Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Яны проста прычыняюць боль дзецям"



Лінда Ўокэр, дырэктарка дабрачыннай арганізацыі "
Chernobyl Children's Project UK" дванаццаць гадоў арганізуе ў Вялікабрытаніі адпачынак і аздараўленьне для дзяцей з рэгіёнаў, пацярпелых ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Радыё Свабода папрасіла яе пракамэнтаваць нядаўнюю адмову брытанскім Памежным агенцтвам (UK Border Agency) ў шэрагу візаў для чарнобыльскіх дзяцей, пра што напярэдадні напісала брытанская газэта "Independent".

РС
: Ці ў практыцы вашай арганізацыі здараліся выпадкі адмовы ў візах для дзяцей, накіраваных на аздараўленьне ў Вялікабрытанію?

Лінда Ўокер: Нам пакуль што не адмовілі ў прыезьдзе ніводнага дзіцяці. Мы спадзяемся, што ня будуць адмаўляць і далей. Але для шмат якіх дабрачынных арганізацый у Вялікабрытаніі беспадстаўна адмовілі ў праве прыёму дзяцей, некаторых зь Беларусі, але ў пераважнай большасьці выпадкаў — з Украіны.

РС: Калі Памежнае агенцтва Вялікабрытаніі адмаўляе ў выдачы візы нейкаму чарнобыльскаму дзіцяці, дык яно афіцыйна паведамляе, чаму?

Лінда Ўокер: Памежнае агенцтва наогул кажа ў такіх выпадках, што яно не задаволенае ўзроўнем падрыхтоўкі побыту такога дзіцяці ў Вялікабрытаніі. Але яны часам робяць такія высновы, нават не кантактуючы папярэдне зь сем’ямі, якія хочуць прымаць дзяцей у сябе. Усе дабрачынныя арганізацыі ў Вялікабрытаніі вельмі старанна рыхтуюцца да прыёму чарнобыльскіх дзяцей, усе сем’і, якія прымаюць дзяцей, бяруць даведкі аб несудзімасьці ў бюро крымінальнай дакумэнтацыі.

РС: А якія фармальныя патрабаваньні павінны выканаць такія сем’і?

Лінда Ўокер: Асноўным фармальным патрабаваньнем зьяўляецца даведка зь бюро крымінальнай дакумэнтацыі, якая сьцьвярджае, што ў гэтых людзей не было ніякіх праблемаў ні з сацыяльнымі службамі, ні з паліцыяй. Гэта праверка, каб выключыць людзей, якія маглі б нейкім чынам быць небясьпечнымі для дзяцей. Усе сем’і, якія прымаюць дзяцей, праходзяць гэтую праверку.

РС: Якім чынам вы знаходзіце сем’і для прыёму чарнобыльскіх дзяцей?

Лінда Ўокер: Сем’і наогул знаходзяцца самі, пачуўшы пра дзейнасьць мясцовага філіялу дабрачыннай арганізацыі або прачытаўшы ў газэце артыкул пра прыём дзяцей на вакацыі. Яны заяўляюць аб сваёй гатоўнасьці ўзяць удзел у такой акцыі, а тады мясцовыя арганізатары адпачынку для чарнобыльскіх дзяцей наведваюць такіх людзей дома, каб упэўніцца, што ў сям’і ўсё добра. Людзі пішуць заяву, ідуць па даведку зь бюро крымінальнай дакумэнтацыі і становяцца сябрамі мясцовай групы, якая арганізуе вакацыі для дзяцей.

РС: На вашу думку, чаму Памежнае агенцтва, па ўсёй бачнасьці, зрабіла патрабаваньні прыёму чарнобыльскіх дзяцей у Вялікабрытаніі больш жорсткімі?

Лінда Ўокер: Вельмі цяжка сказаць. Магчыма, яны такім чынам стараюцца даказаць, што яны дбаюць пра бясьпеку дзяцей. Магчыма, гэта захады, каб абмежаваць іміграцыю. Але нам здаецца, што такія захады ніяк не павялічваюць бясьпеку дзяцей. Яны проста прычыняюць боль дзецям, якім адмовілі ў візе ў самы апошні момант.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG