Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтамабільная ліхаманка скончылася ступарам


На рынку ўжываных аўтамабіляў у Беларусі зафіксаванае падзеньне цэн на 10—15%. Гэта зьвязана з тым, што перад чаканым падвышэньнем мытаў у рамках Мытнага саюзу многія беларускія грамадзяне прыгналі з Эўропы надзвычай шмат машын, якія цяпер стаяць мёртвым грузам.

На пачатку году на рынку назіраўся бум: на тле ажыятажу, зьвязанага з пэрспэктывамі ў Мытным саюзе, цэны на некаторыя мадэлі машын у Беларусі вырасьлі на 30—40%. Цяпер жа кошты рэзка ўпалі -- на дзясятак прапаноў у лепшым выпадку прыходзіцца адзін пакупнік. Прадпрымальнікі, якія спадзяваліся "азалаціцца" на ўніфікацыі мыта ў межах Мытнага саюзу, прайгралі.

Ільля Марозаў, адзін зь менскіх аўтаперагоншчыкаў, задаволены, што не паддаўся агульнаму ажыятажу. Расказвае, што многія зь ягоных сяброў у разьліку на магчымасьць прадаць машыны расейцам па завышаных цэнах, набралі крэдытаў, нават заклалі кватэры, каб прыгнаць як мага болей тэхнікі. Аднак калі стала вядома, што беларускі ўрад дамогся адтэрміноўкі на ўніфікацыю мыта, шмат хто застаўся ля разьбітага карыта:
гэтых аўтамабіляў тэарэтычна хопіць калі не на стагодзьдзі, то на дзесяцігодзьдзі дакладна ...

"На Ждановічах нейкі рух у раёне 5—7 тысяч даляраў яшчэ ёсьць, а Малінаўка стаіць проста колам… Тое, што адбываецца ў Беларусі, увогуле асобная гісторыя. Паглядзіце: аўтамабіляў прыгнана столькі, што іх яшчэ трэба ўмудрыцца зьезьдзіць. Пры цяперашняй колькасьці гэтых аўтамабіляў тэарэтычна хопіць калі не на стагодзьдзі, то на дзесяцігодзьдзі дакладна. І тыя рамантыкі, якія прыгналі аўтамабілі і паставілі сабе ў гарод, каб пасьля 1 ліпеня прадаць расейцам задорага, апынуліся, мякка кажучы, у прастрацыі. Канечне, асобныя сарвігаловы з Расеі будуць спрабаваць набыць аўто па даверанасьці, гэтага можна асьцерагацца, але вылічыць такія машыны няма ніякай цяжкасьці".

У першым квартале 2010 году ў Беларусь на хвалі чаканьня мытных зьменаў было завезена 44,5 тысяч ужываных аўтамабіляў — удвая больш, чым паводле статыстыкі папярэдняга году. Большую частку гналі з разьлікам на тое, каб рэалізаваць іх на расейскім рынку. Па выніках паўгодзьдзя было завезена больш як 60 тысяч транспартных сродкаў.

Аднак у адказ на намаганьні афіцыйнага Менску захаваць "растаможку" на ранейшым узроўні, Фэдэральная мытная служба Расеі выступіла з афіцыйным тлумачэньнем: аўтамабілі, зьнятыя з рэгістрацыйнага ўліку ў Беларусі, пры ўвозе ў Расею падлягаюць афармленьню са сплатай усіх неабходных пошлінаў і збораў. У сваю чаргу, Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі ўдакладніла: Масква зробіць усё, каб ні завезеныя да 1 ліпеня, ні завезеныя пасьля 1 ліпеня аўтамабілі ня сталі "прадметам атрыманьня дадатковага прыбытку".

Тым часам экспэрты прагназуюць яшчэ большае зьніжэньне цэнаў на ўжываныя аўто на ўнутраным рынку. Па-першае, многія гандляры выплачваюць узятыя пад машыны крэдыты, якія давядзецца прадаваць нават сабе на страту. Па-другое, прапановы на рынку істотна перавышаюць попыт, што дазваляе дыктаваць цэнавыя ўмовы не гандлярам, а пакупнікам.

Аналітыкі салідарныя, што пры наяўнасьці вольных сродкаў цяпер самы спрыяльны момант, каб набыць машыну, бо на пачатку наступнага году сытуацыя можа зноў зьмяніцца — да 1 ліпеня 2011 году бакі павінны дамовіцца пра аднолькавыя ўмовы дзейнасьці.

У Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі ніякага спачуваньня да прыватнікаў, якія прагарэлі на жаданьні зарабіць, ня маюць:
Груба кажучы, гэта іхныя праблемы ...

"Пачнём з пытаньня: навошта людзі куплялі па 3—4 аўтамабілі? А набывалі яны іх дзеля таго, каб зарабіць, нажыцца, зыходзячы з інфармацыі, што падымецца мыта на ўвоз. Значыць, яны проста прагадалі. Груба кажучы, гэта іхныя праблемы. Ніхто не прымушаў чалавека завозіць на тэрыторыю Беларусі па 3—4 машыны. Зараз яны, адпаведна, ня могуць іх прадаць, таму што фізычна няма людзей, якія маглі б іх набыць. Машыны былі набытыя з надзеяй прадаць іх грамадзянам Расейскай Фэдэрацыі. Цяпер жа сытуацыя такая: па легкавых аўтамабілях да 1 ліпеня 2011 году стаўкі не зьмяніліся. То бок як было раней, так і засталося. Зьмяніліся стаўкі толькі на мікрааўтобусы і грузавыя мікрааўтобусы: мыта паднялося ў 2—3 разы ў параўнаньні з тым, што было да ўступленьня ў сілу Мытнага кодэксу".

Тым часам да рысы банкруцтва наблізіліся многія беларускія дылеры аўтамабільных вытворцаў. Мытны кодэкс з уніфікацыяй пошлінаў пад Расею пачаў для іх дзейнічаць ад пачатку 2010 году. Як вынік — несуцяшальная статыстыка: з агульнай колькасьці ў 60 тысяч завезеных аўтамашынаў на долю юрыдычных асобаў прыпадае толькі 1 тысяча. А гэта ў 6 разоў меней, чым за першае паўгодзьдзе 2009-га.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG