Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго цуду: Алесь Костка


Алесь Костка. Фота Арцёма Канцавога.

Алесь Костка. Фота Арцёма Канцавога.

Трыццаць гадоў таму, калі менскія студэнты стварылі на ўнівэрсытэцкім філфаку Беларускую Майстроўню, адносіны выкладчыкаў да гэтага нефармальнага аб’яднаньня былі розныя. Нехта падтрымліваў, нехта перашкаджаў, а большасьць трымалі нэўтралітэт. Пры гэтым выкладчыкі для нас у тыя часы былі, па-сутнасьці, першым ланцугом сыстэмы, зь якім мы непасрэдна сутыкаліся. Мы разумелі, што камусьці зь іх хапае сьмеласьці крытыкаваць сыстэму, хтосьці – яе сьвядомы апалягет, але большасьць імкнецца выглядаць у гэтым сэнсе бесстароньнімі. У агульных рысах гэтымі трыма варыянтамі выбар мадэлі паводзінаў і абмяжоўваўся.




З тых часоў мала што зьмянілася ў гэтых дачыненьнях. Але з тых часоў многія майстроўцы самі сталі выкладчыкамі. Іх усіх аб’ядноўвае тое, што яны адсунулі нязьменны выбар з трох мадэляў на другі плян, а на першы паставілі прыярытэт нацыянальнага і чалавечага ўзгадаваньня. Зразумела, што як выкладчыкі яны ўступаюць у дачыненьні з сыстэмай. Але тут перастае быць найважнейшым тое, якую мадэль яны выбіраюць, бо колішні майстровец, як правіла, – сам сыстэма. Прычым лепш зладжаная за сыстэму дзяржаўную. Да прыкладу, уявіць майстроўца, што кідаецца на ўсе бакі, шукаючы сабе ідэалёгію, немагчыма.

Мастак Алесь Костка па сваіх студэнцкіх сьцежках у ролі выкладчыка праходзіў двойчы.

Костка: “Я выкладаю ў Акадэміі, дзьверы мае за сьпінай, на катэдры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Маё жыцьцё паўтараецца пэрманэнтна. Два заходы ў “парнат”, спачатку ў якасьці вучня, пасьля ў якасьці выкладчыка. Акадэмія – у якасьці студэнта і ў якасьці выкладчыка”.

Дубавец: Для Алеся Косткі прыход у Майстроўню ня стаў адкрыцьцём беларушчыны і беларускай сьведамасьці. У ягоным жыцьці, як і ў жыцьці ўсіх парнатаўцаў, Майстроўня адыграла іншую ролю.

Костка: “Выхаваньне сьвядомасьці ў Майстроўні для нас мала адбывалася, таму што мы былі сьвядомыя. Але там фармавалася надзея на тое, што рэальна могуць адбыцца нейкія перамены, і можна ў гэтых пераменах паўдзельнічаць, да чаго мы ўсе былі і гатовыя.

Я быў такі маленькі, кволы, сьціплы і разумны. Ну і што? Прыйшоў і сьпяваў песьні. У мяне слых ёсьць, голасу няма. Мне было проста ўліцца ў сьпеўкі. Ларыса трэніравала Сімаковіч. Мы сьпявалі песьню “Шчодры вячор”. І яна казала: ну, вось цяпер бярэм нотку “шчо-о-о, шчо-о-о”. А ў нас там Кныш Сяргей быў, Воран мянушка. Яна не вытрымлівае: Воран, што ты сьпяваеш! А ён на яе глядзіць так і кажа: шчо. Ну, і навучыліся сьпяваць. Шчодры вячор, багаты вячор.

Гэта быў 1981 або 1982 год. А... Яшчэ раней я пайшоў у войска, і Гэнік прынес мне ў войска песенькі беларускія. Сказаў: на табе песенькі беларускія, вучы. Я ведаў, нашто. Мы ўсе ведалі, нашто патрэбныя беларускія песенькі.

Наша парнатаўская тусоўка – гэта выпуск 1980 году. Мы ўжо былі даволі сьвядомыя дзеці. Мы ўжо паезьдзілі па Вільнях, мы ўжо прайшлі лікбез па гісторыі Беларусі. Мы ўжо чыталі Ермаловіча і разумелі, што нам трэба ратаваць нашу Беларусь. Таму – нашто – мы не пыталіся. Мы проста йшлі і сьпявалі.

Майстроўскае Гуканне вясны ў парку Купалы ў Менску, 1983 год. Алесь Костка пяты зьлева.

Пасьля 1983 год, Гуканьне вясны ў сквэры Янкі Купалы. У мяне ёсьць фоткі. Шупа Сяржук граў на флейце. У мяне была скрыпка. На скрыпцы я граць ня ўмеў, я проста яе даставаў з футаралу. Каб іграць. Ня ўмеючы. Бо здольнасьці ёсьць, і я мог сыграць на скрыпцы адразу. І вельмі так няладна, але граў...”



КОСТКІ ФЕАФАН, ЛЮДВІГ, ЛЕАНАРД


Дубавец: Алеся Костку як беларуса сфармаваў і выхаваў “парнат”, ролі сваіх бацькоў у гэтай справе Алесь не ўглядае.

Костка: “Гэта былі мігранты першага пакаленьня. Яны адразу хуценька злавілі рускую мову, а беларушчына асацыявалася з калгаснымі, напрыклад, несымпатычнымі суседзямі.

Мамка мая нарадзілася ў вёсцы Грязівец. Там “ряканьне” магілёўскае – дзьвері, ўверьх, Грязівец, вярёўка... Гэта цяпер Чавускі раён. Нарадзілася там, а пасьля іх шуганулі ў Магілёў. Немцы іх выгналі ў Магілёў. І бабка жыла ў Магілёве, вырасьціла пяць дзяцей. Мамка пасьля Магілёўскага культпрасьвету паехала ў Бабруйск. Бацька -- з Кіраўска Бабруйскага раёну. У Кіраўску яны пазнаёміліся ў клюбах, там ажаніліся. Пасьля дзядзька іх перацягнуў у Менск.

Пры гэтым мой дзядзька вельмі сябраваў з паэтам Алесем Ставерам. “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць...”

Гэта была сур’ёзная гісторыя ў Ставера. Яго хлопчыкам вывезьлі, паводле ягоных расповедаў, у школу Абвэра, пасьля яго закінулі сюды як агента, і ён вымушаны быў здацца... Гэта зь легендаў, я ня ведаю дакладнасьцяў гісторыі. Ён здаўся тут і стаў пісаць вершы, і напісаў абсалютна геніяльны радок. І вось гэты Алесь Ставер тусаваўся з маім дзядзькам і многа ўплываў на майго дзядзьку. А дзядзька быў вельмі майстравіты чалавек. Костка Феафан. Яшчэ быў дзядзька Костка Людвіг і Костка Леанард – мой бацька.

Ну, і вось мой дзядзька, які працаваў настаўнікам працы, пазнаёміўся з настаўнікам працы “парната”. Той падказаў, што ёсьць “парнат”. І ўзялі яны хлопца, чацьверты кляс. А я ў плястыліне сядзеў, не вылазіў з плястыліну.

КОШАК НЕ ЗАБІВАЎ


Культуры я не скажу, што не было. Бо, гледзячы фотаздымкі раньняга свайго дзяцінства... Мы былі ўсё ж такі гарадзкія. Мы хадзілі ў стыльных кашульках матросікаў, мы пастаянна фоткаліся, нейкія мішкі там былі, альтанкі... А беларускай культуры як бы не было. Была бабуля, была яе сястра, якія “рекалі” і цягнулі дыфтонгі беларускія. Гэтае пытаньне ўзьнікла пазьней, калі ўжо пачалі вывучаць гісторыю розных народаў – што такое Беларусь? І быў Гэнік Лойка ў пятым клясе ўжо, які... Я, напрыклад, ня мог зразумець беларускага тэксту. Чытаючы кніжку ў пятай клясе, ня памятаю, які там верш быў Купалы, я так прызнаўся: Гэнік, я ні фіга не разумею, што тут напісана. І Генадзь пачынае мне тлумачыць. І да мяне даходзіць.

Пры гэтым у мяне былі паталягічныя няздольнасьці да моваў. Я ня мог вывучыць ніводнай мовы, ні ангельскай, ні рускай, ні беларускай. Нармальна чытаць я стаў у 16-17 гадоў, а дагэтуль я не чытаў нічога. Вельмі разумны хлопчык Костка. Ха-ха-ха. Начытанасьць – гэта яшчэ не паказчык розуму. Розум праяўляўся ў тым, што я імкнуўся самастойна выпрацаваць свае адносіны да любых зьяваў, самастойна іх ацаніць з даступнага мне ракурсу і са свайго набору інфармацыі пра любую зьяву.

Напрыклад, я ня йшоў з пацанамі забіваць кошку ў пэўным характэрным узросьце. Мне хапала розуму і нейкіх унутраных момантаў, каб зразумець акт вандалізму. На ўроках літаратуры, хоць мне там ставілі двойкі, у мяне ледзь не цяклі сьлёзы, калі яна нас ушчувала да культуры, да начытанасьці. Мне хапала розуму вучыць матэматыку. У мяне было толькі дзьве тройкі ў атэстатах, астатнія пяцёркі. Я быў выдатнік, проста была няздольнасьць да моваў”.

“ПАРНАТ”


Дубавец: У самай першай перадачы гэтай сэрыі Гэнік Лойка распавядаў пра тое, як аднойчы цэлы збой парнатаўцаў прыйшоў да філёлягаў. З чаго ўласна і ўзьнікла Майстроўня. Мастакі прынесьлі з сабой ня толькі масавасьць, але й агульны настрой, а можа быць, і гэты самы цуд, пра які мы ўвесь час тут гаворым. Іншымі словамі, можа быць, “парнат” – гэта і быў цуд, які папярэднічаў узьнікненьню Майстроўні?

Генадзь Сакалоў-Кубай. Бюст працы Гэніка Лойкі.
Костка: “І тут вялікі, велізарны паклон ужо нябожчыку Сакалову-Кубаю. Гэта чалавек, які нам правёў поўны курс лікбезу па нацыянальнай культуры. Гэта быў і мудры чалавек. На жаль, такіх малавата.

Тое, што зрабіў Скалоў-Кубай у нашым “парнаце” – ён зачапіў нешта ў сэрцы, нешта ў сэрцы было зачэплена і разбуджана. І болей нават ня ім самім, а тым, пра што ён нам расказваў. Я думаю, што гэта генэтычна закладзена ў розных людзей – любоў да радзімы”.

Дубавец: Выглядае, што Сакалоў-Кубай распавядаў сваім выхаванцам пра вядомыя, калі не банальныя, на сёньняшні розум, рэчы. Але для парнатаўцаў у тыя часы гэта ўсё гучала як парадокс.

Костка: “Мы ведалі, скажам, што да нашай эры была каналізацыя ў Рыме, а тут -- пра нашу беларускую цывілізацыю!..

Адкуль там сьвядомасьць бралася? Ёсьць выдатнае дасьледаваньне, якое правёў мой аднаклясьнік Андрэй Радзівонаў. Парнат – гэта вельмі цікавы праект паводле канцэпцыі, неверагодна цікавы праект. Сабраць з усёй Беларусі таленавітых дзяцей -- і выхоўваць іх зь пятага кляса па адзінаццаты, каб яны атрымаліся мастакамі. Да гэтага праекту нібыта мае дачыненьне адна зь беларускіх парыжанак -- Надзя Лежэ. І вось туды сабраліся абалдзенныя людзі. Усе нашы беларускія мастакі, цэлае пакаленьне вельмі цікавых людзей. І там жа ў “парнаце”, гэта год 1975-76, яны ўжо спрабавалі ўзьняць пытаньне беларускай мовы як мовы навучаньня. Іх там разганялі, рэпрэсавалі, усе пацярпелі за гэта. Сапраўдны ўчынак, варты біблейскага кантэксту. Пацярпелыя за культуру, за мову.

Мы мала гаварылі, многа малявалі, многа ляпілі. Гэта абсалютна іншае псыхалягічнае фармаваньне чалавека. Мастакі мала гавораць, асабліва парнатаўцы, але яны вельмі ўважліва глядзяць. І збор візуальнай інфармацыі нашмат больш эфэктыўны за, скажам, тэкставы аналіз. Адзін раз глянулі -- і ўсё зразумелі. Больш гаварыць ня трэба. Спосаб мысьленьня візуальны.

Выкладалі нам людзі высокага ўзроўню, мастацтвазнаўцы. Зеляной Кірыл Уладзімеравіч. Гэта чалавек, які вырас у Эрмітажы. Мог проста ісьці па вуліцы, яго спыні -- і ён прачытае лекцыю па гісторыі мастацтва...

Музыкі былі. Клясы-двайнікі пастаянна ішлі. Кляс мастацтва і кляс музычны. І мы пастаянна маглі сябе параўнаць. Вось музыканты такія, а мы такія. Пастаянна гукі з суседняга корпуса. Мы сядзім малюем, а там адпрацоўваецца нейкая фраза музычная. І гэтым напоўнена ўсё паветра...

Майстроўцы па дарозе на імпрэзу. Маладэчна, вясна 1984 году.
Я думаю, што мастакі больш праўдзівыя па сваёй сутнасьці. І прыярытэт, напрыклад, палітычнай кан’юнктуры над сваім праўдзівым поглядам на жыцьцё немагчымы. Ня могуць мастакі ўвесь час быць адданымі палітычнай кан’юнктуры. Калі ён размаўляе па-беларуску, ён будзе пры любых рэжымах гэта рабіць. Калі будуць ведаць культуру, яна для іх застанецца культурай. Калі яны ўбачаць культурны момант, ён для іх будзе важнейшы за палітычны момант. І таму мастакі больш трывалыя ў сваёй адданасьці нацыянальнай культуры”.

Дубавец: У чым адрозьненьне цяперашняй палітычнай дзейнасьці ад той, якая была ў 1980-я і прывяла ўрэшце да незалежнасьці краіны? У тым, што тая дзейнасьць была цалкам матываваная культурай. Сапраўды, палітычныя зьмены патрэбныя для разьвіцьця нацыянальнае культуры ў самым шырокім сэнсе слова. Свабода і дэмакратыя – сродкі для гэтага разьвіцьця, для дасягненьня паўнавартасных умоваў існаваньня народа. А сёньняшняя палітычная дзейнасьць культурай не матываваная. Нехта бярэ за мэту піяраньне міжнародных стандартаў як чагосьці абсалютнага, дасканалага і канечнага. Нехта праводзіць палітычную кампанію па-расейску і тлумачыць гэта тым, што “народ не гаворыць па-беларуску”, а насамрэч, па выніку, уліваецца ў працэс русіфікацыі. Бо гэтак разбураецца мяжа паміж сваёй спрадвечнай мэлёдыяй і матывам суседняй краіны. Нехта адкрыта займаецца палітыкай як бізнэсам або самарэклямай.

Найноўшая гісторыя – наша ўласная – дае нам багата матэрыялу і ўрокаў, якія трэба сфармуляваць. Адзін зь іх гучыць так: У Беларусі мае сэнс і шанец на посьпех толькі тая палітычная дзейнасьць, якая матывуецца культурай.

Адкрыцьцё пакоя Язэпа Драздовіча ў рабочым інтэрнаце. Маладэчна, вясна 1984 году. Алесь Костка першы справа.

ДЗЕЦІ ЛЕПШЫЯ ЗА БАЦЬКОЎ


Костка: “Затое моладзь цяперашняя, наша моладзь, яна нашмат болей сьвядомая, чым былі мы. У колькасным і якасным вымярэньні. Для іх няма пытаньня, ці патрэбная беларуская мова, зь якім мы насіліся як зь пісанай торбай. Тут зразумела, што беларуская мова патрэбная, але -- мы на ёй не размаўляем пакуль што, але ўмеем і, калі трэба, размаўляем. І мы хочам размаўляць і, відаць, мы хутка будзем размаўляць. Ну, проста зараз мы не размаўляем...

Яны не прагматыкі, яны проста больш спакойныя. Нам здавалася тады, што ад нас залежныць усё, хто калі ня мы... А тут – жывем сваім жыцьцём, займаемся культурай, паважаем беларускую мову, беларускую культуру. І дастаткова. Я думаю, што яны і будуць разьвіваць культуру і паважаць яе”.

Дубавец: Усё так, але, на маю думку, паміж гэтым жаданьнем гаварыць па-беларуску і рэальным гаварэньнем існуе ня тое, што пустата, а пэўная напружанасьць, якая не стасуецца з вобразам спакойнага жыцьця. Моўнае пытаньне працягвае быць палітызаваным, хоць спакваля гэтая палітызаванасьць і сыходзіць. Калі яна канчаткова пакіне мову ў спакоі, тады, магчыма, тых, хто рэальна гаворыць па-беларуску, стане болей, прынамсі, сярод інтэлігенцыі.

Але сёньня каб загаварыць, усё яшчэ трэба пераадолець бар’ер, і гэта зноў могуць зрабіць адзінкі, чыя сьведамасьць завостраная, а не пакаленьне і ня ўся нацыя разам. Інакш кажучы, калі сёньня ўся моладзь лепш падрыхтаваная да беларушчыны, чым тое было ў майстроўскія часы, дык рэальна дасягнуць беларушчыны могуць па-ранейшаму тыя, хто сам торыць свой шлях, а ня разам з пакаленьнем ці ўсім народам. Вось як апісвае гэтую сытуацыю Арына Вячорка:

Арына Вячорка. Здымак Арцёма Канцавога.
Арына: “Вельмі важна, калі ёсьць пераемнасьць. Таму што тады людзі робяцца больш якаснымі і наша Беларусь больш якасная. Мы не такія якасныя, як нашы дзеці. Мы больш прынцыповыя, самабытныя, чым нашы дзеці. Але яны больш якасныя. І Беларусь зробяць больш якаснай. Чаму я так кажу? Таму што мы зьяўляліся самі па сабе, кожны па-свойму прыходзіў да Беларусі. І гэта было так, што ты паглядзеў у люстэрка і сказаў: я беларус, дык чаму я не размаўляю на сваёй роднай мове? Проста кожны сам сабе задаваў пытаньні. Па-другое, кожны сам ішоў у бібліятэку, шукаў ці сустракаў патрэбных людзей. Кожны рабіў свой шлях”.

Дубавец: Майстроўцы на гэтым сваім шляху мелі яўныя перавагі над тымі, хто бярэцца пераадолець моўны бар’ер сёньня. Бо ў майстроўцаў было адчуваньне місіі, якую яны выконваюць упершыню. Бо ім папярэднічала шматгадовае маўчаньне, назапашваньне нацыянальнае энэргіі, якая іхнымі галасамі вырвалася навонкі. У сёньняшняе моладзі такога запасу няма. Яна, больш спакойная і якасная, прыйдзе да мовы нейкім іншым шляхам. Напрыклад, тады, калі з моўнага пытаньня цалкам зьнікне энэргія барацьбы. Але ці так станецца, невядома. Алена Анісім кажа, што мы можам толькі спадзявацца на гэта.

Алена Анісім. Здымак Арцёма Канцавога.
Алена: “Я не скажу за сваіх хлапцоў, не магу сказаць. Яны вырасьлі абсалютна самастойныя асобы, але пакуль што яны ў пошуку сябе. Для іх вельмі многа спакусаў – гэта раз. Па-другое, паняцьце свабоды – яно настолькі складанае, шматграннае і няпростае, што... за мной яны пакуль што не пайшлі. Дык, разумееш, я й сама ні за кім ня йшла з бацькоў. Я сама пракладала свой шлях. Мне ня тое, што ўплыў, але нейкі штуршок далі мае аднагодкі. Таму, я думаю, моладзі вельмі важна, каб быў прыклад сваіх, людзей свайго пакаленьня, свайго ўзросту. І калі яны яднаюцца на нейкай такой хвалі – узрост і плюс яшчэ штосьці, што іх лучыць, тады гэта дае такі плён, як наша Майстроўня”.

Дубавец: У такой сытуацыі вырашальную ролю адыгрываюць зьнешнія абставіны, агульны грамадзкі клімат і адносіны сыстэмы да праяваў беларушчыны. Бо прынцып свабоднага выбару можа прыводзіць і да страты культурнае пераемнасьці паміж пакаленьнямі бацькоў і дзяцей – таго, пра што шкадуе Аліна Садоўская:

Аліна Барысевіч (Садоўская). Здымак Арцёма Канцавога.
Аліна: “Пяю сама сабе. Маіх дзяцей, на жаль, гэта не цікавіць. Гэта ня іх культура”.

Дубавец: Каб параўнаць сытуацыі трыццацігадовае даўнасьці і сёньняшнюю, варта згадаць першы ў найноўшай гісторыі Беларусі пікет пратэсту, зладжаны майстроўцамі ў 1984 годзе.

ПІКЕТ


Костка: “Прыйшлі на сьпеўкі, а аказалася, што зносіцца першы беларускі тэатар. Ну, што? Ну, пайшлі. Была Юля Лыскова. Я памятаю, што мы з Лысковай пабеглі дадому, напісалі плякацік “Руйнуецца помнік гісторыі”. Прыйшлі, разгарнулі. Прыйшла міліцыя, пасадзіла ў бобікі, і мы пісалі там тлумачэньні. Паўночкі. Пасьля не было куды ісьці начаваць. І вось тады я пазнаёміўся зь Бембелем Алегам. Ён мяне прыгрэў на ночку тады, накарміў...

Мы не баяліся каталажак. Нас там ня білі. Адносіліся не як да нейкіх там бандзюкоў. Напісалі пратаколы. Доўга выпытвалі розныя пытаньні, КДБ, відаць. Ну, і на Акадэмію накаталі “цялегу”. Мяне адразу “адмазалі” мае выкладчыкі. І ніякіх праблем не было. “Адмазалі” лёгка. Яны прыйшлі... вось ён стаяў у пікеце, зладзілі там дэманстрацыю. А за што дэманстрацыя, спыталі? А вось бурылі стары будынак. Ну, дык правільна зрабіў. І ўсё. Гэта Тарас Мікалаевіч Паражняк. Яму зараз восемдзесят зь нечым гадоў”.

Дубавец: Даволі складана параўноўваць майстроўскія часы зь сёньняшнімі паводле свабоды і дэмакратызму. З аднаго боку, тады маглі і “лёгка адмазаць” (хоць мы ведаем, што Ларыса Сімаковіч паплацілася за той пікет вучобай у кансэрваторыі), што сёньня, на думку Алеся Косткі, для студэнта было б немагчыма.

Костка: “У яго нашмат меней шанцаў застацца ў Акадэміі, чым у мяне было. Таму што вельмі жорстка адсочваецца палітычная кан’юнктура. Студэнту нельга ўдзельнічаць у апазыцыі”.

Дубавец: Інакш кажучы, выкладчык Костка сёньня б студэнта Костку не “адмазаў”. Зь іншага боку, у сёньняшняй Беларусі свабоды, нібыта, нашмат болей, чым было тады. Прынамсі, існуюць альтэрнатыўныя мэдыі і апазыцыйныя арганізацыі. Што да прынцыпаў дзейнасьці выкладчыка, дык яны ва ўяўленьні Алеся Косткі не зьмяніліся з парнатаўскіх і студэнцкіх часоў.

Костка: “Са студэнтамі мы сьпяваем песьні. Мой курс ведае песьні. Мы іх возім, напрыклад, ва Ўкраіну. Прыезд ва Ўкраіну нашмат лепей выхоўвае нацыянальную сьвядомасьць, чым, скажам, любыя захады гадамі на лекцыях. Адзін прыезд. Яны адразу пачынаюць гаварыць па-беларуску ўсе. Пасьля на вогнішчы прыяжджаюць якія-небудзь тынэйджэры з Палтавы і замест таго, каб лаяцца матам, сьпяваюць украінскія песьні. Пасьля прымушаюць усіх астатніх сьпяваць свае песьні...

Безумоўна, выкладаньне я вяду па-беларуску.

Майстроўня ладзіць Каляды ў беларускай клясе менскай СШ № 108, 29 сьнежня 1983 году. Алесь Костка першы справа.

Канечне перамены адбыліся. Сур’ёзныя перамены. Таму што ў дзевяностыя гады стала проста нецікава займацца палітыкай. 1991-1993. Таму што тады адбыліся, на маю думку, усе палітычна неабходныя зьмены для разьвіцьця нацыянальнай культуры. А з 1997-га ўжо не было як бы і ні сэнсу, ні сіл рабіць нейкія перамены ў нашай краіне. І культура дэградуе. У адваротным накірунку.

Ну, мала інтэлігенцыі, што з гэтым зробіш! Кучка бегала па Менску, бегала. Дзьве тысячы чалавек, я іх усіх ведаю. Яны й зараз зьбіраюцца на 25 сакавіка каля Акадэміі навук. Але там ужо толькі дзьвесьце.

МЭДАЛІ І ПТУШКІ


Майстроўня – гэта асобы ў першую чаргу. Да зьяўленьня там Івашкевіча яна была такой фальклёрнай тусоўкай. Дзе Вінцук добра ведаў беларускую мову, дзе Сокалаў пісаў вершы і ўсё было і цікава і весела. Мне было тады, у 1983-м дваццаць адзін год ужо.

Вельмі моцная асоба Вінцука Вячоркі, незразумелы гіпэрмозг. Ягонае веданьне моваў пастаянна ўражвала. Нюансы! Не рабіць памылак! Мяне як мастака гэта напружвае, бо маё жыцьцё – гэта кожны крок памылка. Вінцук – гэта чалавек без памылак. Занадта разумны і маладаступны для ўспрыманьня чалавек. Нехта з расейскіх палітыкаў быў прэм’ерам... такі вось хлопчык у акулярах. Кірыенка. Гэта тая самая праблема, чыста псыхалягічны момант”.

Абрэвіятура BSDM на зваротным баку майстроўскага мэдаля – Беларуская Сьпеўна-Драматычная Майстроўня.
Дубавец: Парнатаўцы ды іншыя мастакі ў Майстроўні, натуральна, бралі на сябе аздабленьне масавых сьвятаў – пісалі афішы, рабілі з гліны мэдалі, птушак і мноства розных іншых дробязяў. А паколькі вобраз, як кажуць, з дробязяў і ствараецца, дык ніводную майстроўскую імпрэзу ўявіць бяз гэтага немагчыма, яна страчвае сваю завершанасьць. Праўда, самі мастакі глядзяць на тую сваю працу найчасьцей альтруістычна. Алесь Костка вылучае ў Майстроўні хутчэй яе палітычны складнік.

Костка: “Мне падабаецца, што Майстроўня вылілася ўсё ж такі ў палітычны рух. Зьява была, мне здаецца цудоўная.

Гэта была вельмі яркая і вельмі прыгожая кампазыцыя. Увесь гэты калектыў. І тое, што яны зрабілі. І як гэта перарасло ў Талаку і ў іншыя аб’яднаньні...”

Падчас талакоўскага воднага ралі “Дзьвіна-Даўгава”, 1987 год.
XS
SM
MD
LG