Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрмэрам на Берасьцейшчыне не хапае зямлі


У Берасьцейскім раёне ўзьнік канфлікт паміж фэрмэрамі і мясцовымі ўладамі. Гаспадары патрабуюць зямлі для пашырэньня сваіх зямельных надзелаў.

Фэрмэр з Астрамечава Вольга Тарышава з 2004 году зьвяртаецца да мясцовых уладаў з просьбай замяніць яе зямельны ўчастак на такі, які знаходзіўся б недалёка ад яе вёскі. Яна займаецца вырошчваньнем гародніны. Такі від дзейнасьці патрабуе якаснай зямлі. Чыноўнікі абласнога ўзроўню вырашылі выдзеліць ёй зямлю ў суседняй вёсцы, якая знаходзіцца за шэсьць кілямэтраў.

Тарышава: "Я ад прапанаванага адмовілася. Мне ня дваццаць гадоў, каб штодня па некалькі разоў езьдзіць за шэсьць кілямэтраў. Я стамілася на працягу пяці гадоў весьці зь імі змаганьне. Мяркую, што наступным маім крокам стане абвяшчэньне галадоўкі. У мяне няма за што набыць нават хлеб, а яны дзеля прынцыпу не даюць мне ўчастак".

Намесьнік старшыні Лышчынскага сельскага савету Мікалай Міхальчык кажа, што сёньня немагчыма задаволіць патрэбы і жаданьні кожнага, хто зьвяртаецца з просьбай, каб атрымаць зямлю.

Юры Крываносаў увогуле вырашыў адмовіцца ад вядзеньня фэрмэрскай гаспадаркі, паколькі ўлады не даюць прыдатнай зямлі. Фэрмэр кажа, што выдзеленая яму зямля знаходзілася на ўзвышшы. Урабляць яе надзвычай складана. Гаспадар зьвярнуўся ў мясцовую адміністрацыю з просьбай выдзеліць яму некалькі гектараў каля дома. Пакуль зварот застаецца без адказу.

Крываносаў: "Я папрасіў выдзеліць два гектары зямлі, я адмоўлюся ад фэрмэрства, буду працаваць на гэтай зямлі для сябе. Участак належыць сельскаму Савету, а не калгасу. Я ня маю часу катацца туды-сюды. Мне ўжо больш за 50 гадоў. На працу тут нас не бяруць, я маю дзьве вышэйшыя адукацыі, але вось толку ад гэтага… І што нам, сядаць паміраць?"

Галоўны аграном сельскагаспадарчага каапэратыву "Астрамечава" Алег Бурак падчас сустрэчы з фэрмэрамі адзначыў, што шчыльнасьць насельніцтва і колькасьць зямлі не супадаюць. Зямлі проста катастрафічна не хапае. Ён перакананы, што зямля, выдзеленая фэрмэрам, не саступае па якасьці каапэратыўным палеткам:

Канфлікт працягваецца, заявы фэрмэраў цяпер разглядаюць у раённай і абласной адміністрацыях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG