Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Конкурс маладых выканаўцаў страціў папулярнасьць на "Славянскім базары"


Білеты на конкурсныя канцэрты, якія пройдуць сёньня і заўтра, не раскупленыя. Хаця некалі менавіта творчыя спаборніцтвы маладых сьпевакоў далі пачатак гэтаму фэстывалю

19 сьпевакоў з 19-ці краін возьмуць удзел у конкурсе маладых выканаўцаў на 19-м міжнародным фэстывалі "Славянскі базар у Віцебску". Конкурс традыцыйна праводзіцца ў два дні — сёньня і заўтра. У першы конкурсны дзень кожны выступоўцы выканае песьню кампазытара са сваёй краіны на роднай мове пад фанаграму, а ў другі — песьню на любой славянскай мове ў суправаджэньні Нацыянальнага аркестру Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Праўда, паслухаць маладых выканаўцаў штогод усё менш і менш ахвотных: шмат білетаў так і застаецца непрададзенымі. Нягледзячы на тое, што гэтыя конкурсныя канцэрты — самыя танныя на "Славянскім базары", падкрэсьліла касірка, якая гандлюе ў фэстывальнай касе па вуліцы Маякоўскага:

На Паўлса і на Стаса Міхайлава дык за адзін дзень білеты разабралі. А на маладых, канечне, не бяруць, як на гэтых усіх…
"Білеты па 15, па 20 тысяч. Але разыходзяцца яны кепска. Канечне, гэта ж не Хварастоўскі і не шансон. На Паўлса і на Стаса Міхайлава дык за адзін дзень білеты разабралі. А на маладых, канечне, не бяруць, як на гэтых усіх…"

Не паболела ахвотных паслухаць конкурсныя сьпевы моладзі нават тады, калі ў другой частцы сёньняшняга канцэрту былі анансаваныя выступы старэйшых і больш вядомых артыстаў — сябраў журы Іны Афанасьевай, Ігара Карнелюка і старшыні сёлетняга конкурсу Таісіі Павалій. Дарэчы, вядомая ўкраінская сьпявачка перамагла ў гэтым самым конкурсе на "Славянскім базары" ў 1993-м годзе.

Прадстаўляць Беларусь сёлета будзе гамяльчук Дзяніс Вяршэнка. Дарэчы, шмат якія мэдыі падкрэсьліваюць зьнешняе падабенства маладога беларускага выканаўцы і Філіпа Кіркорава. Дзяніс Вяршэнка — студэнт беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтва. І гэта ягоная другая, удалая спроба трапіць на "Славянскі базар": летась быў вылучаны іншы прэтэндэнт, Андрэй Коласаў, які падзяліў другую прэмію з канкурсантам з Македоніі.

Паводле ўмоваў конкурсу, пераможцам стане той малады выканаўца, які атрымае большасьць галасоў за два конкурсныя дні. Уладальніку Гран-пры дастануцца 10 тысяч даляраў і адмысловы прыз "Ліра". Прэмія за першае месца складае 6 тысяч даляраў, за другое — 4 тысячы даляраў, а за трэцяе — 2 тысячы даляраў. Прычым сёлета ўпершыню журы будзе ацэньваць ня толькі сам вакальны выступ, але і ўзровень валоданьня тым ці іншым музычным інструмэнтам.

Вынікі конкурсу стануць вядомыя 15-га ліпеня. Але сачыць за конкурснай інтрыгай, стаць сьведкамі адкрыцьця новых "зорак" захацелі нямногія.

Непапулярным конкурс маладых выканаўцаў стаў, мажліва, праз тое, што "Славянскі базар" — залішне афіцыёзны фэстываль, лічыць Сьвятлана Бень, стваральніца фрык-кабарэ-бэнду "Серебряная свадьба" — арыгінальнага музычнага гурту, які ўчора з вялікім посьпехам выступіў у канцэртнай залі "Віцебск":

Гэты фэстываль дужа патасны і дужа статусны, ён дужа прадстаўнічы на дзяржаўным узроўні. Таму ў яго правядзеньне ўкладаецца процьма грошай.
Сьвятлана Бень: "Гэты фэстываль дужа патасны і дужа статусны, ён дужа прадстаўнічы на дзяржаўным узроўні. Таму ў яго правядзеньне ўкладаецца процьма грошай. І гэтыя грошы трэба неяк "адбіваць". Таму перадусім запрашаюць выканаўцаў, якія могуць сабраць залі. На фоне ўсёй гэтай напышлівасьці і губляецца конкурс. І вельмі сумна, што гэта менавіта так".

На думку Сьвятланы Бень, беларускі глядач правінцыйны: ён ня хоча купляць білеты толькі дзеля спадзяваньня пачуць нешта новае, і таму людзі хутчэй ідуць на канцэрты артыстаў "з тэлевізара". З гэтай прычыны, кажа сьпявачка, на фэстывальнай сцэне бракуе шчырасьці і нязмушанасьці ў адносінах паміж гледачамі і артыстамі.
XS
SM
MD
LG