Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У верасьні ў Пхэньяне мае адбыцца зьезд Працоўнай партыі Карэі (ППК). Папярэдні зьезд вядучай сілы паўночнакарэйскага народу прайшоў у 1980 годзе і даў цяперашняму лідэру краіны Кім Чэн Іру паўнамоцтвы, якія зрабілі яго палітычным наступнікам свайго бацькі Кім Ір Сэна (1912-1994), заснавальніка Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі (КНДР) у 1948 годзе. Чакаецца, што сёлетні зьезд ППК наступным палітычным лідэрам КНДР зацьвердзіць Кім Чон Ына, аднаго з сыноў Кім Чэн Іра.

"Малады Генэрал"


Паводле аналізу сытуацыі ў Паўночнай Карэі, зьмешчанага ў выданьні Financial Times ад 6 ліпеня, здароўе Кім Чэн Іра, які нібыта шмат курыць і спажывае шмат алькаголю, вельмі падупала, асабліва пасьля меркаванага інфаркту ў 2008 годзе. Таму 69-гадовы "Дарагі правадыр" і "Вечны прэзыдэнт" — пад гэтымі тытуламі Кім Чэн Ір вядомы свайму народу — вырашыў прызначыць наступніка.

Як мяркуецца, у Кім Чэн Іра — тры сыны: Кім Чон Нам, Кім Чон Чхоль і Кім Чон Ын (паводле іншага правапісу: Кім Чон Ун). Экспэрты лічаць, што якраз Кім Чон Ына, вядомага ў афіцыйнай прапагандзе пад мянушкай "Малады Генэрал", бацька выбраў як дынастычнага наступніка для кіраваньня краінай.

Паколькі Паўночная Карэя зьяўляецца найбольш ізаляванай дзяржавай на зямным шары, інфармацыя пра тое, што там насамрэч адбываецца, вельмі скупая і не заўсёды надзейная. Але экспэрты мяркуюць, што зьнікненьне прозьвішчаў шэрагу важных афіцыйных асобаў з афіцыйна распаўсюджваных паведамленьняў аб публічным жыцьці ў КНДР сьведчыць пра чысткі, якія праводзіць Малады Генэрал у верхніх эшалёнах перад меркаваным перайманьнем улады. У гэтым, як лічаць некаторыя экспэрты, яму дапамагае швагер Кім Чэн Іра, 64-гадовы Чан Сон Тхэк.

Ніхто з экспэртаў, дарэчы, ня ведае, колькі Маладому Генэралу гадоў. Лічыцца, што яму яшчэ няма трыццаці.

Курс на канфрантацыю з поўднем


Апошнім часам адносіны паміж Пхэньянам і Сэулам, якія былі крыху наладзіліся пасьля сьмерці Кім Ір Сэна ў 1994 годзе, зноў вярнуліся да ўзроўню ваеннай рыторыкі часу "халоднай вайны".

У сакавіку паўночнакарэйская падводная лодка затапіла паўднёвакарэйскі карвэт разам з 46 матросамі. Паўднёвая Карэя заявіла аб узнаўленьні радыёперадачаў на Паўночную Карэю праз гукаўзмацняльнікі ўздоўж мяжы. Пхэньян папярэдзіў, што адкрые агонь па такіх гукаўзмацняльніках, калі яны будуць пастаўленыя.

Існуе як мінімум два экспэртныя высьвятленьні, чаму адбылося гэтае пагаршэньне стасункаў. Абодва тлумачэньні не варожаць нічога добрага для стабільнасьці ў рэгіёне.

Паводле першага, Кім Чэн Ір траціць кантроль над справамі ў краіне і, як мяркуецца, адначасова траціць розум. Некаторыя паўночнакарэйскія камандзіры ня слухаюцца Дарагога лідэра і хочуць справакаваць ваенны крызіс на паўвостраве. Зьнікненьне некаторых афіцыйных асобаў з публічнагага жыцьця — гэта сьведчаньне таго, што Кім Чэн Ір стараецца навесьці парадак і зацьвердзіць сына наступнікам.

Паводле другога погляду, Кім Чэн Ір мае поўны кантроль над уладай у краіне, а рост напружаньня ў адносінах з Паўднёвай Карэяй тлумачыцца спробай рэжыму адцягнуць увагу грамадзянаў ад цяжкай эканамічнай сытуацыі.

Гэтая сытуацыя пагоршала пасьля прыпыненьня эканамічнай дапамогі з Паўднёвай Карэі ў 2008 годзе і ўвядзеньні санкцый ААН у 2009 годзе з прычыны ядзерных выпрабаваньняў і запускаў балістычных ракетаў у Паўночнай Карэі. Аб’яднаныя Нацыі наклалі эмбарга на гандаль зброяй Пхэньянам і ўвялі жорсткі кантроль за такімі зьдзелкамі, якія давалі краіне вельмі істотны прыток наяўных грошай.

Ці хутка Паўночная Карэя разваліцца?


Паводле Financial Times, паўночнакарэйскі рэжым мог бы абрынуцца хоць і заўтра, але гэта не азначала б аўтаматычнага ўзьяднаньня абедзьвюх частак падзеленага народу ў адзін дзяржаўны арганізм. Парадаксальна, ніхто ў такім хуткім узьяднаньні насамрэч не зацікаўлены.

Кітай як адзіная дзяржава сьвету, якая дапамагае рэжыму Кім Чэн Іра, баіцца, што ягонае падзеньне магло б выклікаць непажаданы прыток карэйскіх бежанцаў і бунт у карэйскай арміі, у якой служыць каля мільёна чалавек. Прытым, Пэкіну была б не да носу 75-мільённая карэйская дзяржава пад бокам, якая, чаго добрага, стала б распаўсюджваць разбуральныя ідэі далейшага ўзьяднаньня сярод карэйскай меншасьці ў Кітаі (у якім пражывае каля 2 мільёнаў карэйцаў).

З увагі на эканамічную канкурэнцыю, аб’яднаньне абедзьвюх Карэяў не зьяўляецца прывабным і для Японіі.

Дый у самой Паўднёвай Карэі пераважае думка, што аб’яднаньне адразу пасьля падзеньня паўночнакарэйскага рэжыму не зьяўляецца найлепшым выйсьцем. У Сэуле штораз часьцей чуваць погляд, што Паўночная Карэя, калі ўжо пазбудзецца дынастыі, заснаванай Кім Ір Сэнам, павінна на працягу некалькіх пакаленьняў захаваць нейкі аўтаномны статус. У такое напаўаўтаномнае дзяржаўнае ўтварэньне паўднёвыя карэйцы мелі б цягам некалькіх пакаленьняў інвэставаць свае грошы, каб і эканамічна, і псыхалягічна падрыхтаваць сваіх братоў з поўначы да паўнапраўнага аб’яднаньня.
XS
SM
MD
LG