Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Незалежная калісьці расейская тэлекампанія паказала днямі сэнсацыйны опус зь няхітрай назвай “Хросны бацька”. Падалося спачатку, што паказалі неяк занадта груба.

Уся гісторыя з канфіскацыяй касэт і дэпартацыяй расейскіх журналістаў (гадавой даўніны, калі над беларускім кіраўніцтвам ужо вісела дубіна “малочнай вайны”), нахабныя заявы пра тое, што ёсьць у іх людзі, якія могуць і з сэйфаў беларускага КДБ што трэба дастаць – усё гэта неяк надта вальяжна прылегла на такі ж парнаграфічна-агідны шпіёнскі скандал паміж Расеяй і ЗША. Праўда, тут у ролі Анны Чэпмэн выступілі СМІ, але што ў гэтым новага?

Загуляўшыся ў шпіёнаў, замоўцы і стваральнікі фільму неяк не заўважылі, што цэлую эфірную паўгадзіну цьвёрдым мужчынскім голасам настойліва пераконвалі свой электарат у тым, што абраная ім улада гадамі траціла мільярды долараў на падтрымку таталітарнага рэжыму, які толькі і можа, што красьці, гвалціць, выкрадаць і забіваць.

Навіна пра кіно выклікала надзвычайную актыўнасьць камэнтатараў на форумах. Ляйтматывам расчараваньня гучала злоснае “нічога новага”, нібы мы чакалі яшчэ нейкіх злачынстваў, пра якія можа ведаць усёмагутны ФСБ. І я таксама пачувалася “двоечніцай”, якую раз за разам прымушаюць вучыць той самы ўрок, запальваць сьвечкі, помніць 16-га, глядзець “Звычайны прэзыдэнт” і “Плошчу Каліноўскага”, але памылка ўсё ніяк не знаходзіцца, і даводзіцца паўтараць, паўтараць, паўтараць...

Аднак менавіта тады, калі ўсё гэта стала ўжо амаль цялесным рэфлексам, выявілася сьляпая пляма.

Гэты фільм – пра тых, каго няма ў сьвядомасьці масаў як жывых людзей. Коля Лукашэнка побач са сваім татам выглядае гэтаксама балюча разгублена, як і малы сын Зьмітра Завадзкага побач са сваёй мамай. Хто наважыцца спытаць у гэтага маленькага хлопчыка ў вайсковай уніформе: “А дзе твая мама?”

Зразумела, што пасыл гэтага фільму быў розны для расейскага і беларускага гледача. Няясна нават, ці мелася на ўвазе аўдыторыя ўвогуле. Такога кшталту падзеі маюць на мэце высьветліць стасункі паміж канкрэтнымі асобамі ці палітычнымі і геапалітычнымі суб’ектамі, што ў выпадку Расеі і Беларусі адно і тое ж. Пытаньне толькі ў тым, хто першы агучыць прапанову, ад якой немагчыма адмовіцца.

Аднак што прымушае нас раз за разам глядзець, як здаровы амапавец страшным ударам зьбівае крохкую жанчыну на вачах у яе сына?

Выяўляючы жахі рэжыму, ці не занадта ахвотна прыносім мы яму ў ахвяру жонак, дзяцей, нашых слабых і бездапаможных?

У які момант гэта перастала нас зьдзіўляць?

Аляксандра Дынько – заснавальніца брэнду BYBOOKS, выдаўніца, сацыёляг.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG