Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукова-практычная канфэрэнцыя, наведваньне могілак, дзе пахаваныя дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня, чытаньне вершаў ля помнікаў Якубу Коласу, Янку Купалу, Максіму Багдановічу — гэтымі ды іншымі мерапрыемствамі будзе адзначацца 20 гадоў з часу прыняцьця Дэклярацыі аб незалежнасьці і сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь. Пра гэта сёньня расказалі журналістам сябры арганізацыйнага камітэту, спэцыяльна створанага да такога вялікага сьвята.

27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР 12-га скліканьня прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Гэтая дата стала сьвяточнай і стаяла ў гісторыі сучаснай Беларусі поруч са сьвятам 25 сакавіка. З 1991 па 1996 год галоўнае нацыянальнае сьвята Беларусі — Дзень незалежнасьці — адзначалася 27 ліпеня.

Аднак Аляксандар Лукашэнка, спаслаўшыся на вынікі рэфэрэндуму 1996 году, прыняў рашэньне аб сьвяткаваньні Дня Рэспублікі (Дня незалежнасьці) 3 ліпеня — у дзень вызваленьня Менску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пра гэта і нагадаў сёньня сябра аргкамітэту, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Іван Нікітчанка:

Нікітчанка: «Пра гэтую дату трэба нагадваць. Рэальна менавіта 27 ліпеня, а не 3 ліпеня павінна адзначацца як Дзень Незалежнасьці. Але ўлада ўсё падганяла і падмінала пад сябе. І таму сапраўдныя даты адсоўваліся і проста забываліся».

Для кіраўніка руху салідарнасьці «Разам» Вячаслава Сіўчыка дзень 27 ліпеня асабліва памятны:

Сіўчык: «На жаль, мы шмат пра што забыліся з таго, што было назапашана ў канцы 80-х і ў 90-х гадах. У тым ліку забыліся і пра тое, што 27 ліпеня ў Менску адбываліся вельмі сур’ёзныя мерапрыемствы. Я, напрыклад, першы раз трапіў у пастарунак, калі быў адным з заяўнікаў акцыі 27 ліпеня 1995 году. Праўда, тады ў Маскоўскім РАУСе на мяне пабаяліся складаць пратакол і адпусьцілі, пратрымаўшы тры гадзіны».

Сябры аргкамітэту не змаглі адказаць журналістам, наколькі масавай будзе сёлетняя акцыя ў Менску.

Наперадзе ў нас яшчэ адна сэнсоўная дата, традыцыі адзначаць якую, на жаль, няма ў нашага грамадзтва. Гэта — 25 жніўня 1991 году..
Сіўчык: «Тут ня колькасьць вызначае ўсё ж. Галоўнае, што гэта дата сэнсоўная. І ня трэба забывацца, што наперадзе ў нас яшчэ адна сэнсоўная дата, традыцыі адзначаць якую, на жаль, няма ў нашага грамадзтва. Гэта — 25 жніўня 1991 году, калі менавіта дакумэнт, прыняты 27 ліпеня 1990 году, ужо запрацаваў на поўную магутнасьць. І наша краіна стала незалежнай краінай».

Актывіст Партыі БХД Дзяніс Садоўскі ўнёс сёньня цікавую ідэю пры ўскладаньні кветак ля помнікаў найбуйнейшым беларускім паэтам.

Садоўскі: «Знайсьці нашых актывістаў, якім роўна па 20 год. І як сымбаль гэтага сьвята, як сымбаль незалежнасьці, каб яны ў бел-чырвона-белых кашулях пачыталі вершы».

Іван Нікітчанка, Дзяніс Садоўскі, Вячаслаў Сіўчык.

Дэклярацыя аб сувэрэнітэце абвясьціла поўны дзяржаўны сувэрэнітэт БССР як вяршэнства, самастойнасьць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасьць яе законаў, незалежнасьць рэспублікі ў замежных адносінах. Аднак Канстытуцыя СССР і законы СССР мелі вяршэнства над беларускімі Канстытуцыяй і законамі, супраць чаго ў часе прыняцьця Дэклярацыі выступалі дэпутаты БНФ.

Канстытуцыйная сіла Дэклярацыі была нададзеная 25 жніўня 1991 году на пазачарговай сэсіі ВС БССР. З гэтага моманту Беларусь лічыцца незалежнай дзяржавай.
XS
SM
MD
LG