Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэмпіянат сьвету выйграла Каталёнія


Адзіны мяч у фінале забіў Іньеста і прысьвяціў гэты пераможны гол свайму сябру-футбалісту Дані Харке, які трагічна памёр летась ад сардэчнага прыступу.
Адзіны мяч у фінале забіў Іньеста і прысьвяціў гэты пераможны гол свайму сябру-футбалісту Дані Харке, які трагічна памёр летась ад сардэчнага прыступу.
Зборная Гішпаніі выйшла на фінальны паядынак мундыялю, маючы на полі адразу 7 гульцоў «Барсэлёны» – каманды, якую назваць гішпанскай не зусім паварочваецца язык. Каманды, якая здаўна ёсьць сымбалем каталёнскага імкненьня не залежаць ад каралеўскага Мадрыду.

Летась «Барса» стала самым пасьпяховым клюбам у гісторыі футболу, выйграўшы ўсе 6 турніраў, у якіх брала ўдзел. Не сумняюся, што каталёнцы і гэтую перамогу на чэмпіянаце сьвету запішуць на свой, каталёнскі, рахунак. Усе галы зборнай Гішпаніі на гэтым мундыялі забілі гульцы «Барсэлёны» – гэта будзе асноўным аргумэнтам пасьля ўжо згаданай прыналежнасьці бальшыні асноўных гульцоў да лягеру адыёзных каталёнцаў.

У гішпанцаў усё няпроста: гэтая фэдэратыўная краіна мае сьцяг, які фактычна зьяўляецца фашысцкім сьцягам Франка. У гішпанцаў няма словаў гімну: франкісцкі адменены, а новы ўсё ніяк ня могуць прыдумаць. Еднасьць насельнікаў Гішпаніі настолькі эфэмэрная, што часам здаецца больш натуральным шлях Вялікай Брытаніі: кожная з чатырох частак краіны мае сваю асобную футбольную гаспадарку і сваю зборную. Зборныя Каталёніі, Басконіі, Андалусіі, Кастыліі, Галісіі – магчыма, калі-небудзь так і будзе. Утопія?

Я вельмі паважаю барацьбу каталёнцаў за незалежнасьць, я лічу палітычна афарбаваныя матчы «Барсэлёны» ды мадрыдзкага «Рэалу» ледзь ці ня самым відовішчным процістаяньнем у сучасным футболе. Можам сказаць, што гэты Кубак сьвету выйграла Каталёнія. Але брамнік Касыльяс – сымбаль «Рэалу» – у фінале некалькі разоў уратаваў каманду ад сьмяротнага джала галяндзкай атакі. «Сьвяты Касыльяс» – так называюць капітана зборнай на Пірэнэях. Менавіта ён, мадрыдзец, уратаваў барсэлёнскую пыху і даў магчымасьць каталёнцам назваць сябе чэмпіёнамі сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG