Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экалягічны тур па Прыпяці. Буслы ў Кажан-Гарадку


Беларуская асацыяцыя журналістаў правяла экалягічны прэс-тур «Прыпяць — жывая вада Палесься». Галоўнымі дарадцамі ў гэтай паездцы былі гаспадар аграсядзібы «Прыпяцкі плёс» Анатоль Нефідовіч зь вёскі Лахаўка Лунінецкага раёну й ягоны бацька, сябра БАЖ Сьцяпан Нефідовіч.

Першы рэпартаж з экалягічнага туру па Прыпяці быў прысьвечаны праблеме зьберажэньня птушынай разнастайнасьці гэтага ўнікальнага рэгіёну, другі — балотам поймы Прыпяці, зьнявечаным мэліярацыяй. Сёньняшні расповед — пра суіснаваньне чалавека й дзікай прыроды.


Паглядзець фотагалерэю ва ўвесь экран.

Пасьля Чарабасаўскага каналу журналісцкая грамада выбралася з байдарак і перасела «на колы», каб дабрацца да аграсядзібы Анатоля Нефідовіча ў вёсцы Лахаўка.

Раніцай Анатоль павёз нас у Кажан-Гарадок — паселішча, вядомае з часоў Вялікага Княства Літоўскага. У ваколіцах мястэчка захавалася старажытнае гарадзішча, незвычайная каталіцкая каплічка.

У лістападзе 1920 году ў мястэчку месьціўся штаб генэрала Станіслава Булак-Балаховіча.

У Кажан-Гарадку нас уразілі бусьлянкі — яны тут на кожнай вуліцы, прычым на жалезабэтонных электрычных слупах.

Тацяна Грыцкевіч, гаспадыня дома, які стаіць побач са Сьвята-Мікалаеўскай царквой, распавяла пра сваіх крылатых суседзяў:

Ужо гады тры яны на слупе сядзяць. Пасяліліся самі. Месца гэтае, відаць, палюбілі.
«Ужо гады тры яны на слупе сядзяць. Пасяліліся самі. Месца гэтае, відаць, палюбілі. Бачыце, нязручна, але яны, бедненькія, неяк збудавалі. Мучыліся, але так лоўкенька ўладкавалі — і сядзяць. Божы знак!»

Буслы для беларусаў, несумненна, сьвятая птушка. Свой татэм! Як у Індыі, напрыклад, карова ці дракон у кітайцаў.

Белыя буслы здавён туліліся да жытла. Чапаць бусловы гнёзды ў беларусаў заўсёды лічылася вялікім грахом. Падлеткаў страшылі нават: бусел можа прынесьці запаленую галавешку на хату ці гумно й адпомсьціць за раскіданае гняздо.

Зараз буслы гняздуюцца ў палескіх вёсках не на гумнах і хлявах, а на электрычных слупах. Пасьля мэліярацыі якая-кольвечы кармавая база для птушак захавалася, а дрэвы для гняздоўя — зьнішчаныя.

Шыфэрныя дахі птахам, відаць, недаспадобы, і яны аблюбавалі нязручныя для будоўлі, але затое трывалыя электрычныя слупы.

Анатоль Нефідовіч кажа, што ў сваім раёне займаўся перапісам белых буслоў, а чорных — улічвала лясьніцтва:

«Кожныя дзесяць гадоў праводзіцца эўрапейскі ўлік белага бусла. І чорнага таксама. У нашым раёне белых я лічыў. За восем дзён на веласіпедзе кожную вёску, кожную вуліцу аб’езьдзіў. У Кажан-Гарадку я налічыў 25 гнёздаў.

А ў мінулым годзе супрацоўніца Інстытуту заалёгіі Ірына Самусенка прыяжджала. Яны тры дні толькі Кажан-Гарадок дасьледавалі. Тут ужо было 26 гнёздаў белых буслоў. У нашым раёне самыя «бусьліныя вёскі» — гэта Кажан-Гарадок, Лахаўка й Града — невялікая вёска. У Градзе, напрыклад, на адным дубе ажно чатыры гнязды».

Пасьля павальнай мэліярацыі прыстасоўваюцца да новага ляндшафту, новых умоваў і людзі, і птушкі. Адны — разумеюць, што адбылося, другія, мусіць, ня надта.

Нефідовіч-малодшы апавёў, што пасьля асушэньня вялізнага Грычынскага балота многія птушкі працягваюць тут сяліцца:

Тыя птушкі, якія гняздуюцца на балотах, яны, відаць, ужо на генным узроўні прылятаюць сюды.
«Што я для сябе адкрыў: тыя птушкі, якія гняздуюцца на балотах, яны, відаць, ужо на генным узроўні прылятаюць сюды. У мінулым годзе мы балотную саву тут кальцавалі, вераценьнікаў шмат, цецерукі жывуць, хаця асушэньне Грычына ў шасьцідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя было.

З таго часу няма балота, але ўсе балотныя віды птушак тут гняздуюцца. І лясныя птушкі трапляюць. Напрыклад, сырыйскі дзяцел. У Беларусі ён рэдкі, а ў нас, у Лахаўцы, за хатай арэшнік расьце, дык адначасова арэхаўка й сырыйскі дзяцел прыляталі арэхі зьбіраць».

Раней палешукі хадзілі на балоты, як у іншых мясьцінах у чарніцы, зьбіраць птушыныя яйкі — качак, кулікоў.

Былая трактарыстка, пэнсіянэрка Тацяна Самусевіч зь вёскі Лахаўка апавяла:

«Хадзілі, зьбіралі яйкі. У нас кажуць «шыкаць» — гэта значыць, яйкі шукалі. На балоце тыя яйкі куліка, кнігаўкі — яны крыху меншыя за курыныя. Варылі іх, смажылі на скаварадзе. Смачныя!»

Мэліярацыя ўдарыла па навакольлі, па дзікай прыродзе і ў рэшце рэшт адбілася на побыце саміх палешукоў.

Спадар Віктар з той жа Лахаўкі сфармуляваў наступствы мэліярацыі такім чынам:

«Каналаў нарылі, калектараў нарабілі. Зямля цяпер свае ўласьцівасьці губляе — ураджай ужо ня той. Зь вёсак таксама калектары вільгаць цягнуць. Сады, яблыні, сьлівы з кожным годам засыхаюць. Зараз вось дома ў калодзежы паўмэтра вады няма. Пяць вёдзер зачарпнуў — і ўсё. Глыбіня 7-8 кадаўбаў, а вады — няма».
XS
SM
MD
LG