Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашпартоў без нумароў ня будзе


Пяць праваслаўных скаржніц выходзяць з суду пасьля выраку

Пяць праваслаўных скаржніц выходзяць з суду пасьля выраку

Магілёўскі абласны суд не задаволіў скаргі групы праваслаўных вернікаў, якія хочуць абавязаць міліцыю выдаць ім пашпарты без ідэнтыфікацыйных нумароў. Вернікі кажуць, што пашпарты з такімі нумарамі супярэчаць іхнім рэлігійным перакананьням.

У абласным судзе пяць магілёўскіх верніц абскарджвалі рашэньне Кастрычніцкага раённага суду горада Магілёва. Вернікі даводзілі, што раённы суд не разглядаў іх пазову па сутнасьці, а вырак вынес на падставе інструкцыяў Міністэрства ўнутраных спраў ды падзаконных актаў. Пры гэтым, на іх думку, былі парушаныя 11 артыкулаў Канстытуцыі і чатыры — Грамадзянскага кодэксу.

Ларыса Панасюк
"Вось гэтыя суды паказваюць, што ў нас чалавек бяспраўны. Супраць Канстытуцыі ці можна ісьці? Не! А ў нас столькі артыкулаў парушаюцца. Мы законапаслухмяныя, аднак мы прасілі аднаго — "Прызнаць незаконным прысваеньне ідэнтыфікацыйнага нумару бяз згоды чалавека. Ідэнтыфікацыйны нумар не ўтрымлівае імя, прозьвішча, а чалавек ідзе да Бога з нумарам, а ў Бога няма такога. Значыць, мы сыходзім куды? Не да Бога ідзём. Гэта страшэнная праблема",-- зазначае адна з скаржніц, Ларыса Панасюк.

Калегія абласнога суду выслухала довады праваслаўных і таксама пастанавіла іхную скаргу не задавальняць. Вырак судзьдзі аргумэнтавалі тым, што згодна з указам прэзыдэнта аб пашпартызацыі ўсе грамадзяне Беларусі павінны мець пашпарты. Беларускае заканадаўства не прадугледжвае выдачы пашпартоў без ідэнтыфікацыйнага нумару, сказана ў прысудзе.

Пяць верніц сталага веку ўспрынялі вырак суду з пакорай, бо іншага, кажуць, і не чакалі. У суд яны прыйшлі з пашпартамі яшчэ савецкага ўзору.

Карэспандэнт: "А як вам жывецца з такім пашпартам? Прыйшлі вы, скажам, па пэнсію?.."

Спадарыня: "Нам пакуль дадому прыносяць паводле сьпісу, а як там далей будзе, мы ня ведаем".

Спадарыня: "У мяне во такі самы пашпарт 1974 году. У ім пячатка стаіць, што я грамадзянка Рэспублікі Беларусь. Калі ж на выбары ісьці, то тады можна любы дакумэнт. Вы ж разумееце".

Спадарыня: "Я, не атрымліваючы дакумэнт з нумарам, не магу цяпер ні тэстамэнт скласьці, ні апякунства аформіць. Нерухомасьць мая над прорвай, бо я не прыняла новага дакумэнту".

Змаганьня за пашпарты без ідэнтыфікацыйнага нумару магілёўскія праваслаўныя вернікі ня спыняць. Яны заяўляюць, што ва Ўкраіне і Расеі праваслаўныя свайго дамагліся. Нязгодным мець пашпарты з нумарам там дастаткова напісаць заяву, і альтэрнатыўны дакумэнт ім выдадуць. Чаму таго ж няма ў Беларусі, зразумець вернікі ня могуць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG