Лінкі ўнівэрсальнага доступу


— Мама, трэба падпісаць адну паперу, што ты ня супраць, каб я ўступіла ў акцябраты.
— Зь якой радасьці? Я супраць! Навошта гэта табе?
— Ну, нам настаўніца сказала, што калі хто ня ўступіць, у школу можа не прыходзіць.

З размоваў на вуліцы

Эвангельскі афарызм пра вусны дзіцяняці, якія нібыта заўжды гавораць праўду, трэба ў кожным выпадку ўдакладняць: зь якой галіны праўда, якога ўзросту дзіцяня… На жаль, вельмі цяжка правесьці сапраўднае статыстычнае дасьледаваньне меркаваньняў школьнікаў пра сучаснае грамадзкае жыцьцё. Ва Ўкраіне, штопраўды, калісьці праводзілі… і жахаліся: змрочны быў погляд малодшага пакаленьня, крытычны й уважлівы.

На нашай глебе гэтага нельга дазваляць — крый божа, таксама напішуць, што думаюць. Гэта ж будзе горш за збор адбіткаў пальцаў: адбіткі думак. Зрэшты, каб скласьці нейкае ўяўленьне, дастаткова прыслухацца да сваіх, суседзкіх ды выпадкова спатканых нашчадкаў. Бацькоўскі досьвед падказвае, што ўважлівага слухача чакаюць найцікавейшыя неспадзяванкі.

«Ненавіджу Лукашэнку!» — раптам голасна заяўляе шкет, чым прымушае бацьку трохі спалохана азірнуцца па бакох, ды ўдакладняе: «Чаго ён сьвяточны дзень ляпнуў на панядзелак, а ў суботу — вучыцца? Я б лепей у суботу адпачыў». І адчувае сабе гэты маленькі гаспадар свайго вольнага часу абураным, нібы нейкі бамбіза ў яго пясочніцу ўлез. Можа, гэтак і трэба.

Школу часьцяком лічаць чорнай скрыняй, куды дзіцячыя душы трапляюць наўпрост з бацькоўскіх рук, а там ужо нябачныя шасьцярні вырабляюць зь іх патрыётаў кармавога гатунку. Быццам нават калі ты апазыцыянэр ці будыст, адпаведнае школьнае выхаваньне зробіць з твайго нашчадка праваслаўнага «забеларуса». І нічога ня зробіш — трэба «нешта ў кансэрваторыі паправіць», як гаварыў Жванецкі. Так, першаклясьнік заяўляе свайму бацьку — сьвядомаму супраціўніку існай улады: «А я лічу, што дзяржаўны сьцяг не такі ўжо кепскі, і гімн мне падабаецца». На пытаньне, ці памятае ён яшчэ які-небудзь герб, патрыёт-навак саромеецца й ня ведае, што адказваць…

Насамрэч зь дзецьмі робіцца нешта складанае й цікавае. Першыя часы ў першым клясе яны пазнаюць мноства вялікіх рэчаў зь вялікімі літарамі: Радзіма, Прэзыдэнт, Перамога і г.д. Радзіма мацнейшая за сям’ю, Прэзыдэнт, які «дорыць» адзін з найпершых дапаможнікаў — за бацьку. З дапамогаю гэтых важкіх прыладаў шкаляняты змагаюцца з бацькоўскай уладаю. Калі маці памыляецца ў справах дзяржаўных, тады няхай марозіва купляе ды не спрачаецца са знаўцам. Але чым складаней вучыцца, чым стражэйшаю становіцца настаўніца, тым большы сумнеў, што тут — у гэтым сумным месьце — жыве добрая ісьціна. Хатняя падаецца лепшаю.

Школа неўпрыкмет, мімаволі гадуе павагу да сям’і як да чагосьці ўстойлівага. Сама ж яна выклікае першыя пробліскі цынізму. Імаверна, грунтоўная палітызацыя сьвядомасьці школьніка сапраўды пачынаецца з добраахвотна-прымусовага ўступу ў «акцябраты». У часы сьпелага СССР ніякіх ваганьняў — сумневу — выбару пры гэтай ініцыяцыі ні ў кога не было, бо і згоды ніхто не пытаўся.

У цяперашнія часы, калі нацыя ўжо прайшла праз досьвед выбару й дагэтуль плавае ў акіяне адносна вольнай інфармацыі, паўстае пытаньне, як схіліць маленькага грамадзяніна да акту фармальнай ляяльнасьці. І вось упершыню школьнік адчувае сапраўдны націск з боку дзяржавы (якую дагэтуль бачыў зводдаль хіба што ў выглядзе міліцыянта). Вялікая, нябачная, яна пужае нават настаўнікаў, якія пачынаюць ціснуць на малых. Вынік таго, што ў першым клясе дзяржава з сваім кіраўніком былі галоўнымі аўтарытэтамі: у наступныя гады яны ж і першыя віноўнікі ўсялякай незразумелай недарэчнасьці. «Зажэрся прэзыдэнт», — скардзіцца ласуха на нясмачную ежу ў школьнай страўні. Няпраўда, канечне. А дапаможнік-«падарунак« — праўда?

Лета і палітыка, здаецца, цяжка сумяшчальныя — амаль як геній і злачынства. Але нават зараз, калі цьвельны ўплыў школы мінімізаваны, малыя калі-нікалі знаходзяць выпадак паразважаць пра рэчы касьмічнага й палітычнага ўзроўню. Іх уражвае ўсё велічэзнае. «Хто жыве ў гэтым замку? Граф?» — наіўна зьдзіўляліся хлопчыкі дзесяць гадоў назад, калі на беразе вадасховішча пачала ўзьнікаць першая шыкоўная забудова. А зараз малыя пайшлі дасьведчаныя, бязьлітаснымі кінафільмамі адукаваныя; самі спрабуюць даўмецца: «На маю думку, на хабар уладам тут аддалі больш грошай, чым каштавала зямля» — «Не-е-е! Дакладна столькі ж!»

XS
SM
MD
LG