Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Пах ад рэчкі Пульва ў Камянецкім раёне непрыемны. Бачны ў вадзе і асадак, падобны да ваты. Жыхары гораду Высокае сьцьвярджаюць, што тутэйшы сыраробны завод зьлівае ў раку свае адкіды. Адміністрацыя заводу "Белавескія сыры" і чыноўнікі аблвыканкаму пераконваюць, што жыхары памыляюцца, адкідаў у ваду ніхто не зьлівае.

Жыхар гораду Высокае Руслан кажа, што завод зьлівае ў раку свае адкіды ўжо ня першы год. На гэтым фоне нават разгарэўся скандал, справай займаліся чыноўнікі з вышэйшых інстанцый. Ачышчальныя збудаваньні каштуюць даволі дорага, завод эканоміў на гэтым. Паводле Русланавых слоў, першы сёлета выкід з заводу быў яшчэ зімой. Калі сышоў лёд, мясцовыя жыхары бачылі ў вадзе нейкія рэчывы:

"Увогуле яны зьліваюць у ваду сыроватку. Яна ператвараецца ў сьлізь. Прычым гэта бачна няўзброеным вокам, нібы вата плавае ў вадзе. Тут нават непатрэбна нейкія экспэртызы праводзіць".
Там, дзе збудаваныя адстойнікі заводу, нават вожыкі паміраюць...

Ад вады ідзе непрыемны пах. Яшчэ да выходных яго не было, а вось цяпер нават падысьці да ракі немагчыма, кажа Руслан. Рыба ў рацэ плавае ў асноўным паверсе, відаць цэлыя чароды. У рацэ не хапае кіслароду:

"Так, пах ад ракі вельмі непрыемны. Увогуле там, дзе збудаваныя адстойнікі заводу, нават вожыкі паміраюць".

Галоўны інжынэр заводу "Белавескія сыры" кажа, што цягам апошняга году прадпрыемства патраціла каля 600 мільёнаў рублёў на ачышчальныя збудаваньні. Таму факт зьліву адкідаў практычна выключаецца:

"Сыроватка ў нас развозіцца па гаспадарках. А выкарыстаная вада з прадпрыемства паступае на ачышчальныя збудаваньні. Зразумела, што пах паступае менавіта адтуль. Бо факт зьліву — гэта немагчыма. Але з увагі на званок мы пройдземся і прагледзім сытуацыю. Але кожны дзень у нас праводзіцца аўтаматычная адпампоўка выкарыстанай вады".

У камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя берасьцейскага аблвыканкаму факт зьліву адкідаў з прадпрыемства выключаюць. Пахне ад ачышчальных збудаваньняў — яны адкрытага тыпу. Ды таго ж у апошнія некалькі дзён усталявалася гарачыня. А гэта толькі спрыяе зьяўленьню і распаўсюду непрыемнага паху. Пры гэтым чыноўнікі адзначаюць, што нават у мінулым годзе, калі сапраўды назіраліся выкіды ў раку выкарыстанай вады, нічога страшнага для прыроды не рабілася:

"Выкарыстаная вада з прадпрыемства паступала ў раку праз забалочаную мясцовасьць і гублялася там. Таму асаблівай шкоды прыродзе адкіды не наносілі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG