Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам перамог Грунвальдзкую бітву падушкамі


Баі падушкамі ў 2009 годзе

Баі падушкамі ў 2009 годзе

Менгарвыканкам не дазволіў правесьці ў Менску "Бой падушкамі" з нагоды 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы.

"У сувязі з тым, што заява МГА "Гісторыка" аб правядзеньні масавага мерапрыемства не адпавядае патрабаваньням часткі 5 арт. 5 Закона "Аб масавых мерапрыемствах", Менгарвыканкам не дазваляе правядзеньне мерапрыемства на пляцоўцы побач з будынкам Нацыянальнай бібліятэкі", — тлумачыцца ў адказе, які падпісаў намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Міхаіл Ціцянкоў.

Грамадзкае аб'яднаньне "Гісторыка" выступае арганізатарам баёў падушкамі.

"Мне незразумелы ірацыянальны страх уладаў", — заявіў БелаПАН адзін з ініцыятараў баёў падушкамі Андрэй Кім.

Кім кажа, што ўдзельнікі "баёў" усё ж маюць намер сабрацца 15 ліпеня ў 19:00 са сваімі падушкамі каля Нацыянальнай бібліятэкі, каб паўдзельнічаць у гэтай нефармальнай акцыі. "Спадзяюся, што разумны сэнс пераможа, і сьвята пазытыву пройдзе без перашкод", — сказаў Кім.

Першая акцыя "Бой падушкамі", прымеркаваная да 599-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы, прайшла ў Менску 15 ліпеня 2009 году без дазволу ўладаў.

8 верасьня 2009 году, у гонар 495-годзьдзя Аршанскай бітвы, адбылася другая, санкцыянаваная "падушачная акцыя". У ёй удзельнічалі каля 400 чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG