Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раман Палянскі адарваўся ад перасьледу


Раман Палянскі пазьбег прымусовага вяртаньня ў ЗША: судовыя ўлады Швэйцарыі адмовілі амэрыканскім калегам у экстрадыцыі рэжысэра.

Раман Палянскі пазьбег прымусовага вяртаньня ў ЗША: судовыя ўлады Швэйцарыі адмовілі амэрыканскім калегам у экстрадыцыі рэжысэра.

Швэйцарыя адмовілася выдаць ЗША вядомага рэжысэра Рамана Палянскага, які зьяўляецца таксама і грамадзянінам Польшчы.

"Я вельмі расчулены і шчасьлівы, што магу зноў працаваць у Польшчы", - казаў Раман Палянскі, прыехаўшы ў 2001 годзе ў Варшаву на здымкі фільму "Піяніст". Зьняты ў польскай сталіцы фільм атрымаў тры "Оскары" (у тым ліку і за рэжысуру), галоўную ўзнагароду на фэстывалі ў Канах і шэраг іншых прэстыжных узнагародаў.

Вестка аб затрыманьні Рамана Палянскага ў Цурыху выклікала бурлівую рэакцыю ў Польшчы: тут Палянскага лічаць рэжысэрам, перш за ўсё, польскім. За яго заступіліся знакамітыя калегі, у тым ліку сусьветна вядомыя польскія рэжысэры Анджэй Вайда і Кшыштаф Занусі.

"Палянскі стаў ахвярай уласнай папулярнасьці. Я ня веру ў нявіннасьць ахвяры - яна не стварае ўражаньня чалавека, які апынуўся там выпадкова", - сказаў Кшыштаф Занусі ў адным з інтэрвію адразу пасьля арышту Палянскага ў Швэйцарыі.

Пасьля сустрэчы са сваім францускім калегам Бэрнарам Кушнэрам міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў аб тым, што кіраўнікі МЗС Францыі і Польшчы накіравалі спэцыяльны ліст у справе Палянскага дзяржсакратару ЗША Гілары Клінтан. Гэта было першае такога роду пасланьне.

"Польшча як раз мае права ўзяць слова ў гэтай справе, паколькі важнае значэньне мае першае грамадзянства, а ў Палянскага першае грамадзянства - польскае", - адзначыў Радаслаў Сікорскі.

Крыху астудзіў эмоцыі прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск, які заявіў, што "са справы аб экстрадыцыі Палянскага ня трэба рабіць нацыянальна-палітычнай трагедыі, бо яна мае зусім іншы характар". У духу прэм'ера аб справе Палянскага выказваліся і іншыя аўтарытэтныя палякі, заяўляючы, што творчасьць рэжысэра варта аддзяліць ад яго ўчынкаў, за якія трэба адказваць перад тварам правасудзьдзя.

Між тым аб адмове ў экстрадыцыі 12 ліпеня быў паінфармаваны таксама амбасадар Польшчы ў Швэйцарыі.

"Сёньня раніцай аб рашэньні было паведамлена адвакату спадара Палянскага, а таксама амбасадарам ЗША, Францыі і Польшчы", - заявіла міністар юстыцыі Швэйцарыі Эвэліна Відмэр-Шлюмпф. Паводле яе, швэйцарскае правасудзьдзе не вырашала, вінаваты Палянскі ці не. Вырашальнае значэньне для вызваленьня рэжысэра мела, перш за ўсё, тое, што амэрыканскі бок не перадаў Швэйцарыі пратаколу допыту сьведкі ў справе Палянскі, а адвакат рэжысэра здолеў пераканаць суд у тым, што гэты дакумэнт мае ключавое значэньне.

Судовыя ўлады Швэйцарыі зьвярнуліся да амэрыканскага боку з просьбай дадаць да заявы аб экстрадыцыі пошукавы пратакол, але амэрыканцы адмовіліся гэта зрабіць.

Пасьля таго як стала вядома, што Швэйцарыя ня выдасьць Палянскага ЗША, гэта рашэньне віталі перш за ўсё шматлікія калегі рэжысэра, у тым ліку і тыя, хто раней выступаў у яго абарону. Аб справе Палянскага 12 ліпеня выказаўся таксама МЗС Польшчы.

"З самага пачатку нашы консульскія службы былі ў кантакце з спадаром Палянскім, які зьяўляецца таксама грамадзянінам Польшчы, а ня толькі Францыі. Мы ўсяляк імкнуліся яму дапамагчы. Сёньня міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі тэлефанаваў кіраўніку МЗС Швэйцарскай Канфэдэрацыі Мішлен Кармэн-Рэй і падзякаваў за ўсё, што Швэйцарыя зрабіла ў сувязі з гэтым ", - заявіла намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Гражына Бернатовіч.
XS
SM
MD
LG