 жніўня фэстываль Be Free не адбудзецца. У залежнасьці ад таго, ці ўдасца забясьпечыць іншае месца і належны высокі ўзровень правядзеньня, фэстываль будзе адкладзены або перанесены на лета 2011-га.

Фэст Be Free праводзіцца з 2007 году ў розных гарадах Украіны (Луцк, Львоў, Чарнігаў) пры падтрымцы мясцовых уладаў. Пасьля леташняга Be Free арганізатары не пачулі ад уладаў Чарнігава ніякай крытыкі. Сёлета ў траўні правядзеньне фэсту было папярэдне ўхвалена на сустрэчы з прадстаўнікамі мэрыі, пасьля чаго былі падпісаныя папярэднія дамовы з гуртамі і тэхнічным забесьпячэньнем фэстывалю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG