Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі стварылі абласную арганізацыю руху “За свабоду”


Сёньня ў Гомелі адбыўся абласны сход сяброў руху “За свабоду” з запрашэньнем актывістаў іншых грамадзкіх арганізацый. У сходзе ўзяў удзел лідэр руху Аляксандар Мілінкевіч, які яшчэ ў траўні агучыў сваё рашэньне пра ўдзел у будучых прэзыдэнцкіх выбарах.

Падчас выступу палітык адзначыў, што цяперашняя сыстэма ўлады ня здольная рэфармавацца – “яе трэба дэмантаваць і будаваць новую”.

Паводле Мілінкевіча, цяпер нават чыноўнікі шукаюць зь ім кантактаў, каб задаць пытаньне: “Што будзе з краінай? Што будзе з Лукашэнкам? А што Расея? А які наш лёс?”

Дыялёг, які запрапанавала Эўропа афіцыйнаму Менску, беларускія ўлады ператварылі ў “імітацыю, тэатр”, хаця у грамадзтве ўжо больш за 40 адсоткаў грамадзянаў падтрымліваюць шлях да эўрапейскіх стандартаў, эўрапейскіх каштоўнасьцяў.

Ёсьць, аднак, велізарная пагроза эканамічнай незалежнасьці краіны, пра што павінны памятаць дэмакратычныя палітыкі

Як лічыць лідэр руху “За свабоду”, на гэтыя прэзыдэнцкія выбары ў Лукашэнкі “не засталося шанцаў на канкрэтную падтрымку з боку Расеі” – раней ён акурат і выязджаў на расейскай падтрымцы, вырашаючы розныя сацыяльныя пытаньні ўнутры краіны. Цяпер Расея можа “паставіць на іншага чалавека”

“Калі мы змагаемся з дыктатурай, - сказаў Аляксандар Мілінкевіч, - калі мы супраць гэтага рэжыму й хочам пераменаў, можа, гэта добра, што й Расея хоча замяніць дыктатара, каб тут было больш свабодна? І тут паўстае самае галоўнае пытаньне: “Ці гэтая стратэгія, якая рэалізуецца ўсходнім суседам, ці яна мае тыя ж мэты, што і мы? Тут вялікі пытальнік, таму што для мяне , думаю й для вас, вельмі важна, каб Беларусь была свабоднай, дэмакратычнай, незалежнай краінай. І каб тут захоўваліся правы чалавека, каб мы цясьцей і цясьней пачалі супрацоўнічаць з Эўропай, не пакідаючы добрыя стасункі з Расеяй”.

Аляксандр Мілінкевіч перакананы, што на выбары ня трэба “ісьці статкам”. Уладзе патрэбна выставіць найпершую ўмову: лічыць галасы на выбарах супольна!

Што да адзінага кандыдата, то рух “За свабоду” ня супраць яго. Але не з прынцыпу “хто самы прыгожы”. Галоўнае – якія каштоўнасьці адстойвае кандыдат, ці мае ён стратэгію на перамогу, ці ёсьць у яго людзкія й фінансавыя рэсурсы.

Спадар Мілінкевіч і ягоны намесьнік Віктар Карняенка адказалі на шматлікія пытаньні прысутных, датычныя прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, кантрактнай сыстэмы, прыватнага бізнэсу, стану беларускай мовы, выбарчай стратэгіі й тактыкі.

Былі раздадзеныя таксама тэзісы да перадвыбарчай праграмы Мілінкевіча “Зробім Беларусь сапраўднай Эўропай”. Яны пачынаюцца словамі: “Беларусы заслужылі права жыць лепей, больш заможна й вольна”.

На сходзе абраны старшыня абласной арганізацыі руху “За свабоду” – гэта вядомы актывіст Пётар Кузьняцоў, які да гэтага часу выконваў функцыі рэгіянальнага каардынатара. Яго намесьнікам стала Галіна Скараход. 7 чалавек абраны сябрамі рады рэгіянальнай структуры.

Цяпер у Гомельскай абласной арганізацыі руху “За свабоду” налічваецца блізу 88 чальцоў.

Сход у двары на вуліцы Палескай, 52


Выступае Аляксандар Мілінкевіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG