Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Pseudomonas, або Чым небясьпечныя мацарэла і лекаваньне ў стацыянарах


Больш за месяц у Італіі не сьціхае скандал у сувязі з так званай "блакітнай мацарэлай". Усё пачалося са скаргаў пакупнікоў сеткі танных супэрмаркетаў у Турыне. Зьняўшы ўпакоўку з улюбёнага сыру, спажыўцы заўважылі, што пры кантакце з кіслародам мацарэла хутка сінее. Прычым такія мэтамарфозы здараліся выключна з прадукцыяй баварскіх вытворцаў — малочнай фірмы Jager.

Неўзабаве турынская паліцыя канфіскавала 70 тысяч пакетаў з мацарэлай. Міністэрства аховы здароўя Італіі зьвярнулася ў Брусэль з патрабаваньнем ініцыяваць расьсьледаваньне на нямецкім прадпрыемстве. Як высьветлілася з дакумэнтацыі, танную мацарэлу набывалі ня толькі супэрмаркеты Турыну ды іншых італьянскіх гарадоў. Блакітная мацарэла імпартавалася ў Францыю, Славенію, нават у Расею і Беларусь. Тут яна ішла ня толькі ў розьнічны гандаль, але і ў піцэрыі.

Тым ня менш увесь гэты час баварскі вытворца не спыняў выпуск мацарэлы, сьцьвярджаючы, што ў малацэ шкодных рэчываў няма, а сінее сыр таму, што ў мясцовай вадзе ёсьць бясшкодная для здароўя палачка. Накіраваныя на баварскае прадпрыемства экспэрты Эўракамісіі высьветлілі, што прычына — ва ўмоўна патагеннай сінягнойнай палачкападобнай бактэрыі Pseudomonas aeruginosa, якая сапраўды магла трапіць у сыр праз ваду. Сыры Jager прызналі непрыдатнымі для ўжываньня. Прадпрыемства зачынілі, пакуль вытворца не давядзе, што яго прадукцыя адпавядае ўсім санітарным нормам.
Баварскае малочнае прадпрыемства Jager накіроўвала "блакітную мацарэлу" з бактэрыяй Pseudomonas у Італію, Францыю, Расею, Беларусь.

Звычайнае натуральнае асяродзьдзе, у якім водзіцца Pseudomonas aeruginosa — узбуджальнік назакаміяльных інфэкцыяў, — гэта мэдычныя стацыянары і паліклінікі. Назакаміяльныя інфэкцыі небясьпечныя тым, што маюць высокую ўстойлівасьць да самых розных групаў антыбактэрыяльных прэпаратаў. Падхопліваючы гэтыя інфэкцыі (кропельна-паветраным шляхам, а таксама празь бялізну, посуд і нават дзьвярныя ручкі), аслабленыя пацыенты рызыкуюць памерці ад дадатковага інфэкцыйнага захворваньня. Напрыклад, ад пнэўманіі, супроць якой антыбіётыкі будуць бясьсільныя.

Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя (УААЗ), назакаміяльныя інфэкцыі, якія зь вялікай цяжкасьцю паддаюцца лячэньню, ператвараюцца ў адну з найважнейшых мэдычных праблемаў. Штогод у сьвеце ад іх пакутуюць 7 мільёнаў чалавек. Прыкладна 1,7 мільёна прыпадае на Паўночную Амэрыку, 5 мільёнаў — на Эўропу. Калі ў эўрапейскіх краінах ад назакаміяльных інфэкцыяў штогод паміраюць 50 000 чалавек (зь іх у адной Вялікабрытаніі — 5000), то ў ЗША — 100 000. Дарэчы, гэта чацьвёртая па колькасьці прычына сьмяротнасьці ў гэтай краіне пасьля сардэчна-сасудзістых захворваньняў, раку ды інсульту.
Штогод у краінах Эўропы ад устойлівых да антыбіётыкаў назакаміяльных інфэкцыяў церпяць 5 мільёнаў чалавек

У Беларусі ды іншых постсавецкіх краінах няма дакладнай статыстыкі лятальнасьці ў выніку назакаміяльных інфэкцыяў, дый сама праблема абмяркоўваецца хіба на ўзроўні вузкіх спэцыялістаў — бо мэдыцына тут фінансуецца паводле астаткавага прынцыпу. Згодна з ацэнкамі, штогод такія "шпітальныя" інфэкцыі закранаюць прынамсі 1% насельніцтва. Усё больш актуальнай праблема становіцца для пацыентаў хірургічных аддзяленьняў. Хоць адміністрацыя лякарняў строга пільнуе, каб палаты рэгулярна кварцаваліся, падлога мылася, а наведнікі надзявалі белыя халаты, рэзыстэнтныя штамы працягваюць фармавацца ў шпіталях пад узьдзеяньнем антыбіётыкаў, якія там выкарыстоўваюцца. У айчыннай сыстэме аховы здароўя не прадугледжаны захады, неабходныя для барацьбы з назакаміяльнымі інфэкцыямі, у тым ліку дыягностыка, якая своечасова дазваляла б выяўляць іхніх узбуджальнікаў.

Тым часам на адной з апошніх канфэрэнцыяў УААЗ па праблемах назакаміяльных інфэкцыяў у Партугаліі прагучаў заклік інтэнсыфікаваць дасьледаваньні, каб павысіць бясьпеку пацыентаў. Адзначалася, што на долю шкоды, якая наносіцца пры аказаньні мэдычнай дапамогі, прыпадае істотная частка пакутаў і сьмерцяў як у Эўропе, так і ва ўсім сьвеце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG