Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўпершыню з візытам пабываў эўракамісар у справе пашырэньня Эўразьвязу і палітыкі добрасуседзтва Штэфан Фюле. Пасьля сваіх перамоваў у Менску ён заявіў, што Беларусь і Эўразьвяз пачалі абмяркоўваць плян супольных дзеяньняў. Паводле спадара Фюле, Эўразьвяз настойвае, каб прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі з поўным захаваньнем дэмакратычных стандартаў. Учора спадар Фюле меў сустрэчы з прадстаўнікамі апазыцыі і няўрадавых арганізацыяў Беларусі.

Дачыненьні Менску і Брусэлю сёньня былі ў цэнтры перамоваў спадара Фюле з Аляксандрам Лукашэнкам, Андрэем Кабяковым і Сяргеем Мартынавым. Падчас трох гэтых размоваў бакі абмяркоўвалі падыходы да пляну супольных дзеяньняў. Эўракамісар з гэтай нагоды адзначыў:

«Гэты плян, які ахоплівае шмат якія сфэры, не зьяўляецца юрыдычна абавязковым. Гэта хутчэй палітычны дакумэнт, свайго роду „дарожная мапа“ рэформаў, скіраваных і на Эўразьвяз, і на Беларусь, каб яны маглі праходзіць гэты шлях разам».

Міністар дапоўніў камісара:

«У парадку ўдакладненьня, каб было выразнае ўяўленьне: тэкст — а дакладней, праект тэксту — не абмяркоўваўся. Ён да гэтага часу знаходзіцца ў Эўрапейскай камісіі, дзе над ім працуюць. А мы сёньня абмяркоўвалі агульныя падыходы да магчымасьцяў працы над важным дакумэнтам такога кшталту».

Штэфан Фюле і Сяргей Мартынаў

Эўракамісар Фюле адказваў журналістам на ангельскай мове. А ўступнае слова прамаўляў па-ра|сейску. Магчыма, дзеля таго, каб усе зразумелі, з чым канкрэтна ён прыехаў у Менск. Эўракамісар назваў гэта «ключавымі тэзамі»:

«Мая першая тэза палягае ў тым, што я веру: мы можам пашырыць і паглыбіць нашы дачыненьні параўнальна зь цяперашнім роўнем. Мая другая тэза — наша супрацоўніцтва павінна грунтавацца на цьвёрдай перакананасьці ў тым, што Эўразьвяз і Беларусь могуць кіравацца агульнымі фундамэнтальнымі каштоўнасьцямі правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права. Трэцяя тэза — на грунце гэтых каштоўнасьцяў мы гатовыя падтрымаць пляны Беларусі па падвышэньні эфэктыўнасьці кіраваньня, мадэрнізацыі эканомікі і дывэрсыфікацыі рынкаў і садзейнічаньні паездкам беларускіх грамадзян у Эўразьвяз. І чацьвёртая — мы запрашаем Беларусь да рэформаў, якія б дазволілі Беларусі стаць паўнавартасным удзельнікам „Усходняга партнэрства“, уключаючы і двухбаковы ровень. Карысьць ад гэтага магла б быць велізарная».

Пазьней, ужо на асобнай прэсавай канфэрэнцыі, эўракамісар адзначыў, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны прайсьці з поўным захаваньнем дэмакратычных стандартаў. Ад гэтага будзе шмат што залежаць у дачыненьнях паміж Брусэлем і Менскам, падкрэсьліў Штэфан Фюле.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG