Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кубінскія палітзьняволеныя: прага да свабоды


Апазыцыйны актывіст Гільерма Фарыньяс галадаў, заклікаючы вызваліць хворых зьняволеных
Апазыцыйны актывіст Гільерма Фарыньяс галадаў, заклікаючы вызваліць хворых зьняволеных
“Кубінскае кіраўніцтва вельмі добра разумее, якую ролю могуць адыграць галадоўкі пратэсту”, – піша тыднёвік “The Economist”, адгукаючыся на рашэньне кубінскіх уладаў вызваліць з турмаў групу дысыдэнтаў. Ніжэй – тэкст публікацыі ў брытанскім тыднёвіку.

У 2000 годзе Фідэль Кастра, крануты, мяркуючы з усяго, нялёгкай сытуацыяй галадоўнікаў-актывістаў Ірляндзкай рэспубліканскай арміі, ухваліў пабудову ў Гаване помніка памерламу ад голаду сябру ІРА Бобі Сандзу і яго турэмным таварышам. Джэры Адамз, лідэр ірляндзкай партыі “Шын Фэйн”, наведаў адкрыцьцё таго помніка.

Цяпер тая самая форма пратэсту была скіраваная супраць кубінскіх уладароў. У лютым 42-гадовы муляр і сантэхнік Арлянда Сапата памёр пасьля 12 тыдняў галадоўкі. Сваёй акцыяй ён патрабаваў лепшых умоваў у турмах Кубы. Другі кубінскі галадоўнік Гільерма Фарыньяс – крытычна хворы. Знаходзячыся, праўда, не ў турме, ён заклікае вызваліць 25 хворых зьняволеных. У сваім лісьце, абнародаваным у інтэрнэце, Фарыньяс напісаў, што сьмерць будзе для яго "гонарам".

Тактыка спрацавала. 7 ліпеня Кубінская каталіцкая царква аб’явіла, спасылаючыся на ўлады, што 52 вязьні, арыштаваныя ў 2003 годзе, будуць выпушчаныя з турмаў. Пяць мелі быць вызваленыя імгненна, што да астатніх, то іх маюць вызваліць (але пазьней выслаць) на працягу некалькіх найбліжэйшых месяцаў. Калі пляны рэалізуюцца, гэта будзе першае на Кубе масавае вызваленьне вязьняў пасьля 1998 году.

Праўдападобна, менавіта галадоўкі падахвоцілі Рауля Кастра, што стаў кубінскім прэзыдэнтам у 2006 годзе, дзеяць: на галадоўкі зьвяртаюць непажаданую ўвагу. У траўні кардынал Гаваны Хаймэ Артэга вёў з уладамі перамовы аб зьняцьці забароны на маршы “Дамаў у белым” – руху жонак і мацярок палітычных зьняволеных. Пазьней кардынал пераканаў Рауля Кастра вызваліць часткова паралізаванага палітвязьня Арыеля Сыглера.

Міжнародны ціск узмацніўся. Царква запрашае “падмацаваньне” з-за мяжы: у мінулым месяцы высокапастаўлены дыпляматычны прадстаўнік Ватыкану Дамінік Мамбэрці прылятаў на Кубу і спатыкаўся з прэзыдэнтам. За гэтым візытам адбылася паездка на Кубу 6 ліпеня гішпанскага міністра замежных справаў Мігеля Анхеля Маратынаса. Вызначэньне тэрмінаў вызваленьня вязьняў, а таксама рашэньне выслаць першых пяцёх вызваленых у Гішпанію, здаецца, мелі паказаць Маратынасу, што ягоныя высілкі не былі марныя.

Афіцыйныя кубінскія мэдыі называюць палітычных вязьняў “наймітамі” на службе ў Злучаных Штатаў. Плянаванае вызваленьне скароціць іх колькасьць прыблізна на траціну – за кратамі застанецца каля сотні такіх зьняволеных. Хваля памілаваньня наводзіць на думку, што Рауль Кастра, магчыма, вырашыў, што прасьцей выслаць дысыдэнтаў, чымся трымаць іх за кратамі. Як кажа адзін заходні дыплямат у Гаване, “здаецца, што прэзыдэнт разглядае вязьняў як неспрыяльную спадчыну ад свайго брата”. Вызваленьне палітычных вязьняў палепшыць стасункі Кубы з Эўрапейскім Зьвязам і падтрымае тых у ЗША, хто хоча паслабіць уведзеныя дачынна Кубы абмежаваньні на паездкі і гандаль.

Аднак Фідэль Кастра, які па-ранейшаму кантралюе ўладу на Кубе, можа заблякаваць любую спробу вызваліць астатніх палітвязьняў, нават пры ўмове іх далейшага высланьня з краіны. У 1955-м яго як маладога рэвалюцыянэра вызваліў з турмы, паддаючыся на міжнародны ціск, дыктатар Фульхенсіё Батыста. Фідэль Кастра ведае лепш за іншых, што здарылася пасьля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG