Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 ліпеня драматург Том Стопард прадставіць ў Лёндане кіраўнікоў “Свабоднага тэатру” Натальлю Каляду і Мікалая Халезіна, а таксама апазыцыйнага лідэра і прадстаўніка Хартыі-97 Андрэя Саньнікава.

Вэб-сайт Index on Censorship паведамляе, што трупа “Свабоднага тэатру” атрымала шырокае прызнаньне ў Лёндане, “аднак іх барацьба за свабоду і дэмакратыю адбываецца на фоне пагаршэньня сытуацыі ў Беларусі. Аляксандар Лукашэнка ўвёў новыя законы, якія абмяжоўваюць Інтэрнэт і ўводзяць крымінальную адказнасьць для праваабаронцаў і палітычных актывістаў, якія выкарыстоўваюць Інтэрнэт для арганізацыі супраціву рэжыму”.

Вэб-сайт паведамляе, што праваабарончая арганізацыя Index on Censorship распачынае кампанію з мэтай прыцягнуць увагу да стану свабоды слова ў Беларусі.

Мы папрасілі Майкла Гарыса, які ў арганізацыі Index on Censorship адказвае за сувязі з грамадзкасьцю, патлумачыць, чаму для гэтай кампаніі была выбраная Беларусь:

"Беларусь знаходзіцца ў Эўропе, але што тычыцца ўвагі эўрапейскіх СМІ да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, яна значна слабейшая, чым увага СМІ да сытуацыі з правамі чалавека ў Кітаі ці Бірме. Гэта галоўная прычына, чаму мы пачынаем нашу кампанію. Беларусі ў Эўропе адводзіцца менш увагі, чым яна заслугоўвае".

Падчас прэзэнтацыі "Свабоднага тэатру" ў Лёндане будуць зьнімацца кароткія відэа са словамі падтрымкі для людзей у Беларусі. Гэтыя відэаматэрыялы потым арганізатары кампаніі паставяць на сайт арганізацыі. Майкл Гарыс патлумачыў Радыё Свабода:

"Мы будзем здымаць людзей, якія прыйдуць на выступ у Цэнтар свабоднага слова (Free Word Centre). Ідэя ў нас такая, каб запісаць гледачоў, актораў і палітычных актывістаў, якія прыйдуць на гэтую сустрэчу. Арганізатары кампаніі запішуць 60-сэкундныя відэа са словамі ў падтрымку свабоды выказваньня ў Беларусі. Мы хочам стварыць "відэасьцяну", якая засьведчыць аб падтрымцы людзей у Беларусі людзьмі ў Вялікабрытаніі".

Больш пра прэзэнтацыю "Свабоднага тэатру" ў Лёндане чытайце на нашым сайце пазьней.
XS
SM
MD
LG