Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славянскі базар: Каму песьні, каму — турма


Віталь і Сяргей Каваленкі.

Віталь і Сяргей Каваленкі.

Напярэдадні адкрыцьця «Славянскага базару» віцебскага актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленку затрымала міліцыя, а ягонага брата Віталя асудзілі на 5 сутак арышту. Сёньня ў Віцебск на ўрачыстасьць прыбывае Аляксандар Лукашэнка.

Віталь Каваленка ўпэўнены, што і яго самога, і старэйшага брата Сяргея міліцыя знарок вырашыла ізаляваць на час фэстывалю, «застрахаваўшыся» ад непажаданых апазыцыйных акцый.

Абвінавачаньне у хуліганстве — брыдкаслоўе ў грамадзкім месцы — Віталь спрабаваў аспрэчыць у Чыгуначным райсудзе. Але безвынікова: суд стаў на бок міліцыянтаў, якія сьведчылі, што хлопец нібыта лаяўся. Іншых сьведкаў у судзе не было, хаця затрыманьне адбывалася ў людным месцы: заўважыўшы, што за ім едзе міліцэйская машына, хлопец знарок спыніўся на аўтобусным прыпынку, дзе было шмат людзей.

«Убачыў машыну з АМАПаўцамі — ну, думаю, гэта па маю душу. Перайшоў на прыпынак, дзе было шмат людзей. Да мяне падышлі і кажуць: «Тут злачынства здарылася, вы падобны па апісаньні да злачынцы. Трэба праехаць у пастарунак». І ўжо ў машыне сьмяюцца і кажуць: «Ну навошта ж вы, Віталь Аляксандравіч, лаяліся матам», — так пра акалічнасьці затрыманьня распавёў у судзе Віталь Каваленка.

Наступныя 5 сутак ён мусіць правесьці ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Там жа знаходзіцца ягоны брат Сяргей. Учора яго затрымалі каля ўласнага дома нібыта за парушэньне рэжыму адбываньня ўмоўнага пакараньня, да якога ён быў прысуджаны за тое, што 7 студзеня ён вывесіў нацыянальны сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы. Міліцыянты склалі пратакол пра тое, што ён вярнуўся дахаты пазьней за 21-ю гадзіну, што лічыцца парушэньнем рэжыму. Лідзія Каваленка кажа, што міліцыянты сачылі, калі Сяргей вернецца, і проста не ўпусьцілі яго ў пад’езд, пакуль кантрольны час ня выйшаў:
WМіліцыянт загарадзіў дарогу і ня даў зайсьці ў пад’езд. Пратрымаў 10 хвілін, а потым склаў пратакол пра спазьненьне.


«Міліцыянт загарадзіў дарогу і ня даў зайсьці ў пад’езд. Пратрымаў 10 хвілін, а потым склаў пратакол пра спазьненьне. Ён яшчэ да таго хадзіў па пад’езьдзе, распытваў суседзяў, напісаў акт, узяў у іх подпісы. А потым пайшоў да пад’езду чакаць. Бо ведаў, што Сяргей мусіць да 9-й вярнуцца».

Лідзія Каваленка непакоіцца, што зафіксаванае парушэньне рэжыму можа пацягнуць за сабой зьмену пакараньня для Сяргея Каваленкі: замест умоўнага яму могуць прысудзіць «хімію» ці нават турэмнае зьняволеньне.

Міліцыянты сёньня найбольш пільна патрулююць Віцебск, бо ўвечары на адкрыцьцё «Славянскага базару» чакаюць Аляксандра Лукашэнку.

Удзень адчыніўся кірмаш мастацкіх вырабаў «Горад майстроў», і на ўваходзе зьявіліся першыя кантрольна-прапускныя пункты. Усіх наведнікаў у літаральным сэнсе абмацваюць і правяраюць, што ў сумках.

Нягледзячы на тое, што афіцыйнага адкрыцьця фэстывалю яшчэ не было, ужо з 7 ліпеня пачаліся канцэрты. Яны будуць праходзіць ня толькі ў Летнім амфітэатры, але ўпершыню — на пераробленай паводле загаду старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца плошчы Перамогі. Там ужо ўсталявалі гукаўзмацняльную апаратуру і рыхтуюцца да канцэрту расейскага ўдзельніка Эўрабачаньня Дзімы Білана. Білеты на канцэрт каштуюць па 15 тысяч, і іх ужо пачалі прымусова рэалізоўваць на прадпрыемствах: арганізатары турбуюцца, што выступ на паўпустой плошчы не акупіць укладзеных сродкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG